
Так, мы ізноў сабраліся на сядзібе, дзе працуе незвычайная майстэрня “Добрае дрэва”, дзе ёсць шыкоўная зала для сяброўскай бяседы, дзе так утульна, таму што ўсё нязмушана. Тут прабачаць усякую памылку, тут і пасмяюцца добразычліва, і зарагочуць шчыра з удалага жарту. Дзе гаспадары Уладзімір Буракоў і ягоная жонка Алена робяць усё, каб акрамя іншага, яшчэ і не засталіся госці галоднымі і не сасмяглі ўрэшце.
Як намі створаная прэмія, ты мы і вырашаем без асаблівых спрэчак: каму і за што. Пэўных крытэрыяў мы і самі не вызначалі. Нам каб па-майстэрску. Каб цікава. Каб незвычайна.
Кніга Кацярыны Барысенка – менавіта з такіх. Па-першае, зроблена яна хвацка. Выкананне менавіта майстэрскае. А змест – самы незвычайны. Пра кнігу напісана вось тут, паўтарацца няма сэнсу.

…Мы гаварылі пра літаратуру і культуру, пра, скажам так, ролю асобы і там, і там. Пра тое расказвала Кацярына Барысенка, што гэта першая кніга магла б стаць першай ластаўкай, за якой выйдуць ужо ладныя тамы менавіта вось такой кухні. Каб там была любімая страва (вядома ж, няхай і не імі прыгатаваная) Багдановіча і Купалы, Быкава і… І, вядома ж, цяперашніх. Усіх і розных. Шырока вядомых і надта сціплых. Як заўважыла Кацярына, людзі любяць такія кнігі – пра добрыя стравы, ды яшчэ правераныя. Глядзіш, пачытае якая гаспадыня пра гатаванне курынай пячонкі з яблыкамі ад Евы Вежнавец – можа, і зацікавіцца аўтарам, яе творамі.
Падумалася: калі шлях да сэрца мужчыны можа пралягаць праз страўнік, то чаму б і не быць шляху да беларускай літаратуры праз кухню? Жарт, але ж у кожным жарце ёсць стрэмка.

Спяваў Алесь Камоцкі. І вось жа скажы, адшукалася ў ягоным рэпертуары песня-рэцэпт: як гатаваць верашчаку. І была яна праспяваная першай, а за ёй і яшчэ былі, скажам так, блізкія да тэмы стала і кухні.
Алеся Сівохіна, падазраю, скарыла не аднаго мяне сваім моцным і чароўным голасам і віртуознай ігрой на гітары. Тут, на сядзібе, я чуў ейныя спевы другім разам. І зноў яна мяне не проста здзівіла, але ўразіла неймаверна: яна напісала музыку да верша Коласа “Пасля навальніцы”, праспявала песню – і гэты суровы дзядзька загучаў раптам так тонка-лірычна, так пачуццёва і з такім глыбокім падтэкстам…
Вось столькі прыемнасцяў выпала на адзін дзень…
В. Г.


