
Кніга – смаката! Ува ўсіх сэнсах, якія толькі мае гэтае слоўца. Смаката зусім нечакана адгарнуць вокладку… і патрапіць у гасьціну да некаторых сучасных творцаў. Смаката пазнаваць знаёмае й зьдзіўляцца раней нечуванаму. І так усё лёгка, проста, па-людзку, а між тым, густоўна й далікатна сабрана ў аповеды пра… Не адно пра ўлюбёныя стравы, але й пра час і звычкі, пра памяць і ўдзяку. Бо ня так сабе раптам нехта каторую страву любіць гатаваць. Неяк адчуваецца, што ледзь не бальшыня рэцэптаў — пераемныя, зь сямьі. А гэта яшчэ большую каштоўнасьць выданьню надае. І яшчэ смачней чытаецца.
Да таго ж, за ўсімі водарамі, смакамі й прыгоствамі, якіх поўная кніга, адчуваецца прысутнасьць руплівай гаспадынькі, добра-такі абазнанай у справе кухарскай – укладальніцы Кацярыны Барысенкі, зь яе своеасаблівымі камэнтарамі і ўдакладненьнямі. Незвычайная зьява гэты “Пашот”, далібог.
А якая страва ў вас любімая і як яна гатуецца?
З такім пытаннем звярнулася аўтарка праекта да беларускіх літаратараў, сабрала адказы і пачала гатаваць.
А тым, што ў яе атрымалася, вырашыла падзяліцца з чытачамі. Перад вамі адна з самых шчырых кніжак, і яна не пра кулінарыю, а пра кухню — ва ўсіх сэнсах.
З анатацыі
Кухар з мяне ніякі, але ў кнізе паўдзельнічаў і не шкадую )
Тое самае пра сябе і ад сябе скажу. Аўтары аўтарамі, хто на што здатны, так і падаў кожны сваё кулінарства. А вось галоўны кухар, то-бок складальнік, – на вышыні. Мала таго, што падаў(-ла) тэму з веданнем справы, дык яшчэ і дасціпна. І мала таго, што дасціпна, дык яшчэ і з якою ўвагаю да страваў і аўтараў у сэнсе прапаганды іх перадавога, як бы сказалі ў савецкія часы, кулінарскага (і не толькі) досведу. Не проста узяць да ведама, а ўзяць і згатаваць паводле паўсотні рэцэптаў ды рызыкнуць тое паводле чужой фантазіі згатаванае паспытаць – не іначай подзвіг.
Мяне ж, як літаратара, які, апошнім часам займаецца выданнем сваіх опусаў выключна – ад “а” да “я” – сам, уразіў практычны бок (як размешчаныя тэксты, як праілюстраваныя, як, урэшце, вычытаныя) выканання праекту. Што, безумоўна, запатрабавала ад сп. Кацярыны нямала высілкаў, а можа – і нерваў. У часы татальнага разгільдзяйства і неабавязковасці такі ўдумлівы і арыгінальны падыход да справы – толькі ўхвалы і павагі варты.
Я не самотны, бо кніжку маю, і ў той кніжцы я – сярод трыццаці пяці беларускіх літаратараў і іхніх рэцэптаў прыгатавання розных страў.
Здаецца, лагічна б было выдаць кнігу пра кухню літаратараў ў больш звыклым, пераносным сэнсе: як мы пішам, калі, дзе, пад якую музыку і што пры гэтым п’ём.
Але тут – самая сапраўдная кухня, сапраўдныя рэцэпты і сапраўдныя – згатаваныя паводле тых рэцэптаў укладальнікам – стравы: супы і бабка, мачанка, салянка і стэйк, пячонка, плоў, томачы і сатэ… Бліны ад Андрэя Горвата, боршч з бацвіння ад Сяргея Харэўскага, белыя катлеты ад Таццяны Барысік, рыба ў тамаце ад Ганны Севярынец. І яшчэ рэцэпты самыя розныя, ёсць і экзатычныя.
На дэсерт – легендарная кава па-Караткевіцку ад Адама Глобуса.
Ідэя кнігі нечаканая, трошкі быццам несур’ёзная. Быццам забаўка. Але – нейкая надзвычай цёплая, нават трошкі шчымлівая і нечакана – не пабаюся – інтымная.
Раптам падумалася: а вось каб была ў нас падобная кніга, выдадзеная гадоў 50 назад… Хіба б не было цікава? А калі 100 гадоў назад? З рэцэптамі кшталту “боршч маладнякоўскі”, “катлеты па-узвышанску”… Так, пра тонкую нітку сур’ёзнага скажу: тут, у выдадзенай кнізе, ёсць момант гісторыі. З аднаго боку: вось, былі такія літаратары, пазначана нават, чым яны вядомыя. З другога – цікава бачыць самую шырокую разнастайнасць рэцэптаў і страў. Уявім чытача гэтай кнігі праз гадоў паўста…
Што адметна, да многіх страў, прапанаваных літаратарамі, ёсць невялікая перадгісторыя. Ці тлумачэнне. А гэта каштоўна – гэта ужо больш пра чалавека. Такім чынам, тут трошкі ёсць той самы каларыт эпохі, смак цяперашніх дзён і прысмак думання.
Але, вернемся ў наш час. Якасць выдання (рэдагаванне, вёрстка) – таго узроўню, які павінен стаць узорам. Наўпрост – бездакорна, што ўжо вышэй адзначалася.
Што тычыцца саміх літаратараў, то пытанне: чаму гэтыя, а не іншыя – тут нават не да ўкладальніка, пра што яна піша ва ўступе. Зрэшты, без пярэчанняў, Кацярыне Барысенка ніхто не меў права дыктаваць той спіс. Мажліва, калі б мела яна большую вядомасць і вагу на нашым літаратурным полі кшталту лаўрэаткі якой прэстыжнай прэміі… Тады, канешне, льга было стварыць і адпаведную камісію, паглядзець заслугі кожнага аўтара праз прызму абранай каліброўкі, ацаніць каларыйнасць страў паводле рэцэптаў… і выдаць гэткую акадэмічную цагліну.
Жарты жартамі, а адной такой кнігі, вядома ж, мала. Бо аўтараў у нас многа, і хай не за кожным ёсць патаемны рэцэпт улюбёных страў, але кожны хоць раз нешта ў жыцці гатаваў. Падзяліўся б досведам. Таму – трэба працяг.
Вы не паверыце, але слова “шот” раней мне наўпрост не сустракалася) Вось мінулася міма мяне. То прыемна было даведацца. Графічнае афармленне загалоўка прыхоўвае сутнасць і чытаецца адразу бяскрыўднае “Пашот”. Гэтаксама страва.
Я кнігу маю… Трымаю ў руках густоўнае выданне – крэйдавая папера, каляровыя фота страў. На тле ведання таго, колькі і чаго ў нас апошнім часам выдаецца – кніга асабліва грэе сэрца. Бач, жывуць яшчэ літаратары, нешта гатуюць сваё смачнае. Можа, і кніжак яшчэ напішуць. Многа. Розных. І выдадуцца іхнія кніжкі. Вялікімі накладамі. Не па 99, а па 999 асобнікаў…
На завяршэнне: згадаўся аповед (ці анекдот) пра Анатоля Сыса. Кажуць, неяк у размове ён сказаў да аднаго аўтара, не надта таленавітага, але надта пыхлівага: “Ты застанешся ў літаратуры!”. Той аўтар задаволена усміхнуўся, а Сыс працягнуў: “Бо я верш напісаў і там пра цябе уставіў”. Было і ці так было – не ведаю. Але 35 літаратараў, здаецца, застануцца ў літаратуры дзякуючы і кнізе Кацярыны Барысенка – пра іх напісалі)
В. Г.

