Як паверыць у Раство. Дзед Янкель (Ігар Гайкевіч)

Як паверыць у Раство. Дзед Янкель (Ігар Гайкевіч)Пра свае адносіны да нашай міфалогіі казаў не аднойчы, як і да таго, якія выробкі вырабляюць часам аўтары з міфалагічнымі персанажамі і іхняй гісторыяй. Таму не адразу вырашыў напісаць водгук на гэтую кнігу.

Гэта фэнтэзійная казка мае вельмі пакручасты сюжэт, тут дзейнічае мноства герояў, пры ўсім, ці не кожны з іх мае сваю расказаную аўтарам гісторыю, гэткі псіхалагічны фундамент пад свой характар і вобраз жыцця.

Пачнем з плюсаў.

Найпершы і найважкі плюс – аўтэнтычныя дыялекты, гаворкі, песні. Загадкі і прымаўкі. Тут безумоўная заслуга аўтара. Асобна трэба адзначыць апісанне вандроўкі пана ў пекла – гэтакі палескі варыянт часткі Боскай камедыі Дантэ. Аўтар пазначае, што запіс гэты – цалкам дакументальны этнаграфічны дакумент. І каштоўнасць ягоная ўзрастае тут у разы таму, што аўтар жорстка абмежаваў сябе ў літаратурнай апрацоўцы запісу, не стаў тлумачыць незразумелае на свой капыл, пакінуў арыгінал амаль у пачатковым выглядзе. Па праўдзе, чытаць было досыць вусцішна.

Плюс кнігі – малюнкі аўтара. Тут не абышлося без штучнага інтэлекту, але толькі “не абышлося”, бо ўся далейшая апрацоўка малюнкаў, стварэнне вобразаў, прадметаў адзення, быту і прыроды – ручная работа аўтара. Трэба сказаць, нязвычны стыль выканання. Але галоўнае, чаго прытрымліваўся аўтар, – дэталі і колеры ў вобразах.

Вярнуся да сюжэта. Ён вельмі дынамічны, разнапланавы. Сюжэт у сюжэце – гісторыя вайны воўчых зграй, якая закранае галоўных герояў сваім крывавым крылом. Адзначу, даволі жорстка ўсё апісана. Не для маленькіх дзяцей чытанка – столькі крыві і смярцей.

Даволі аб’ёмныя, жывыя атрымаліся героі. Што вясковы хлопец, што чорт, які хоча стаць анёлам, што Смаляны чорт, што Каляда і Смерць…

Агулам – цікае чытво, захапляльнае нават, тым больш настолькі густа ўладаванае мясцовым фальклорам, палескім каларытам.

З мінусаў найбольш вялікі для мяне – фінал. Гэтак ліха быў закручаны сюжэт прыканцы, што чакалася нечага неверагоднага, але цалкам у канструкцыйнай логіцы усёй казкі. І мне падавалася, варыянты былі. Але – аўтар вырашыў зрабіць усё іначай. Як па мне: вельмі… не казачна. З іншага боку, мо некаму спадабаецца менавіта такое заканчэнне.

Суб’ектыўны мінус: што багі, што чэрці у аўтара маюць, як я ўжо казаў, свае гісторыі. Ды раптам выяўляецца, што гэтыя гісторыі маюць… чалавечае паходжанне. Іначай кажучы, некалішнія людзі сталі істотамі іншасвету. Яно з першага погляду і няблага быццам, і было б увогуле добра, калі б тыя гісторыі мелі пад сабой адно беларускую глебу, а тут святы Юр’я з Калядой атрымліваюць… рымскія карані. І ты такі плюсь-плюсь вочкамі: крыўдна ж… Безумоўна, аўтар мае права на такую інтэрпрэтацыю з’яўлення багоў, ды хочацца, каб Беларусь мела сваё без азірання на суседзяў блізкіх і далёкіх.

Дзед Янкель, які насамрэч зусім яшчэ не дзед, а малады аўтар, якому няма яшчэ і трыццаці, Ігар Гайкевіч. Першая ягоная кніга “Дзедавы казкі” выйшла ў 2023 годзе, атрымала нямала добрых водгукаў і водгукаў захапляльных. Але, мусім прызнаць, што былі і даволі крытычныя заўвагі, найперш наконт мастацкасці тэкстаў. Бо якой бы цікавай ні была народная казка ці показка, аўтарская мова – важны складнік. Не магу сказаць, што наш Дзед Янкель на сёння валодае мастацкім словам на самым высокім узроўні. Ды тут важна ўлічыць іншы фактар: ягоную маладосць, сапраўдны запал, апантанасць беларушчынай і канкрэтна сваім Палессем. Ён вядзе свой блог у Інстаграме, дзе мае больш за 40 тысяч падпісчыкаў…

Таму ёсць спадзеў, што цягам часу мы будзем мець добрага аўтара, улюбёнага ў Беларусь.

В. Г.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме