Усмешка Жалобнай Каралевы, або Таямніца Магнітнага замка. Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, або Таямніца Магнітнага замка. Серж МінскевічГэтая кніга неяк дзіўна канула ў лету. Яна выйшла ў 2013 годзе і ні разу пасля не перавыдавалася. У Інтэрнэце пра яе вельмі мала звестак. І ўсё ж мяне не пакідае пачуццё, што ў гэтай аповесці ёсць нешта асаблівае, яна добра запамінаецца, яе хочацца перачытваць і абмяркоўваць. Пару гадоў назад выйшла аўдыёкніга з цудоўнай акторскай гульнёй, за што вялізны дзякуй.

Аб чым кніга? У легендарныя часы, калі яшчэ былі замкі і рыцары, у горадзе Скемень жылі-былі дзяўчына Алеолла і юнак Арцін. Аднойчы злая каралева-чараўніца ператварыла ўсіх жыхароў горада ў цені і забрала ў сваё балотнае каралеўства. Але мудры мастак Дроздзіч расказаў героям, як можна адолець злую каралеву. Арцін і Алеолла адправіліся ў падарожжа ў невядомыя землі – за перамогай і справядлівасцю.

Горад Скемень – гэта анаграма назвы “Менеск” (Мінск). Прататыпам Дроздзіча, канечне, быў беларускі мастак Язэп Драздовіч. Кніга поўная такіх намёкаў-сакрэтаў. Рэкі Прыта і Пройдзень – Прыпяць і Дняпро, Новая Мястэчка – Наваградак, горад Дзівін – гэта Полацк (ад ракі Дзвіны). Героі сутыкнуцца з войскамі “печаных ног” і ярвян – гэта, канечне, печанегі і варагі (вікінгі).

Сусвет даволі самабытны і цікавы. Героі трапляюць у экзатычнае ханства Дарвіт, дзе кіруюць філосафы, і нават дробныя задачы вырашаюцца праз філасофскі дыспут. Пазней Алеолла і Арцін аказваюцца ў замку, які высечаны з магнітнай скалы, і там іх чакаюць прыгоды на мяжы фэнтэзі і навуковай фантастыкі. Напісана і прыдумана з душой. Аўтару было відавочна цікава ствараць такую кнігу – а гэта непазбежна канвертуецца ў цікавае чытанне.

Сярод недахопаў кнігі – тое, што галоўная зладзейка – Жалобная Каралева – выглядае блеклай, проста злобная старая ведзьма, хаця канец у яе не зусім чаканы. Акрамя таго, героі не раз дзейнічаюць абсурдна і нелагічна, і іх не раз выратоўвае толькі шчаслівая выпадковасць. Першай палове кнігі бракуе дынамікі. Хочацца прыгод, але яны пачынаюцца не адразу, даводзіцца прадзірацца праз бюракратыю і садаводства.

І ўсё ж кніга чытаецца з цікавасцю, амаль медытатыўна, асабліва калі злавіць яе “дзэн”. Героі харызматычная і запамінальныя. Той рэдкі выпадак, калі “сіквэл” быў не лішні. Вядома, што сам Серж Мінскевіч пісаў аповесць з вялікай цікаўнасцю, а потым з нецярпеннем чакаў яе выхаду. Невядома, ці планаваў ён працяг. Цяпер спытаць ужо немагчыма.

Вёлунд.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме