У кнігі пра Мінск я заўсёды ўчапляюся, як клешч. Чытанне іх — мой спосаб сумваць па родным горадзе.
Хочацца зноў прайсціся ўздоўж Свіслачы, праз Асмалоўку, праспектам міма ЦУМа і ажно да Талбухіна. Але…
“Мінск назаўжды” — фестывальны зборнік, выдадзены яшчэ ў бесклапотным 2018-м. Дваццаць апавяданняў — вельмі розных па зместу і якасці. Большасць не пра тое, што я шукаю:
🔸️дзённікавыя запісы, цікавыя хіба толькі аўтару;
🔸️паўмагічныя гісторыі, што маглі здарыцца дзе заўгодна і да Мінска прыцягнутыя за ўшы;
🔸️дробныя любоўныя драмы, дзе горад — толькі дэкарацыя.
Асабліва крыўдна чытаць слабое ад вядомых аўтараў: чакаеш большага, а яны выводзяць у нікуды.
Але ўсё гэта перакрыла радасць ад двух сапраўдных перлаў:
✅️ “Пліты крычаць” Аляксандра Валодзіна
І ✅️ “На крукі свае” Уладзіміра Садоўскага
Вось гэта Мінск! Сапраўдны, любы, пакалечаны, але жывы. Са знаёмымі вулачкамі і дамамі. Не шырма, не фон, не нагода для аўтара “адзначыцца”.
Дзіўна, што ў гэтых тэкстах паўстае горад менавіта даваенны. Нібыта мне бліжэй Мінск майго прадзеда, чым сённяшняя сталіца Старэю?..
Кнігу праглынула за тры дні. І хай не ўсё спадабалася, яна ўсё ж паказытала настальгію і дала падыхаць водарам радзімы.
Было варта.
P.S. Знянацку бонусам ухапіла некалькі думак пра горад, блізкіх да майго эмігранцкага досведу. Нечакана зачапіла.
Ужо сама задума гэтага зборнiка абяцала цiкавосткi. Фестываль «Горад i кнiгi», якi адбыўся ўвесну, абвесцiў конкурс «10+10», прысвечаны Мiнску. Дзесяць вядомых пiсьменнiкаў пагадзiлiся напiсаць расповеды пра Мiнск, да iх твораў мусiлi дадацца дзесяць апавяданняў маладых аўтараў, выбраныя ў вынiку конкурсу. I вось — дваццаць тэкстаў пад адной вокладкай, на якой напiсана «Мiнск назаўжды».
Гэта горад, якога вы не ведаеце. Пасля прачытання «Асмалоўскiх казак» Адама Глобуса вы будзеце асцярожна хадзiць па каларытным раёне Асмалоўка: бо тут водзiцца iстота Вулiчнiк, якi можа цэлую ноч вадзiць цябе па вулiцах, распавядаючы цiкавыя гiсторыi. А вось гераiню пачынаючага аўтара Алiны Длатоўскай вадзiў па скверы Янкi Купалы лясун — за тое, што выкiнула недапалак па–за сметнiцай. Вядомы знаўца гiсторыi Мiнска Мiхаiл Валодзiн распавядае пра габрэйскiя могiлкi, на месцы якiх знаходзiцца стадыён «Дынама». Надмагiльныя камянi з гэтых могiлак патрапiлi шмат у якiя дамы, i нават у помнiк Ленiну. А вось Мiнск Кацярыны Захарэвiч насамрэч знаходзiцца ўнутры шклянога шару — дзiцячай забаўкi…
Часам мiфiчныя iстоты з вулiц горада робяцца не толькi героямi апавяданняў, але i апавядальнiкамi — як цмок з тэксту Веранiкi Ляўчук. А яшчэ ёсць у горадзе кавярнi, дзе змяняецца рух часу — такiя месцы ведае Надзея Ясмiнска. А калi хочаце рэальных гараджан — ёсць i яны. Гераiня апавядання Юлii Алейчанка «Iгар» не змагла прайсцi паўз параненага бамжа… I вярнула да жыцця цiкавага, разумнага чалавека. А разам з героем апавядання Уладзiмiра Садоўскага вы перажывяце тое, што многiя мiнчукi — «ворагi народа» ў 1930–я, у часы рэпрэсiй. Паркi i кавярнi, Свiслач i Серабранка, метро i крамы, шумныя вулiцы i кватэры–«хрушчоўкi», старыя могiлкi i падвалы, плошчы i храмы… Паўсюль жыве дух горада i нараджаюцца гiсторыi.

