Кніга атрымала ІІІ месца літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца (2022 год) «за стварэнне дзіцячага свету, поўнага дарослай мудрасці»
Я б назвала гэтую кніжку “Наш адказ Ёрдзіс” 😁 Тут і аповед ад першай асобы, і галоўная гераіня дзяўчынка, і звычайнае жыццё-быццё – сям’я, сябры, садок-школа. Нават колер вокладкі зялёны😁
📗 Але жарты жартамі, а кніжка атрымалася файная. Сучасная школьная штодзённасць; стасункі з неідэальнымі (ура!) бацькамі; сяброўства (не толькі з дзяўчатамі, але і з хлопцамі); хлопчыкі, якія могуць быць пяшчотнымі і плакаць, а дзяўчаткі – быць баявымі і бараніцца прыёмамі дзюдо. Карацей, усё тое , чаго не хапае сучаснаму дзіцячаму белліту.
🐭 Усё пачынаецца з гісторыі пра дзіцячы садок і пра тое, як Жэнька стала шэрай мышкай на адным з ранішнікаў. Усяго гісторый 12, сярод іх – гісторыя пра канструктар лега; пра летнік падчас школьных вакацый; пра самаробны караблік, які даплыве ажно да Балтыйскага мора; пра бабуліну вёску; пра адпачынак на Адрыятычным моры і знаёмства са славацкім хлопчыкам Янкам…
👦🏻👧🏻 Калі вашых хлопцаў не спыняе “дзявочая” назва і дзяўчынкі на вокладцы, то кнігу можна і трэба чытаць хлопчыкам ці з хлопчыкамі. Як і з дзяўчатамі. Яна ўніверсальная і будзе цікавая ўсім.
♥️ А яшчэ гэта вельмі беларуская кніга. Жэнька жыве ў невялічкім беларускім мястэчку, расказвае пра свае мясціны, пра рэчку Грыўду, што цячэ побач. Пра сваё – мову, мястэчка, краіну – яна кажа з любоўю і пяшчотай. Але без саладжавасці і пафасу. Проста і шчыра.
📌 “І тут я падскочыла. Я буду збіраць сяброў! Вы не здзіўляйцеся, зараз патлумачу. Я разумею, сябры не жабкі, не маркі, не лялькі… Іх нельга вось так сабраць, калі захочаш і каго захочаш. Але я буду збіраць тых, хто, як я, любіць і ведае і размаўляе на нашай роднай мове. Вось у нашым класе толькі двое – я і хлопчык Міхаська – размаўляем па-беларуску. Але мы з Міхаськам пакуль не пасябравалі… Значыць, трэба пасябраваць. А сябрамі няцяжка стаць, калі ёсць нешта такое, што любіш ты і я”.