Прачытаўшы “Былы сын” Сашы Філіпенка (Sasha Filipenko).
Спадабалася. Я наогул зануда, але кнігі дачытваць сябе не змушаю, адкладаю, калі занадта груваздка, нудна і нецікава. “Былога сына” я прачытаў нагбом. Цікава і кранальна. Гэты тэкст Сашы Філіпенка мне нагадаў карціны Валянціна Губарава (Valentin Gubarev) і Алега Цэлкава. Дыхтоўна зроблены гратэск, у якім празрыста бачна замілаванне да людзей і агіда да сістэмы.
Магчыма, я не зьвярнуў бы ўвагі на гэты раман, каб не кінутая ў вентыляцыю “крытыка” спадара Валерыя Гапеева (Valer Hapeyeu). У мяне спрацаваў савецкі ўмоўны рэфлекс “харошыя боты, трэба браць”. І я не памыліўся.
Яшчэ адна важная заўвага пра мову.
Першапачаткова я стаў чытаць “Бывшего сына”, але прыпыніўся на сярэдзіне. Расейская мова “арыгіналу” была нейкай няскладнай, не пасуючай да рэалеяў, якія апісвала, нязграбнай. “Былога сына” адразу было нашмат лягчэй чытаць… Было такое адчуванне, што спачатку я нібыта ўбачыў у падручніку чорна-белую літаграфію карціны (рускі тэкст рамана Філіпенкі), а потым прыйшоў у музей і пабачыў каляровы арыгінал (беларускі пераклад “Былога сына”)…
Некаторыя ўрыўкі зусім не гучалі па-расейску, альбо гучалі калечна-штучна, як напрыклад, аповед (не)партызана, выпадкова запрошанага ў ліцэй. Наогул, у мяне было такое адчуванне, што “арыгінал” не арыгінал, але аўтарскі пераклад на расейскую… напэўна, пераклад, які адбываўся аўтаматычна пад час напісання… У беларускім тэксце ўсё загучала арганічна. Таму, вялікі дзякуй ананімнаму перакладчыку за добрую працу – ён уратаваў для беларускай культуры геніяльны твор. І так сама дзякуй выдавецтву Гутэнберг (Gutenberg Publisher).
У літаратуры хіба ў адным творы я сустракаў апісанне жудаснай трагедыі накшталт нашай на Нямізе. Горкі, “Жыццё Кліма Самгіна”. Там ёсць пра Хадынку.
І вось Саша Філіпенка… Калі б толькі адна трагедыя і ад яе – тэма, было б зусім іншае. Але аўтар не спыніўся на адным рэзанансным здарэнні ў Беларусі – ён “выключыў” свайго героя на 10 гадоў, прымусіў прачнуцца, каб той стаў сведкам яшчэ некалькіх, самых гучных.
Тут мне прыляцеў першы флэшбэк (другі прыляціць пазней і трошкі аглушыць). Кома героя ў Беларусі, вяртанне памяці… Барыс Пятровіч, “Спачатку была цемра”. Пэўна ж, толькі з-за сціпласці аўтара кніга не атрымала належнага ёй розгаласу. Некалі я напісаў пра яе, але тэкст недзе і ляжыць нулямі і адзінкамі на дыску. Герой Пятровіча вяртаецца да памяці сам, вяртаецца доўга і пакутліва. І ў гэтым вяртанні ёсць роздум, ацэнка мінулага, ёсць пошук сябе і свайго месца. Маем самае сапраўднае будаванне рэчаіснасці на аснове толькі свайго успрымання, без прымешку чужых ацэнак. Працэс намаляваны захапляльна.
Саша Філіпенка выводзіць свайго героя з комы на раз-два.
Можаце кідаць у мяне камянямі. Але скажу, што ў гэтым тэксце ёсць відавочны элемент спекуляцыі на болю. Ніхто пра гэта ўсё разам не пісаў, пра нейкае адно нават было хіба два-тры тэксты. Нямігу ж хіба краталі?
