Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі. Таня Скарынкіна

Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі. Таня СкарынкінаМаё знаёмства з прозай Тані Скарынкінай пачалося некалькі год таму кнігай “Райцэнтр”. Прачытала яе з прыемнасцю, але не надта ўразілася. Сёлета я кнігу пераслухала, і яна кранула мяне куды мацней. Магчыма, таму, што ладную частку тэкста прачытала сама аўтарка. У Скарынкінай свая адметная інтанацыя, якая дапамагае тэкстам раскрывацца для чытача. Прынамсі для такога чытача, як я 🙂

📙 Таму я вырашыла прачытаць папярэдні зборнік Тані – “Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі”. І з ім у мяне здарыўся match. Тут менш людзей і адчувальна больш літаратуры. Не ў сэнсе, што кніга неяк “літаратурней” напісана ці што гэта больш фікшн, чым аўтафікшн. Не, у ёй проста больш кніг і тэкстаў, якія чытае сама Таня, больш аўтараў і аўтарак. Вось, для прыкладу, некалькі назваў эсэ: “Нявыдуманы Бродскі”, “Хорхе, Леў, Уладзімір” (здагадайцеся, пра каго?), “Пра “Братоў Карамазавых”, “Калі сняцца пісьменнікі”, “Анегін і хірург” ну і вядома ж “Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі”.

🖇️ Усе гэтыя эсэ былі напісаныя ў 2014-2015 гадах для “Будзьмы”. У іх таксама, як у “Райцэнтры”, багата розных персанажаў, і смаргонскіх жыхароў, напэўна, большасць. Але тут яшчэ ёсць вершы Тані і адчувальная прысутнасць Партугаліі і партугальскага досведу жыцця аўтаркі.

❤️ Гэта кніга, якую я хачу праз пэўны час перачытаць. Я ўвогуле хачу яе мець, але тую, што на фота, я ўжо вярнула ў бібліятэку @cytalnia (інфармацыя для тых, хто ў Вільні 🤭).

📌 Замест прадмовы да кнігі тут кароценькі тэкст Валянціна Акудовіча. У ім, сярод іншага, ёсць такія радкі: “… у вас, пра што (ці пра каго) вы б ні казалі, заўсёды гаворка ідзе пра “сябе любімую”. Дакладней, не столькі пра вас, колькі пра свет вачыма вашай душы (прабачце за кляксу з эпохі рамантызму)”. І вось з тым, што ідзе пасля слова “дакладней” я дакладна згодная 😁 Свет вачыма Тані Скарынкінай – гэта як калейдаскоп з дзяцінства. Дзівакавата, ярка, непрадказальна і з лёгкім настальгічна-лавандавым водарам, як з бабулінай шафы.

kniznyja_razmovy

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме