Калісьці даўно прыглядалася да гэтай кніжкі, яшчэ як была ў Беларусі, але не купіла. Цяпер жа ўзяла яе ў бібліятэцы @cytalnia і хачу падзяліцца ўражаннямі.
📙 Гэта вельмі простыя гісторыі. Правільныя, вучаць харошаму. Героі – качаняткі, кураняткі, парасяткі, вожыкі, пчолкі-кузуркі-матылькі, сланяняткі і гэтак далей. Такія ж простыя ілюстрацыі. І мне было крыху нуднавата. Кніга не ўразіла, не закранула – ні мяне, ні дачку. Першыя гісторыі я яшчэ паспрабавала чытаць ёй, але дачытвала ўжо сама.
💛 Усе тут станоўчыя, а калі не станоўчыя, то напрыканцы абавязкова робяць правільныя высновы. Гэта добрая чытанка для тых (дарослых), хто любіць, каб дзіцячыя кнігі штосьці актыўна дэманстравалі, чамусьці вучылі і каб гэта было відавочна. Ніякіх падтэкстаў, нічога не трэба расшыфроўваць.
😺 Альбо гэта добры варыянт для дзетак, якія любяць вельмі спакойныя гісторыі, каб бяспечна, утульна, ніякай драмы і нечаканых паваротаў сюжэтаў. Маёй гарэзе не хапіла дынамікі і больш канкрэтных ілюстрацый. Бо яны тут больш проста рэпрэзентуюць таго, пра каго вядзецца ў гісторыі, але не адлюстроўваюць падзеяў. А некаторыя носяць дэкаратыўны характар: ягадкі, шышкі, лісточкі.
📝 Кніжка – аўтарскі пераклад з расейскай мовы. Магчыма, кнігу магла б палепшыць наяўнасць рэдактара. Бо я заўважыла ў некалькіх месцах няправільныя канчаткі.