Слюнькоў. Дзяніс Марціновіч.

Слюнькоў. Дзяніс Марціновіч.

 

Не сакрэт: як чытачоў захапляе зладзейства, то менавіта кубічнае, як гераізм, дык выключна эпічны. Але такое звычайна бачыцца з дыстанцыі часу. Калі ж персанаж зусім побач, то куды цяжэй вызначыць маштаб асобы, яе ўплыў на гісторыю.

Таму і ўразіла смеласць Дзяніса Марціновіча: назваў сваю кніжку-даследаванне зусім лапідарна – «Слюнькоў». І што, гэтае прозвішча стане магнітам грамадскай увагі?

Амбітна, бо ўва многіх сэнсах прамежкавай, хоць і вельмі значнай Фігурай бальшыні зацікавіцца цяжэй. А як па мне, то вельмі нават варта. Дзеля таго, напрыклад, каб выразней зразумець, чаму і як мы – яго сучаснікі – апынуліся ў нейкай прамежкавай эпосе? У задоўгай нацыянальнай прастрацыі. У сітуацыі дзяржаўнай безвыходнасці.

Палітычная біяграфія тав. Слюнькова М.М. насамрэч выдатная магчымасць пабачыць і вялікія плюсы, і недасканаласць, супярэчлівасці дзяржавы, у якой многія з нас выраслі. А некаторыя і працягваюць жыць…

Насуперак шаблоннаму ўяўленню пра дзяржаўных дзеячаў савецкай эпохі аўтар падае зусім не хадульную канструкцыю выбітнай кар’еры. Яго Слюнькоў – далёка не прымітыўная натура, абсалютна не ўлюбёнец лёсу.

Ён з пакалення маладых вяскоўцаў, якім пашчасціла вырвацца з зацугляных калгасаў у разбураныя, але перспектыўныя гарады. Рэспубліка імкліва вырастала ў індустрыяльнага гіганта, а значыцца – з’яўляліся шматлікія прывабныя нішы, якія і маглі паспяхова заняць «людзі з вуліцы».

Так здарылася адразу пасля вайны і недзе ў сярэдзіне 1960-х, калі не проста новыя заводы пачалі нараджацца, а цэлыя гарады – Наваполацк, Новалукомль, Салігорск, Светлагорск…

Для 17-гадовага хлопца з рагачоўскай вёскі трамплінам стаў Мінскі аўтамабільны, які пачалі будаваць у сталіцы адразу па вайне. Дабіраўся «зайцам», на даху таварняка, уладкаваўся грузчыкам. Тады і дапяў да высновы: сіла, брат, не столькі ў горадзе, колькі ў пасадзе. Спачатку мясцовай, далей дзяржаўнай.

Яму бракавала адукаванасці, але быў пытлівы, кемлівы розум, моцная хватка: без асаблівых ведаў пры конкурсе тры чалавекі на месца паступіў у аўтамеханічны тэхнікум, далей ужо завочна скончыў інстытут механізацыі. Так сабе адукацыя: хоць і стаў на некалькі гадоў чалавекам нумар адзін у Беларусі, а пісаў з памылкамі…

Не хапала харызмы, аднак фантаніравалі працавітасць і энергічнасць, што неўпрыкмет выхавала някідкую, але ўчэпістую, эфектыўную амбітнасць.

Сляды біяграфіі, асабліва яе пачатку, пажыццёва адбіваюцца на асобе.

Чуў папрокі: нелюдзімы… А якой падзякі ад тых людзей хацець? Вунь колькі бацька для роднай вёскі зрабіў, а згаснуў ад сухотаў – і ўсе пра яго вялікую сям’ю забыліся. Хочаце – выжывайце, не можаце – падыхайце. «Калі тры дні не еў, дык і не рабіў праблемы»…

Ці такое закідвалі: грубы, жорсткі, занадта сілавы… А што цырымоніцца? Яго, зусім маладога спеца, дырэктар трактарнага Тарасаў пры ўсіх прыніжаў: «Прэч з завода, не прадукцыю даеш, а навоз!» І нічога – выцерся, забіў на мацюкі, не зламаўся. Увесь свет цяпер ведае яго трактары!

Дык і другія, што зараз пад табой, вытрываюць, бо таксама не зломкі якія. А калі слабак – прэч, не замінай цягавітаму. Вось і пацягнуў у заводы, райкамы, міністэрствы, у ЦК і Саўмін моцных, учэпістых – падобных на сябе. Радыкальна абнавіў кадравы склад. І што, хіба тое не адбілася на эканоміцы? Ого як! Сам Міхаіл Сяргеевіч хваліў! Тады ў чым праблема?

Які там яшчэ «індывідуальны падыход да выхавання»? Пустое, хоць пры патрэбе, для трыбуны і можна зрабіць выгляд, што «я за чалавечую працу з людзьмі».

Ніхто важнасць ідэалогіі не адмаўляе, таварышы камуністы, наша партыя для таго і створана! Аднак любому начальству насамрэч найперш выкананы план патрэбны, а не рознае там сюсюканне з вуліцай. Ці не так Ільіч казаў: палітыка – гэта канцэнтраваны працяг эканомікі! А вы разумнічаеце…

Ну тэатр, ну мастацтва, ну літаратура… Ды хто супраць дапамогі ім? Толькі ж савецкіх людзей спачатку накарміць трэба! Чым – вершыкамі? Карцінкамі вашымі? Не – народу чарку са шкваркай падавай, а значыць – найперш трактары, станкі, калійная соль, нафтаперапрацоўка, каровы, быкі ды свінні. Пасля ўжо патанчым-паспяваем…

Карацей: атрымаецца з машынамі і скацінай – зладзім і з людзьмі.

Знак лёсу: нарадзіўся тав. Слюнькоў М.М. якраз 26 красавіка. І вось цікава – а пад вечар 26 красавіка 1986-га, калі з сям’ёй адзначаў свой дзень народзінаў, то што думаў пра аварыю ў Чарнобылі? «Ну так недарэчы…» ці «Божа, як выбірацца з таго пекла?» Хутчэй трэці варыянт: «Калі ўжо Масква скамандуе…» Не яго свята было сапсавана – тады насамрэч цяжка скалечылі Беларусь. А ён гэтага ці не хацеў бачыць, ці не зразумеў: расказваюць, праз тыдзень пасля катастрофы пераконваў хойнікцаў: «Якая там радыяцыя? Яе больш, калі робіш здымак зуба…»

…Далёка не кожнаму пісьменніку такі ў вачох многіх антыгерой – па зубах. Яшчэ складаней напісаць пра яго ў публіцыстычным даследаванні. «Слюнькоў» – удаўся. Сучасная мова, безліч цікавостак, эксклюзіўныя ацэнкі экспертаў і сведкаў, аўтарская непрадузятасць, нечаканыя высновы – і ўсё талкова, сістэмна, па палічках раскладзена.

Гэтае даследаванне – не проста палітычная біяграфія асобы. Зайздросная, сістэматызаваная факталогія, унікальны інфармацыйны фон, пра які вы і не здагадваліся, глыбокія гістарычныя згадкі, інтэлектуальныя развагі, багаты даведнік ператвараюць кніжку ў па новаму пададзеную хранаграму крушэння савецкай дзяржавы.

А яшчэ – знівеліравання галоўнага дырэктара: Мінскага трактарнага, ЦК партыі, Беларусі.

Зусім не рэтраграда. Але чалавека, зродненага з сістэмай. Хоць калі моцна ці тупа яна даставала самога, то супраціўляўся архаічнай норме. Якая паўстагоддзя памірала ў стылі top-down: упарта трымалася жорсткага адміністратыўнага кіравання і кантролю, іерархічных правілаў. Урэшце выявілася, што сталь у голасе, нягнуткасць у рашэннях, кадравая бязлітаснасць не могуць бясконца прыносіць вынік. І прыходзіць канец.

Без адаптыўнасці да новых умоў, разумнай калабаратыўнасці не выручаць нават прафесіяналізм з працалюбствам. Не бачыш асобных людзей у масе, не чуеш ва ўпадлівай, застрашанай цішыні галасы не падобных сабе – раней ці пазней прайграеш.

Нават як будзеш мець талент і заслугі – не ўвойдзеш ў найноўшую гісторыю, а застанешся на яе ўскрайку. Прамежкавым героем. Сацыялістычнай Працы…

Alexandr Ulitenok

 

Пакінуць адказ