Багіня памяці Мнемазіна носіць пантофлі са свінцовымі абцасамі. Яна ступае ціха, амаль незаўважна, але дастаткова націснуць пяткай — і мінулае можа абрынуцца, знікнуць, быць сцёртым да амаль неадчувальнага адбітку.
У гэтым сімвале — уся сутнасць кнігі: тое, што здаецца важным, часта растае ў пясчынках будзённасці.
Раман Рублеўскай — спроба асэнсаваць няўлоўную памяць, пераасэнсаваць нашы карані, годнасць і выбар. І, трэба сказаць, спроба вельмі ўдалая.
У кнізе сплятаюцца тры сюжэтныя лініі.Атрымаўся не проста мікс, а цэлая мазаіка з элементаў фантастыкі, дэтэктыву, кахання, гісторыі і нават сацыяльнай сатыры. І ўсё гэта не падаецца цяжарам — наадварот, з першых старонак чытача ўцягвае дынаміка, інтрыга, спалучэнне розных эпох і рэальнасцей — у тым ліку і віртуальнай.
Трэба адзначыць, што смеласць у сюжэтных скачках, адвага расказваць пра складанае без маралізатарства — адна з моцных якасцяў аўтаркі.
Рублеўская без сумневу — адна з найлепшых беларускіх пісьменніц сучаснасці. Яе цікавіць усё: і мінулае, і сучаснасць, і новыя формы камунікацыі. У “Пантофлі Мнемазіны” яна нават звяртаецца да з’явы fan-fiction — калі вы не ведаеце, што гэта, прыйдзецца пагугліць. Аўтарка не баіцца быць “у трэндзе”, не баяцца эксперыментаваць — і гэтым падкупляе.
Так, у рамане хапае таго, што можна ўспрыняць як “перабор”: прыкметная празмернасць параўнанняў з выкарыстаннем злучніка як. Часам здаецца, што кожны другі сказ суправаджаецца вобразным “як”: “як асістэнтка ілюзіяніста праз дэкарацыі”, “як пялёсткі зёлак у гарбаце” і г.д. Адчуваецца невялікая штучнасць і, магчыма, патрабуецца крыху стрыманасці.
Таксама мне падалося, што частка дыялогаў выглядае перанасычанай адсылкамі да гісторыі і культуры — героі нібы пачынаюць “ляпіць умняк” без асаблівай сувязі з кантэкстам. Таму часам мне бракавала натуральнасці.
Але ўсе дробныя заўвагі губляюцца на фоне галоўнага: кніга — удалая, захапляльная і глыбокая. Яна закранае важныя тэмы — памяці, ідэнтычнасці, адказнасці. Чытаеш яе, і адначасова забаўляешся і задумваешся. І гэта — галоўнае.
Калі вы яшчэ не трымалі ў руках “Пантофлю Мнемазіны”, то яшчэ не адчулі, як памяць ціха ступае па нашым сёння, пакідаючы няўлоўны, але вечны след.