
Гэтая кніга – другая ў серыі “Ветрачок”. Серыю ў 2025 годзе распачаў Раман Цымбераў, каб выдаваць (перавыдаваць) правераныя часам тэксты, класіку, вядомых аўтараў і аўтарак для дзяцей. Усяго ў серыі паспела выйсці 7 кніг.
📗 Я не чакала ад Андрэя Федарэнкі дзіцячага тэксту: ведала яго дарослыя кнігі і падлеткавы “Шчарбаты талер” (выдатная, дарэчы, кніга! некалькі год таму перавыдавалася ў “Мастацкай літаратуры”).
🌸 А гэтая кніга акрамя таго, што казка, так яшчэ і вельмі пяшчотна-дзявочая. Хто мяне даўно чытае, той ведае, што я рэдка такое кажу ☺️ Не люблю дзяленне кніжак на дзявочыя і хлапчуковыя. Але тут галоўная гераіня – дзяўчынка Марыйка, якой настаўнік даў заданне: намаляваць якуюсь кветку. Дзяўчынка ніяк не можа вызначыцца і ў выніку ёй сніцца сон, поўны кветак. Кожная спрабуе прыцягнуць да сябе ўвагу, але дзяўчынка заўважыць купку кветак-маргарытак, якія раскажуць паданні пра сваё паходжанне з розных краін. І апісвае аўтар гэта ўсё вельмі лірычна:
📌 “Я расказала б дзяўчынцы, – прамовіла кветка-аўстрыйка, – што выява букеціка маргарытак ёсць нават на мармуровым помніку. Ён узведзены ў памяць аўстрыйскай імператрыцы Лізаветы, якая заўчасна загінула, а маргарыткі – сімвал яе дабрыні і сардэчнасці”.
💮 Будуць тут нямецкія, шведскія і французскія маргарыткі, маргарыткі-італьянкі, англічанкі і грачанкі. Апошняй будзе маргарытка, якая раскажа дзяўчынцы “пра нашу агульную з ёю цудоўную і нешчаслівую радзіму”.
🎨 На ілюстрацыях кветкі выглядаюць вельмі “прынцэсна”. Усё гэта ў сукупнасці і прымушае мяне прызнаць “дзявочасць” кнігі. Мне асабіста не вельмі падабаецца палітра і колер вокладкі, але 4-гадовую дачку ілюстрацыі зацікавілі (колеры, кветкі, сукенкі – яна гэта любіць 😁). А вось выслухаць увесь тэкст цярплівасці ёй не хапае, у ім вельмі мала дзеяння, пераважна апісанні і развагі. Таму я раблю скарачэнні ☺️
👧🏼 Падыйдзе на ўзрост 3+ для спакойных, удумлівых дзяўчатак, альбо для аматарак кветак, сукенак і прынцэс, якіх тут багата на малюнках.
Гэта чарговая кніжачка для маленькіх чытачоў і слухачоў серыі “Ветрачок”.
Калі сустракаю падобныя казкі, міжволі пасля прачытання мільгане думка: пісьменнік спачатку вырашыў напісаць казку менавіта пра гэтае вось гэта, ці напачатку недзе бліснула яму кароткая інфармацыя, асляпіла-ўразіла, палез ён шукаць далей, яшчэ трошкі… І вось ужо сам, агаломшаны, сядзіць, трымае ў руках гэтулькі цудоўных, нечаканых ведаў, займальных гісторый… Як імі падзяліцца?
Як расказаць пра простыя кветкі так, каб выклікаць сапраўднае захапленне нават дасведчанага чытача? А Андрэй Федарэнка расказаў пра стракоткі. І я, які хадзіў па вясне па гэтых непераборлівых кветках, што густа ўсейвалі некалі наш двор, пачытаў… І ўразіўся. Прызнаюся шчыра, адносіны да гэтай кветкі ў мяне змяніліся.
Мова твораў Андрэя Федарэнкі не патрабуе лішніх слоў у падкрэсліванні ейных якасцей. Гэта на сёння агульнавядомы і ўсімі прызнаны факт. Аўтар больш вядомы нам як “дарослы” празаік, але ж у дзіцячай казцы ён раскрываецца з нечаканага боку: датклівы, чуйны апавядальнік. Які ўмее адным сказам не проста ажывіць абраную кветку, але надаць ёй характар, падкрэсліць асаблівасць, выклікаць у чытача сімпатыю ці нават замілаванне.
У нейкага іншага аўтара гісторыю маргарытак-стракотак, розныя легенды пра іх мы маглі б пачуць з адных вуснаў. І нешта падобнае я ўжо бачыў сярод таго мноства дзіцячых кніжачак, якія хваляй абрынуліся на паліцы кнігарняў. Вось гарадская ўнучка прыязджае ў вёску, тут – ну, безумоўна ж, мудрая, кемлівая, клапатлівая бабуля вядзе яе ў агарод і ўсё расказвае і паказвае. Федарэнка прыдумаў шлях абсалютна іншы, сапраўды казачны: ягоныя стракоткі, паколькі ўсе яны хоць крышку, ды розняцца адна ад другой, становяцца ў сне дзяўчынкі жыхаркамі розных краін: вось табе францужанка, вось італьянка, вось грачанка… І кожная апавядае цікавую гісторыю. Для дзяцей гэтая казка, безумоўна, стане сапраўдным адкрыццём, а ведамі з яе можна і падзяліцца па вясне з іншымі, калі абудзяцца першыя кветкі…
Успрыняць казку-сон цудоўна дапамагаюць ілюстрацыі Кацярыны Яфрэмавай – стыль малюнкаў і стыль тэксту супадаюць, сапраўды ствараецца адзіная прастора з вербальнага і візуальнага.
І ў канцы зазначу, што я не магу ніяк тут напісаць, што казка Анжрэя Федарэнкі вучаць і паказвае, раскрывае і навучае. Яна не праваднік нечага там некуды. Гэта проста чароўная, цікавая, пазнавальная казка. І адначасова яна прыклад: як трэба пісаць.
В. Г.


Замовіць кнігу можна тут: https://knihi.by/fiedarenka-andrej-padsluchanaja-kazka