Адна справа, калі ты кажаш, што кніга “не мая”. Іншая – калі агучваеш няўхвальны водгук. На тое, што іншымі ці не абагаўляецца, за што атрымана гэтулькі прэмій, што перакладзена… Водгукаў станоўчых было многа, вельмі многа. І вось самы нядаўні пад выданне беларускамоўнай версіі, дзе герой раману параўноўваецца з героем рамана “Лавец у жыце” Сэлінджэра. (я б расшарыў гэты водгук, але там гэтакі сайт для мужчын забараняе капіраваць ды браць. А як возьмеш, дык каб рэклама была). Вось з лепшага водгука на Лавлібе: “Неровный и не лишенный недостатков, он обладает в моих глазах неоспоримым достоинством – увлекательно рассказывает про современную Беларусь.” Увлекательно… Што ж там такое захапляючае? А во ў другім водгуку: “захватывает трагедию на Немиге похороны Быкова теракт 3 июля выборы 2010 теракт в метро 2011…”.
Набіраюся нахабства не захапіцца кнігай, якая так рэкламавалася:
«Классика жанра, химически чистый продукт: и молоко не обсохло, и сразу роман, и сразу о главном, и никакой политкорректности, и без оглядки на “талсюевских”, и – получилось. Обаятельный и талантливый ведущий телеканала “Дождь” дарит своим первым читателям редкую возможность – спустя много лет сказать детям или внукам: “Саша Филипенко? Помню-помню, как он начинал – “Бывший сын”. Не читали? Ну как же так! Очень рекомендую”. Саша Филипенко занял первое место в конкурсе “Русская премия” за 2014 год в номинации “Крупная проза».
Не нейкі нехта кнігу прэзентаваў – тэлевядучы. Але, б’ю сябе па руках і прыкусваю язык: прызнаючы мастацтва пісаць раманы, варта прызнаць і мастацтва іх продажу. Нічога асабістага, толькі бізнес.
Прабачце за такі доўгі уступ. Цяпер нешта адмоўнае казаць пра гэты раман – як проці ветру сцаць.
Не стану чапаць самую жудасную частку рамана. Да жудасці ідзе частка рэал, дзе на маё сціплае меркаванне можна б было і без мацюкоў. Над плошчай “Ябу я коласа” канешне ж, пасмяяліся масквічы. Ды і з мінчан такіх было нямала. Нам што, мы цярплівыя, мы звыкліся, калі іржуць з таго, што мы лічым за амаль сакральнае.
Гэтая частка рэал паперадзе – вельмі пазнавальная… Спрэчкі на педсавеце, дзе абавязкова нехта за, нехта супраць, а дырэктар – міратворац… І не важна, за што там ломяцца коп’і – гісторыя, палітыка ці вучні. Адзін будзе вельмі свядомы, другі – сталініст. Так мяркую, сэнс педсавету – паказаць, што там за настроі былі ў краіне. Не скажу, што атрымалася добра, аддае шаблонам.
Зазначу вось што: вельмі няпроста – перамагчы ў сабе прафесійныя навыкі. З гэтай кнігай відавочна не атрымалася “пераключыцца” цалкам. Наўсцяж у тэксце праскоквае журналістыка, і хай нехта даказвае адваротнае, гэта не паляпшае цалкам кнігу. Не верыцца, напрыклад, у такую гарачую прамову старшакласніка:
Перейди детскую железную дорогу, зайди в парк и посмотри сколько людей в начале века расстреляли только за то, что они говорили на своем языке! Ты просто представь себе всех этих людей! Просто представь что они были, а потом в один день их расстреляли. Расстреляли наши дорогие братья. Расстреляли не за кражи, не за убийства, не за разбои, но только за то, что они говорили на своем родном языке. На языке, на котором действительно думали…
Ад гэтай журналістыкі, мяркую, атрымаліся і героі. Калі станоўчы герой – бабуля, – дык ва ўсім. Калі адмоўны – доктар, – дык каб кляйма не было куды ставіць.
Бабуля… Апошні з магікан. Вобраз і сімвал: дабрыні, людскасці, любові, справядлівасці, вернасці, адданасці, рашучасці і – пералічвайце ўсе дадатныя якасці, якія згадаеце – іх ёсць там.
Галоўны герой? Не пабачыў. Ніякі. І нідзе. Нават ягоны сябра, той, каторы зводзіць рахункі з жыццём – куды больш сапраўдны.
І неўпрыкмет вымалёўваецца звышзадача і ідэя фікс: нармальным тут не месца.
Тут да мяне прыляцеў куды больш моцны флэшбэк.
Давайце разам. Значыць, бабуля. Як апошні носьбіт чалавечай годнасці. Калі да яе вяртаюцца – яна памірае. Сустрэчы не адбываецца. І герой застаецца сярод шэрасці, подласці і – далей пералічвайце смела ўсе заганы грамадства.
Успомнілі вядзьмарку Евы Вежнавец? Яе ўнучку?
Калі нехта мне запярэчыць наконт таго, што, маўляў, унучка вядзьмаркі знайшла крыніцу – і гэта як бы на нешта намякае… Прабачце: далейшую Беларусь будуць будаваць крымінальнік з алкашкай, больш некаму ж, так? А вы знайшлі самае неверагоднае месца ў кнізе “Па што ідзеш, воўча?”? Я ўсяму чысцейка паверыў, апроч аднаго. Як у канцы заводзіцца той самы трактар. Вось дзе пайшла фантастыка. Хіба не затым яна тут, каб падкрэсліць: толькі ў фантастыцы і здольныя беларусы на нешта.
Дарэчы, трэба заўважыць, што журналістыка і ў Евы Вежнавец праскоквае. І хай мова моцная і густая, але часам успаміны унучкі пра ўспаміны бабулі чытаюцца як газетны артыкул. І ёсць месцы, калі думае бабулька (ці алкагалічка?) як абвінаваўца міжнароднага трыбуналу.
…Гэту краіну трэба абгарадзіць калючым дротам. У ёй няма больш людзей. Там – асобіны. Там правіць баль хіжасць і подласць, угодніцтва і нахабства. Там – звяр’ё над звяр’ём, кожнае з якіх імкнецца вылезці і быць над іншымі. Там, за гэтым калючым дротам, не засталося нічога святога, тут затаптаныя ў гразь законы чалавечыя і запаветы Божыя.
Чым прыцягальная гэта кніга, а дакладней – гэтыя дзве кнігі для менавіта іншаземца? Помніце пра эфект замочнай шчыліны? Ты назіраеш за нечым страшным – а сам у бяспецы. Так і тут: ты чытаеш пра страшны народ, які страціў апошнія кроплі сумленнасці ў сваё душы – і табе добра, бо гэта не твой народ. Гэта не твае суайчыннікі забівалі, гвалтавалі, катавалі, рабавалі і – маўчалі, маўчалі, маўчалі, абыякавыя да чужых жыццяў, хоць тыя чужыя былі часам радней за родных. Абыякавыя да ўсяго, акрамя свайго трыбуха.
Каму не спадабаецца чытаць такое пра іншых, пра чужую краіну? Ты не такі – значыць, лепшы. І табе добра.
Чытайце – і дзівіцеся на гэтую выродлівую нацыю, якой не стаць чалавечнай. Бо – няма з чаго. Там усё – вымерла, і ваўку сапраўды няма ўжо па што ісці.
Саша Філпеннка (як і Ева Вежнавец) ніколькі не хавае сваёй гэтай думкі.
А мне гэта думка не падабаецца.
В. Г.
Валер! Добра, што ты намагнуўся агучыць свае думкі. Наўпрост, але далікатна. Мы становімся мацней!