Як коцікі-брацікі малую радзіму шукалі. Людміла Кебіч

Як коцікі-брацікі малую радзіму шукалі. Людміла КебічЁсць нейкая чароўнасць у казках пра жывёл. Яны, з’яўляючыся не самым стылістычна складаным літаратурным жанрам, тым не менш абуджаюць асаблівыя эмоцыі ў тых, хто іх чытае. Тут мастацкая магія непасрэдна ўздзейнічае на чытача, не паглыбляючы яго ў складаныя лабірынты аўтарскай рэфлексіі, але прымушаючы адчуваць усімі фібрамі душы невытлумачальнае чараўніцтва, якое было даступна першабытнаму чалавеку, чыя спалоханая свядомасць трымцела ад дзіўнага боскага адкрыцця. Кніга Людмілы Кебіч «Як коцікі-брацікі малую радзіму шукалі» — цудоўны прыклад сучаснай казкі пра жывёл, казкі, якая сваім добрым настроем прыцягвае да сябе не толькі юнага, але і дастаткова сталага рэцыпіента.

Гэтая гісторыя адметная найперш усведамленнем той дадзенасці, якой некаторыя людзі пакутліва пазбягаюць, топячы ва ўласным успрыманні вобраз дзяцінства. Фон малой радзімы так ці інакш застаецца з чалавекам на працягу ўсяго яго жыццёвага шляху, вызначаючы тым самым ці яго адчужанасць ад мінулага, ці яго марную веру ў будучыню. Сапраўды фантастычны парадокс, які пацвярджае адну простую ісціну: наша агульная радзіма — дзяцінства! Мясціны дзіцячага бяспамяцтва так ці інакш асацыіруюцца ў кожнага з натхненнем юнацтва, з цёплым ветрыкам, які ахутвае прыемнай пяшчотнай заслонай спацелае ад летняй спёкі цела, або з вострым дыханнем снежня, якое рэзка хапае за аголеную руку аднакласніцу, што ўпала ў сумёт і якую вы, нібыта выпадкова, штурхнулі з расчышчанай дворнікам сцяжынкі. Зрэшты, вызначыўшы галоўную тэму казкі, мы можам засяродзіцца на іншых яе асаблівасцях.

Гэтая кніга поўная таямнічага зачаравання, якое звязана не столькі з сузіраннем жывёльнага свету, заўсёды дзіўнага і кранальнага (няхай нават у казачным вымярэнні), колькі з адчуваннем пазнавання свайго невядомага мінулага, якое заўсёды было з вамі, але разуменне якога вы, свядома ці не, адкладвалі на больш познія, лепшыя часы. Самапазнанне заўсёды пагражае феерычнымі адкрыццямі. Так і коцікі-брацікі Цёмка і Дзёмка, вывучаючы такое новае для сябе паняцце, як малая радзіма, адчуваюць асаблівае задавальненне, дакладней, асаблівую радасць, якая прымушае іх зведваць адказнасць за родны двор, за родную вёску.

Тут няма адступлення ад законаў жанру: нягледзячы на прыгоды, што выпалі на долю шматпакутных коцікаў, ім удаецца дзякуючы смеласці і арганізатарскім здольнасцям завяршыць абарону бацькоўскага дома з трыумфам. Але, што яшчэ больш важна, для выратавання свайго ганка ім не прыходзіцца быць празмерна жорсткімі: сабраўшы каманду з хатніх жывёл для абароны малой радзімы, яны дамагліся капітуляцыі ляснога ворага, не выкарыстоўваючы гвалтоўныя метады барацьбы (калі не лічыць адгрызены хвост помслівай прыгажуні-лісы, што здаецца не самай вялікай праблемай). Шчасце перамагло: за адкрыццём свайго месца сілы (якое заўсёды было побач) коцікі-брацікі даведаліся, што значыць быць годнымі ваярамі, здольнымі ўратаваць ад знявагі і разбурэння свой новазнойдзены дом.

Будзем шчырымі, Людміла Кебіч дасягнула адчувальнага поспеху таму, што не пайшла на сумнеўную авантуру, якая прадугледжвае ператварэнне мілай мініяцюры ў шматслоўную сагу, што дыхае празмерным псіхалагізмам або сумным дыдактызмам. Вы спытаеце, чаму мы пра гэта гаворым? Часта займальныя гісторыі не патрабуюць бясплоднай цягі да пісьменніцтва, яны цалкам нядрэнна выглядаюць у арэоле гарманічнай лапідарнасці. Верагодна, ёсць нешта праўдзівае ў чэхаўскім выказванні: «Сцісласць —сястра таленту». Гісторыя, выкладзеная Людмілай Кебіч, бачыцца пазбаўленай значных хібаў, яна няхітрая, але ўсё ж надзвычай чароўная. І, што немалаважна, фактычны поспех гэтай кнігі можа тлумачыцца найперш лаканічнасцю аўтарскага стылю і формы, бездакорнай сцісласцю. Бо «Як коцікі-брацікі малую радзіму шукалі» — гэта найперш казка для дзяцей, якія заўсёды падсвядома адчуваюць, дзе самазадаволеная хлусня, а дзе — няўлоўнае чараўніцтва, да якога так хочацца дакрануцца.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме