Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя. Зміцер Дзядзенка

Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя. Зміцер Дзядзенка

Сэкс… Якой яшчэ фізіялагічнай патрэбе чалавечае грамадства надало такую колькасць зусім нефізіялагічных функцый? Гэта і спосаб атрымання задавальнення, і магчымасць змяніць статус – свой ці партнера – у любы бок, сродак разлічыцца і ўласна аб’ект гандлю, спосаб самасцвярджэння як асобы і вышэйшая ступень праявы любові… І грамадства на розных этапах свайго развіцця па-рознаму ставіцца да ўсіх гэтых функцый, якія выходзяць за межы працягу роду: забараняе і асуджае, насамрэч успрымае як норму ці абмяжоўваецца проста абвяшчэннем таго, што з’ява стала нормай, працягваючы па-ранейшаму лічыць гэта непрымальным і з абурэннем глядзець на тых, хто радасна кінуўся расказваць і паказваць тое, пра што раней казалі толькі шэптам, чырванеючы і не ўсім. Сэкс як грамадская з’ява? А чаму б і не? Магчымасць зазіраць у чужыя ложкі, мабыць, нават больш прыцягальная, чым той самы сэкс. А такіх магчымасцяў паназіраць у кнізе Зьміцер Дзядзенка (Zmicier Dziadzienka) “Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя” хапае.

Крымінал у рытмах нэпа… Беларусь 20-х гадоў мінулага стагоддзя. О цуд! Нарэшце няма знявечаных і занядбаных, няма хат, дзе сямёра па лаўках і ўсе галодныя, няма гэтай няшчаснай, на якую без слёз не глянеш, Беларусі і яе ратаўнікоў у вобразе светлых лыцараў, якія кажуць узнёслыя і агульнавядомыя, а таму банальныя рэчы пра мову, свабоду, цяжкую долю і светлую будучыню, у якую, здаецца, не вельмі і самі вераць, а калі вераць, то гэта будзе некалі потым і не з імі, бо іх справа зараз – барацьба, а Беларусі – таксама ў вобразе каго-небудзь – цярпець… У аповесці ўсяго гэтага, на маё чытацкае шчасце, няма.

Хаця не, лыцар усё ж такі ёсць – Антон Хлюдзінскі, толькі не надта ён падобны на нашых традыцыйных літаратурных герояў. Ну што можа быць рамантычнага ў звычайным музейшчыку? Ды і дама сэрца ў яго нейкая “няправільная”. Валянціна Мачуга наўрад ці будзе даспадобы большасці: жыве з нялюбым мужам, кахаецца з іншым. Ад мужа не сыходзіць, бо для яе гэта статус – жонка чырвонага камандзіра. А што ёй можа даць Хлюдзінскі – польскі перабежчык? Пяшчоту, захапленне і каханне? Яна і так гэта атрымоўвае. Таму і плечыкам паводзіць, бо не трэба ён мужам, зручней на два дамы жыць. Пра тое, што ў Валянціны ёсць палюбоўнік, ведаюць усе. Яна не хаваецца, бо гэта ж нармальна: свабодная жанчына, якая працуе, можа сама распараджацца сваім лёсам, сваёй душой і сваім целам – таварыш Аляксандра Калантай так і вучыць. Вось толькі зносіны Валянціны з яе мужчынамі ніяк не падпадаюць пад паслядоўную манагамію. Чым не падстава заляцацца да яе? А што? Дала аднаму – дасць і іншым, калі муж не спраўляецца…

Жанчына стала вольная, яна мае права выбіраць. У гэта вераць хіба толькі самі жанчыны, прычым нават не ўсе. Хтосьці, як Валянціна, спрабуе гэтам правам карыстацца, але калі падумаць, то ўсё зводзіцца да таго, што жанчына мае права не адмовіць, калі яе выбралі.

Вядома, аповесць не пра гэта. Яна, хутчэй, пра жыццё і пра людзей, якія проста людзі – не вобразы, не сімвалы, а нармальныя людзі, якія разважаюць не толькі пра мову і барацьбу, а яшчэ і пра зносіны, звычайныя чалавечыя зносіны з помстай, каханнем, жарсцю, агідай, жаночымі і мужчынскімі спосабамі атрымаць сваё шчасце і месца пад сонцам.

Ekaterina Borisenko.


