Мяне там чакаюць. Ксенія Зарэцкая

Мяне там чакаюць. Ксенія ЗарэцкаяЗборнік Ксеніі Зарэцкай змяшчае аповесць і некалькі апавяданняў. Мяне вельмі цікавіць творчасць гэтай дзяўчыны, таму, калі ўбачыла яго ў бібліятэцы, адразу ўзяла. Кніга прыгожа аформлена цудоўнымі адпаведнымі малюнкамі, яе прыемна трымаць у руках. Творы напісаны добрай беларускай мовай, адчуваецца стылістычная дакладнасць.

Аповесць “Ворагі” – гэта драматычна-гераічнае фэнтэзі паводле беларускай міфалогіі, месцамі вельмі жорсткае, месцамі рэфлексіўна-разважальнае. Тэкст вязкі, здаецца, што ты сам знаходзішся з Мажанай ва ўладаннях Чарнабога. У творы падымаюцца пытанні праклёну, сувязі пакаленняў, міласэрнасці. Тут можна сустрэць пярэваратняў, лекаванне зёлкамі і загаворамі, пакланенне дрэвам і розным нежывым істотам.

“Агонія” – кранальнае апавяданне пра хваробу неўзаемнага кахання, напісанае ў жанры магічнага рэалізму. Я вельмі люблю магічны рэалізм, таму была ўзрадавана, што ў беларускай літаратуры нехта спрабуе працаваць у гэтым кірунку. Таму “Агонія” у гэтым зборніку – мая любімая гісторыя.

“Мяне там чакаюць” – антыўтопія пра адносіны чалавека і робата, дзе ўздымаюцца пытанні сапраўднай чалавечнасці, таго, што не заўсёды тое, у чым мы ўпэўнены, з’яўляецца такім на самай справе. Цікава, але канцоўка, на мой погляд, вельмі шкляная атрымалася.

“Маленькі бог” – апавяданне пра маленькага чалавек, які насамрэч з’яўляецца богам. Не ведаю, як дакладна вызначыць жанр. Я б назвала гэта сацыяльнай фантастыкай.

“Каралева выпускнога” – чытала гэтае апавяданне ў “Маладосці”, добра яго памятала, таму трошкі прабегла вачыма і згадала асноўныя моманты. Тэма школьных узаемаадносін, якія могуць прывесці да трагедыі. Такі моладзевы школьны раман.

Падсумоўваю.

Мне б вельмі хацелася, каб мой водгук падштурхнуў моладзь да знаёмства з аўтаркай, бо яна піша менавіта моладзевую, вельмі якасную прозу. Мне падабаецца, што яна спрабуе пісаць у розных жанрах, шукае сябе, свой кірунак у сучаснай беларускай літаратуры. Зараз у яе выйшаў раман на рускай мове у выдавецтве @myozby, які з’яўляецца сямейнай сагай, і гэта таксама штосьці цікавае і новае.

_ekaterina_books_

 

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме