Mercks Graz! Уладзіслаў Гарбацкі

Mercks Graz! Уладзіслаў Гарбацкі. Настальгічная аповесьць пра каханьне ў час чумы, падарожжы ў часе і дух эўрапейскага места, натхнёная месяцамі, праведзенымі аўтарам падчас кавіднай ізаляцыі ў аўстрыйскім Грацы. Гэта – шчымлівая і эмацыйная гісторыя геройства і рамантычнай повязі капітана варты Якаба і шэравокага аптэкарчыка Маціяса. Любаваньне з Замкавай гары Грацам і сузор’ем старадаўніх бажніцаў нагадваюць галоўнаму герою пра далёкае, але ўсё гэтак жа моцнае каханьне.

У кнізе таксама сабраныя падарожныя абразкі – замалёўкі эўрапейскага места, у якіх аўтар зь цеплынёю і лёгкім гумарам распавядае пра сёньняшні Грац і яго жыхароў. Нататкі перадаюць свабодную і ў нечым ідылічную атмасфэру эўрапейскага места, дзе багацьце гістарычнай архітэктуры і прыгажосьць горнага ляндшафту спалучаюцца з сучасным дызайнам і касмапалітнай культурай. Ад кулінарных цікавостак да незнарок падслуханых у чарзе гаворак, ад моўных кур’ёзаў да мясцовых расьлінаў – аўтар перабірае, як пацеркі, свае ўражаньні, якія перамяжаюцца з думкамі пра ягоны ўлюбёны Віцебск – колішні горды эўрапейскі горад, як Грац, пазбаўлены ў апошнія стагодзьдзі свайго духу і адметнасьці.

Уся кніга – прызнаньне ў любові да Грацу, а таксама да Віцебску і віцебшчыны – адметная мовай, якой яна напісаная. Аўтар сьмела ўводзіць у літаратурны ўжытак родныя яму віцебскія гаворкі – словы зь дзяцінства, пачутыя ад ягоных бабуляў, атрымліваюць новае жыцьцё на бачынках кнігі. Атрымліваецца шматслойны эфект: гістарычная аповесьць пра Грац ХVII стаг., насельніцтва якога было сьцертае паляндрай, успрымаецца праз прызму беларускіх гаворак, амаль сьцертых расейскай каляніяльнай палітыкай.

З анонсаў


Кніга пра аўстрыйскі горад Грац падчас эпідэміі,  дакладней,  дзвюх эпідэміяў,  бо дзеянне адбываецца паралельна ў 1679-ым і 2020-ым.

Людзі  за гэты час амаль не змяніліся, а вось медыцына зрабіла значны крок наперад ад тэрыяку і цінктуры ядлоўцу да двухэтаповых супрацьвірусных прышчэпак.  У першую эпідэмію чорнай паляндры насельніцтва горада вымерла амаль цалкам, але сам старажытны Грац захаваўся і перажыў яшчэ шмат якія катастрофы, захаваўшы і замак, і шматлікія храмы, і рынак з моравым слупом у памяць ахвяраў паляндры.

Ён дагэтуль вельмі ўтульны, прыгожы і добразычлівы. Яму, аўстрыйскаму Грацу, пашанцавала. Чаго не скажаш пра іншы сярэднявечны горад, беларускі Віцебск.  У старажытнасці гэтыя гарады былі падобныя, а цяпер паміж імі амаль няма нічога агульнага. Ці ёсць?

Можа, гісторыя кахання, сапраўднага, да самай смерці?  Або гісторыя перакладчыка, які вымушаны затрымацца ў горадзе праз каранцін? Ці нейкая іншая гісторыя пра падарожніка ў часе? Чытайце кнігу і вырашайце самі. Гэта – кніга пра гарады і іх жыхароў, прасякнутая духам сярэднявечча, еўрапейская, сумна-трывожная і трохі нетрадыцыйная.

Асабістая падзяка аўтару за пазітыўны вобраз аптэкара. У сучаснай літаратуры нас часцей малююць злачынцамі.

Paniardolynk Kva

 

Пакінуць адказ