“Крымінал у рытмах нэпа” — такі падзагаловак мае гэтая кніга. Трапнае ўдакладненне. Тут:

🩸забойства,

🔎 пошукі злачынца,

❤️ каханне,

🤭 гарачыя сцэны,

📝 вершы (кароткія згадкі пра аршанскую філію “Маладняка”)…

⠀Дэтэктыўнае расследаванне дапаўняецца элементамі чорнага гумару, а таксама сатыры. І не так легка разабрацца, дзе што.

⠀А яшчэ думкі такія.

⠀Бывае, скардзімся на лёс, што даводзіцца жыць у складаныя часы. Але калі яны былі лёгкімі? Калі было проста і весела? Гэта толькі імгненні. Варта іх берагчы, наталяць імі сваю прагу святла, дабрыні, цяпла, любові, кахання. Мы ўсе жывем быццам бы на фоне сатыры і чорнага гумару, намагаючы даўмецца да чыстае праўды.

⠀Гэта прыватныя разважанні.

⠀Але ж для таго і чытаем, каб думаць, разважаць, аналізаваць, знаходзіць важныя падказкі, знаёміцца з меркаваннем іншых людзей, назіраць, праз якія шкельцы і пад якімі вугламі аўтар разглядвае рэчаіснасць.

Аб’ём невялічкі, сюжэт цікавы.

volia_pisha.


Джэк-вантробшчык Аршанскай акругі

БССР 1920-х гадоў рэдка трапляе на старонкі сучаснай беларускай прозы. З нядаўняга можна прыгадаць бадай што толькі “Захоп Беларусі марсіянамі” Алеся Аркуша, дзе адна з сюжэтных ліній адбываецца ў Полацку 1925 года. Але ж, на маю думку, гэты час варты больш шырокай “навелізацыі”. Нашы 1920-я багатыя як літаратурнай спадчынай (неўміручыя “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя), так і разнастайнымі гістарычнымі акалічнасцямі, праз якія прайшла тады краіна (Савецка-Польская вайна, пабудова савецкай Беларусі, беларусізацыя). Мне, як даследчыку міжваеннай Беларусі, было цікава даведацца, што ў 2017 годзе за гэты перыяд вырашыў узяцца Зміцер Дзядзенка ў сваёй новай кнізе “Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя“.

“Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя” пачынаецца як дэтэктыў у гістарычным антуражы. У Оршы другой паловы 1920-х гадоў адбываецца забойства, знойдзены труп прастытуткі з перарэзаным горлам, злачынца невядомы. Праз некаторы час знаходзяць яшчэ адну забітую падобным чынам жанчыну, але гэтым разам ахвяра з “эліты” савецкага грамадства – загадчыцца жанадзелу гаркама партыі Валянціна Мачуга. За справу бярэцца АДПУ.

Як аматар “міжваенкі”, я ў першую чаргу хачу сказаць пару словаў пра антураж кнігі. Дзядзенка малюе эпоху з дапамогай даволі простых інструментаў: пераліку разнастайных савецкіх устаноў і арганізацый, цытатавання зацемак з тагачасных часопісаў і ўрыўкаў прац бальшавіцкіх тэарэтыкаў (напрыклад, Калантай), увядзеннем тыповых для эпохі герояў (ветэрана імперыялістычнай вайны, чэкіста і інш.) і апісання агульнавядомых асаблівасцяў быта 1920-х. Месцамі атмасфера перададзена ўдала – гэта ў першую чаргу датычыцца апісання паседжанняў аршанскай філіі “Маладняка”. Але часцей у тэксце паглыблення ў 1920-я не адчуваецца: напрыклад, у кнізе аршанскія міліцыянты апытваюць сведкаў забойства прастытуткі канцэлярнай мовай пратаколаў сучаснай беларускай міліцыі. Не тое каб канцэлярызмы надта змяніліся за стагоддзе, але ж няма ў той сцэне сваёй рызынкі, якая б дакладна адносіла падзеі да гістарычнага кантэксту. Тая сцэна магла б спакойна адбывацца не ў Оршы 1920-х, а ў Мінску 2010-х, розніцы чытач не адчуў бы.

Таксама ў кнізе ўжываецца вельмі спрошчаны і схематычны падзел персанажаў на чальцоў оруэлаўскай “унутранай партыі” і оруэлаўскіх жа “пролаў”. Асноўныя дзеючыя асобы аповесці – гэта службоўцы і чальцы кампартыі – паказаныя, як сытыя, добра апранутыя людзі, без побытавых і грашовых праблем, а вакол іх галодныя, дурнаватыя, брудныя сяляне і гарадскія рабацягі ў якасці фона. Здаецца ж, у 1920-я савецкая ўлада яшчэ не надта моцна адасоблівалася ад працоўнага люду, каб быў заўважны такі оруэлаўскі падзел. Многія ўрадоўцы таго часу мелі такія ж побытавыя праблемы як і простыя рабочыя з гарадскіх ускрайкаў. Няма ў кнізе і абяцаных у анатацыі “рытмаў НЭПа”, адна сцэна ў рэстаране з п’яным “нэпманам” для галачкі і ўсё.

Што датычыцца цэнтральнай тэмы кнігі – уласна “сэксуальнай рэвалюцыі”, то і яна раскрыта вельмі спрошчана і нават шаблонна. Напрыклад, рэвалюцыйны злом патрыярхальнай сям’і на прыкладзе пары Валянціны і Канстанціна Мачугаў паказаны вельмі павярхоўна. Муж, які да рэвалюцыі часцяком звяртаўся да рукапрыкладства ў дачыненнях з супругай, пасля здзяйснення гістарычнага матэрыялізму атрымаў адлуп ад жонкі, ўзброенай марксістска-ленінскімі пастулатамі пра новы быт.

Тэма прастытуцыі, вельмі характэрнай для БССР 1920-х гадоў праблемы, ўзгадваецца ў кнізе Дзядзенкі даволі ўскосна, толькі на прыкладзе забітай напачатку сюжэта дзяўчыны. Так, у кнізе ёсць шмат пасцельных сцэн, але ж, як і ў выпадку з “рытмамі НЭПа”, усе гэтыя сцэны напісаны нібыта “для галачкі” – каб апраўдаць слова “сэксуальная” у назве твора. Апісанні сэксу ў кнізе механістычныя, пазбаўленыя любоўнай эстэтыкі. У гэтым пункце я не магу абысціся без параўнання з класікай: у тых жа “Запісках Самсона Самасуя”, напісаных у 1920-я, нашмат больш адчуваецца жарсці і сэксуальнага юру (і гэта ня гледзячы на поўную адсутнасць пасцельных сцэн), чым ў “Вялікай пралетарскай сэксуальнай рэвалюцыі” Дзядзенкі.

З сюжэтнага боку кніга таксама пакутуе на некалькі характэрных для сучаснай беларускай прозы сымптомаў: яна надта кароткая (у кнізе змешчана толькі адна аповесць) і ў яе абарваная і скамечаная канцоўка, нібыта аўтар спяшаўся завяршыць тэкст да пэўнага тэрміну. Гэтыя хібы ўласцівы многім маладым беларускім празаікам і аўтар гэтай рэцэнзіі не выключэнне. Усе мы некуды спяшаемся, стараемся хутчэй-хутчэй выдаць сваю кнігу, і за гэтай спешкай губляецца якасць.

Дэтэктыўны складнік сюжэту “Сэксуальнай рэвалюцыі” затухае недзе да сярэдзіны аповесці і не ўяўляе з сябе нечага экстраардынарнага. Цікавая напачатку лінія з Канстанцінам Мачугай, які з-за п’янкі не памятае, ці ні ён забойца сваёй жонкі, губляецца пад наплывам іншых сюжэтных дарожак, на якія Зміцер Дзядзенка спяшаецца выбегчы, пакідаючы недасказанымі старыя. Героі аповесці апісаны скупа і незапамінальна. Часам бывае цяжка адрозніць дзе скончваецца лінія з адным героем і пачынаецца гісторыя іншага, настолькі аднолькавымі яны чытаюцца ў тэксце. За выняткам адной-двух асаблівасцяў усе мужчынскія персанажы выглядаюць блізняткамі. Жаночыя таксама не блішчаць арыгінальнасцю.

“Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя“ – твор з добрай задумкай, цікавым сэтынгам, але не вельмі дасканалай рэалізацыяй. Бачна, што Зміцер Дзядзенка стараўся ахапіць як мага больш акалічнасцяў жыцця ў Савецкай Беларусі ў 1920-я гады і дадаць рызынку ў выглядзе той самай “сэксуальнай рэвалюцыі”, але ў пагоне за ўсеахопнасцю ўціснутай ў занадта малы аб’ём згубілася якасць. Тым не менш, спадзяюся, што Зміцер не кіне сваёй працы на ніве навелізацыі нашай мінуўшчыны пачатку ХХ стагоддзя, а “Сэксуальная рэвалюцыя” стане першым крокам да новых твораў у рэдкім для нашых часоў сэтынгу Беларусі 1920-х гадоў.

yozas_gubka.

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме