Так бывае, суіснуеш з суайчыннікам амаль у адным часе, а як бы не бачыш яго. Бо не перасёкся неяк, не перакрыжаваўся раней лёсамі. Шкада, а можа так і трэба.
Уладзімір Мароз – адметны беларускі кінадакументаліст, нацыяналіст беларускі, пісьменнік. Крыху старэй за мяне.
Але сталіца 1970-х, рэстаран “Патсдам” і звязаны з ім сюжэт ягонай аповесці “Камень вавілонскай вежы” – гэта амаль роднае. Я жыў у Менску ў тыя часы, вучыўся ва ўніверсытэце культуры (спачатку як адмысловы культасвет-факультэт у МДПІ).
Усё побытавыя дэталі, водар эпохі – пра што піша Мароз у гэтым творы, гэта як бы і маё. Дарэчы, якраз тады поварам у “Патсдаме” працавала Рая Цыганкова – жонка будучага дырэктара нацыянальнай і урадавай (прэзідэнцкай) бібліятэк Эдуарда Цыганкова, брагінцоў і нейкіх маіх далёкіх сваякоў нават.
Аповесць адкрыта эратычная. З накіраваннем на эпатаж. Сапраўды, так у беларускай прозе яшчэ не пісалі. Набокаўская “Лаліта”, Мілер, Фрэйд, Купрын, Бунін…. У беларусаў згадваю – Генрыха Далідовіча з ягоным апавяданнем пра ўсіх палюбёных ім жанчын, Адама Глобуса з эпатажным “Дамавікаверонам”, эмігранцкага беларускага Кастуся Акулу, здаецца, як падказаў мне адзін наш пісьменнік. Жанчыны і каханне. Мужчынская фізіялогія сексу. ЛГБТ. Ого, колькі пластаў і тэмаў жыцця і літаратуры.
Чытаў і думаў – тут Рэмарк, тут Хэмінгуэй, тут – і сам не ведаю што адкуль, адукуюся па ходу. А вось Андрэй Федарэнка прасочваецца – у нюансах псіхалогіі юнацкага кахання.
А вы кажаце, няма чаго чытаць.
Пагаворым пра сэкс? А чаму б і не. Тым больш, падстава ёсць – аповесць Уладзіміра Мароза якраз пра сэкс.
Калі б гэтая кніга выйшла вялікім накладам, з добрай рэкламай і адпаведнай прамоцыяй, уяўляю, які б быў вэрхал. Аўтару б дасталася ад правых і левых, ад камуністаў і лібералаў, ад традыцыяналістаў і феміністаў. Яго б абвінавачвалі ў патрыярхальнасці і аб’ектывізме, у пошласці і зрыванні покрыву з самага таемнага. Але – кніга выйшла проста мізэрным тыражом у выдавецтве, якое мусіла спыніць сваю дзейнасць. Апошняя кніга.
Вельмі інтымная кніга. Якую льга даваць чытаць сваім блізкім сябрам.
Ведаю, што ў беларускай літаратуры эротыка ўжо прабіла сабе дарогу раней, і нельга гэты тэкст называць першым у гэтым сэнсе. Але я назваў бы яго менавіта першым у спробе паказаць каханне між мужчынам і жанчынай ва ўсёй яго паўнаце. І з тым, што мы называем каханнем цялесным. Роднасць розуму спараджае павагу, роднасць душ – сяброўства, роднасць цел – пажаду, пал і жарсць. Разам усе нараджаюць каханне. Старажытную мудрасць нам не адпрэчыць.
Уладзімір Мароз пісаў эратычны твор не дзеля эратычнасці. Ён літаральна даследаваў каханне, унікаючы ва ўсе сферы пачуццёвага і духоўнага. Адкрыта казаў пра тое, пра што ў большасці тэкстаў мы сустракаем шматкроп’і і апісанні хіба трошачкі пачуццяў. Мароз пісаў пра дзею. Не пра “тэхніку”, але пра тыя самыя моманты кахання, дзе знікае сарамлівасць абодвух, а ўзнікае шчымлівае пачуццё поўнага даверу і шчырасці ва ўсім. Пра тыя моманты, калі адзін перад другім два чалавекі робяцца максімальна безабароннымі, раскрываюць свае самыя патаемныя жаданні. Менавіта ў такія моманты ўзнікае еднасць душ праз еднасць цел.
Але на хутары жаданне ўзнікала часам і днём, бо прыемная беларуская спёка і бесклапотнасць адпачынку маглі нагнаць адпаведныя думкі-жаданні калі заўгодна. Але і тут знаходзілася выйсце. Я браў коўдру і казаў, што пойдзем з Хельгай пазагараем, пакупаемся – паглядзіце дзяцей. І самі рухаліся ў лес, але да Нёмана не даходзілі. Збочвалі са сцяжынкі ў хвойнік, знаходзілі невялікую сонечную палянку – і тут ужо супыну не было. Рассцілалася коўдра, усе апранахі зляталі долу, заставаліся толькі мужчына і жанчына ў сваёй прыроднай безабароннай і спакуслівай сутнасці… Хельга яшчэ сарамліва апускала вочы, але набрынялае жаданне адкідвала усё як неістотнае, а тое, што сухі мох праз тонкую коўдру паколваў скуру, не мела ніякага значэння, наадварот, падкрэслівала тое, што нашы целы цяпер злітыя ў адно.
Прыведзены кавалачак – мо і адзін з цнатлівых у апісанні. Ёсць куды больш адкрытыя:
…якраз у позе вершніцы ў маёй дзяўчыны пачало атрымлівацца жаночае задавальненне. Мне таксама падабалася такая пазіцыя… Ужо ў іншых пакоях можна было бачыць адбітак пяшчотных рухаў жаночай попкі ў шкле шафаў, ці ў вялікім люстэрку, што дадавала асаблівай вастрыні задавальненню абаім.
Але, досыць цытаваць. Скажу хіба, што тут не спроба прэпарацыі кахання, не мэта ўвесці тэхніку дзеля тэхнікі, а якраз цвярозы погляд не ханжы на адносіны. Дзе ў цэнтры думка, што якраз, дазволю сабе такое выказванне, здаровы сэкс – залог здаровага кахання. І гарманічных у цэлым стасункаў.
Кніга пабудавана цікава. Тут і каханне, тут і сама маладосць, тут і Мінск. Згадкі, успаміны. Незвычайна, што першая частка чытаецца як уступ да аповесці, гэтак жа – і другая і трэцяя, ды паступова ты разумееш, што ты саму аповесць ужо і пачытаў да сярэдзіны. Нечаканы герой уводзіцца ў перспектыву. Жанчына. Адзінокая. Смелая і пэўная ў сабе. Маладзейшая за героя. Гэта насцярожвае…
Не буду спойлерыць, але фінал кнігі мяне трохі агаломшыў. І менавіта гэты фінал выклікаў бы найвострую рэакцыю ў нейкай часткі нашых чытачоў, калі б кніга мела большы тыраж і большую вядомасць.
…Раптам разумееш, навошта “ламаліся коп’і”. Бачыш, што за задачу ставіў перад сабой аўтар. І становіцца зразумелым, што тут эротыка зусім не дзеля эротыкі, не для казытання нерваў. Гэта – выказванне сваёй пазіцыі, яе абгрунтаванне, спроба пабачыць карані.
З аўтарам зусім неабавязкова згаджацца, і я не стаў, дарэчы. Але выказаная думка, падмацаваная усёй аповесцю, заслугоўвае павагі. Бо яна не проста агучана, яна – вынік з гісторыі бачання і адчування, вынік вопыту кахання.
Канешне, тэкст не без грахоў, недзе сустракаюцца і паўторы, але ж з імі быццам відней і развіццё самога кахання, пераход адносін ад маладой гарачай жарсці ў стадыю поўнай шчырасці, дзе над усім прэвалюе жаданне даць каханаму (каханай) усё, што яна (ён) жадае, і атрымаць ад яго (яе) тое ж самае. І быць удзячным за тое, і удзячным, што яна ўдзячная, што ты ўдзячны, што яна ўдзячная… І да бясконцасці.
Ну, і не стану пісаць, што кніга – з’ява і падобнае. Невялікай аповесці, выдадзеная такім накладам, не суджана атрымаць значны розгалас. Але, адно калі нехта пачне згадваць эротыку ў белліце, варта да таго куцага спісу дадаць “Камень Вавілонскай вежы”.
В. Г.
Такім аўтарам, з іх замшэлай патрыярхальнасцю ды заўсёдным сэксізмам трэба пісаць толькі пра сваё дзяцінства, як яны бульбу капалі ды кароў пасвілі, каб ужо як згадвалі пра цыцкі, дык толькі кароўскія. Іх час мінуў, яны сёння нікому не патрэбныя!
Калі вы лічаце за сучасную літаратуру нешта кшталту квір-літаратуры, вам ніхто не забараняе так лічыць, чытаць яе і нават прапагандаваць. Але перад тым, як патрабаваць павагі да свайго выбрау і меркавання, навучыцеся спачатку паважаць іншыя меркаванні. Дапамагу зрабіць вам адкрыццё: ёсць людзі, кропка погляду якіх не павінна супадаць з вашай, але аж ад гэтага яны не робяцца “замшэлымі”, а вы не робіцеся прадуктыўнай ды сучаснай. Пакуль бачу ў вас адно агрэсію і адмову прымаць сусвет у ягоным шматабліччы.