Кусь-Кусяндра. Надзея Ясмінска

Кусь-Кусяндра. Надзея Ясмінска

Гэтая прыгажунька – цвёрдая, мелаваная, пухтаная, кіпцюрастая і неймаверна тэрапеўтычная кніжка. Не першы раз бяру яе са знарок пабудаванай высокай паліцы, гартаю, усміхаюся, вывучаю сябе і сусвет – нанова.

Так, Кусь-Кусяндра вывучае сябе. Цап – і яна даведваецца, што мае кіпцюры. Рррык – і зведвае свой голас, заўважае вострыя зубкі. Мне ў гэты момант кожны раз круціцца галава. Я ізноў у пустэчы чорнага космасу, ізноў нанова вывучаю-ствараю сабе, каб перамагчы небыццё аўтаматызму. (У мяне ёсць цела, і яно баліць. У мяне ёсць страўнік, і яго даўно не кармілі. У мяне ёсць сэрца… Але туды лепей пакуль не глядзець…)

Кусяндра пазнае і сусвет навокал, шукае сабе ў ім месца. Прыслухоўваецца да таго адзінага тук-тук, што ёй так патрэбна. І за колькі кароценькіх сказаў ты паспяваеш палюбіць гэтую дурнічку, трохі блытаючы яе з сабой – вы ж толькі што адначасова нарадзіліся, – і турбуешся: як гэта вам “нідзе не было месца”?!

А потым знаходзіш. А потым разумееш, дзе тут яна, а дзе ты. І праходзіш невялічкую тэрапеўтычную сесію, каб прыняць сабе і зрабіць практычныя высновы. І падымаешся, і ідзеш пыласосіць у разбураным сусвеце.

Што? Гэта для самых маленькіх? СУР’ЁЗНА? Вы мяне прабачце, але гэтую рэч кожнаму даросламу трэба даваць перачытваць хаця б раз на год, а лепей раз на месяц. І ўвогуле, дарослыя маюць права на прыгожыя кніжкі. А мастачка Святлана Міхалап ізноў зрабіла немагчымае: і кніжка – жывая, і кусяндраў – столькі, колькі нас з вамі, шукай сваю на форзацы. А якое тут фарматаванне тэксту! Ён павялічваецца разам з гучнасцю, закручваецца ў спіралі лютасці, крычыць на ўсю старонку “КУСЬ!” Дарослыя таксама маюць на гэта права! (І гэта я не толькі пра кніжку.)

Ну, а дзеткам усяго свету абавязкова: слухаць ад бацькоў, чытаць самім, як навучацца, перачытваць час ад часу. Кніжка – крахатулечка, але той напамін, што яна робіць, неверагодна важны. Мала навучыцца спазнаваць сябе, свае эмоцыі, разбірацца ў сваім стане. Мы забываемся на гэтую справу вельмі хутка. І таму вельмі важна ізноў і ізноў знаходзіць сябе ў скурцы невядомай істоты, якую трэба вывучыць і прывесці дадому.

P.S. Мая Кусяндра, напэўна, ужо рарытэтная – з апошняга накладу спачылага выдавецтва “Кнігазбор”. І як гэта ні сумна, ёсць у свеце і надзея (бо ёсць Надзея, хе-хе): Кусяндра жывей за ўсіх жывых і працягвае сваё жыццё ў выдавецтве “Папуры”. Шчыры дзякуй, шаноўныя, за прынятую эстафету. Кніжкі павінны жыць і лекаваць – насуперак усяму!

Марыя Шабанец


Часы нашы змрочныя, але ж дзеці гадуюцца, і шчасце, што для іх пішуцца кнігі – актуальныя, жывыя, шчырыя. Кнігі, якія не прыкідваюцца белымі і пухнатымі, а дапамагаюць размаўляць пра тое, што вакол, пра нашы эмоцыі і рэакцыі.

📙 “Кусь-Кусяндра” выйшла цяпер, калі штодзённае жыццё поўнае злосці, болю, трывогі, і яны ўжо проста не змяшчаюцца: ані ў дзецях, ані ў дарослых. Кожны з нас мае сваю Кусь-Кусяндру ўнутры.

👌 У кнізе ёсць інтрыга. У кнізе ёсць яркі цэнтральны персанаж. У кнізе ёсць неідэальнае дзіця і неідэальны дарослы. У кнізе тэкст і ілюстрацыі выдатна супрацоўнічаюць (я дзеля цікаўнасці паспрабавала ўявіць іншую Кусь-Кусяндру і – не змагла).

❤️ Думаю, можна нават скончыць лозунгам: Кусь-Кусяндру – у кожны дом! Бо, па-першае, гэта вельмі сваечасовая кніжка, па-другое – праект, які безумоўна варты падтрымкі. Творчы тандэм Надзеі Ясмінска і Святланы Міхалап – вельмі арганічны, і хочацца, каб гэта была не апошняя іх сумесная кніга (раней выходзіў цудоўны “Сподачак для цмока”).

kniznyja_razmovy


Нажаль, далёка не ўсе дарослыя ўмеюць распазнаваць свае эмоцыі і, тым больш, прагаворваць іх. Што ж хацець ад дзяцей, чыя псіхіка ў сілу свайго развіцця яшчэ не здольная на такія “подзвігі”.

😐Менавіта таму вельмі важна з малых гадоў расказваць і называць эмоцыі, а таксама тлумачыць, што не бывае дрэнных ці добрых пачуццяў.

🥹У гэтым кантэкце хацелася б вылучыць кнігу беларускага аўтара @n_yasminska (Надзея Ясмінска). Праз кнігу вы даведаецеся пра злосць😬, якая жыве ўнутры дзяўчынкі і шкодным монстрыкам🤢 разбурае ўсё навокал.

😫Асабліва падабаецца, як мама рэагуе на тое, што адбываецца: яна не ігнаруе злосць дачкі, не сароміць, а, наадварот, дапамагае яе ўтаймаваць і накіраваць у патрэбнае рэчышча.

😱А яшчэ колер валасоў… У дзяўчынкі ружовыя, а ў мамы – фіялетавыя… Малюнкі вельмі выразныя, і 50% поспеху кнігі належыць менавіта ім.

trilogia_dzr

 

One thought on “Кусь-Кусяндра. Надзея Ясмінска

  1. Я напішу сваю першую ў жыцці рэцэнзію, таму што такія кнігі як “Кусь-Кусяндра” я лічу дрэнным густам у літаратуры. Калі коратка, то кніга – сырая, яна не выспела.
    Але пачнем са станоўчага:
    – бясспрэчна, да плюсаў належыць афармленне кнігі: папера, малюнкі, шрыфт і г.д.;
    – ну і ідэя нядрэнная: кантроль, усведамленне сваіх эмоцый.
    На жаль, са станоўчага на гэтым усё.
    Тое адмоўнае, што робіць гэтую кнігу нечытальнай для нас:
    – кніга напісана па-расейску, але беларускімі словамі; мова не ліецца, словы грувасцяцца і падаюць, як цэгла; і яшчэ да ведама: слова “ашмоцце” ужываецца ў дачыненні да старога адзення і шматкоў вопраткі, а не падраных часопісаў.
    – часам адсутнічае сувязь паміж сказамі і абзацамі, нібыта думка не даведзена на канца, а ўжо пераскочылі да наступнага. Пачуццё, што апавядаецца “скачкамі”, таму чытаецца цяжка;
    – назіраюцца сэнсавыя паўторы. Апавяданне расцягнута, на мой густ, можна на траціну скараціць;
    – і найгалоўнейшае: я не зразумела, да чаго там кот, да чаго будзільнік. На мой погляд, наяўнасць такіх персанажаў мусіць быць абумоўлена іх сэнсавай значнасцю – чаму менавіта яны?

    Апавяданне чытала даўно, перачытваць не маю сілы, таму спіс адмоўнага не поўны.
    Я вельмі люблю кнігі і ніколі іх не выкідваю. Асабліва беларускія. Але, напэўна, гэта будзе першая. Гэта не літаратура, гэта графаманства.
    Прабачце за негатыў. Але пляцоўка, спадзяюся, не толькі для станоўчых рэцэнзій.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *