Любыя косці. Катрына Зіле (Сюзана Паўкштэла)

Любыя косці. Катрына Зіле (Сюзана Паўкштэла)Спачатку было складана чытаць праз нязвыклы аўтарскі стыль ды дзіўныя вобразы, што, падавалася, нагрувашчваюцца і ствараюць гару хаосу – бо ўсё нелагічнае, неўяўляльнае, невытлумачальнае. Таму ў творы пануе туман (ці прынамсі ў мяне было такое ўражанне).

Але паступова свет расповеду становіцца больш і больш зразумелы, а яго хада выглядае ўсё больш і больш натуральнай (а ў нейкі момант я нават злавіла сябе на думцы, што ведаю, што адбываецца з галоўнай гераіняй, раней, чым яна сама – але калі так і задумана аўтаркай – то я не здзіўлюся).

Калі вы раней абыходзілі гэтую кнігу праз яе супярэчлівае апісанне (я таксама не адразу вырашыла набыць, бо думала, што там будзе нейкае фэнтазі – нічога не маю супраць, проста вельмі не мой жанр) то вось вам знак: там сапраўды ўсё менавіта так, як абяцае анатацыя, але яшчэ лепей і чароўней!

Гукі, пахі, смакі, цеплыня, утульнасць, сцюжа, гарачыня лазні, шмат цялеснасці (тут аўтарка выкарыстоўвае проста топ вобразы!), а таксама чалавечых характараў. Сутыкненне старога і новага светаў, закон супраць чараўніцтва і каханне, мацнейшае за смерць (так сабе выраз – але для гэтай кнігі ён вельмі дарэчны).

І яшчэ – асобны рэспект перакладчыцы, бо, падаецца, там было шмат няпростых задачак.

Марына Весялуха.


Толькі скончыла чытаць «Любыя косці» літоўскай пісьменніцы Катрыны Зіле, і гэта аднай з найлепшых кніг, якія я сёлета прачытала. Я нічога ад яе не чакала – бо нічога не ведала, – і была вельмі ўражаная. У ёй цудоўна ўсё – і ідэя, і сюжэт, і пераклад (вельмі добры пераклад на беларускую Сюзаны Паўкштэлы), і ілюстрацыі. Што было б, калі б вясковая магія, народныя звычкі і фальклор былі наўпрост імпартаваныя ў горад? Выдатная спроба асэнсаваць мінуўшчыну – з любоўю і павагай да вёскі, нават калі ад гэтага, чытаючы, адчуваеш то млоснасць, то вусціш. Гісторыя блізкая беларусам, бо ў беларускім і літоўскім фальклоры і быце вёскі шмат агульнага. З гэтай кнігі і пачынаю свой спіс найлепшага прачытанага ў 2025-м.

Ганна Янкута.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме