«У табе жывуць галасы жывых і памерлых. Ты, як ракавінка, у якой шуміць мора…» Пісьменніцкі дзённік ёсць «ракавінкай», у якой «шуміць» эпоха. Шчыры і непасрэдны, у адрозненне ад «зробленасці» літаратуры фікшн, расповед аб часе і аб сабе.
Тым і прыцягальны. Прапушчаная праз лінзу свядомасці паэта шэрая паўсядзённасць ператвараецца ў самакаштоўныя карункі, пераносіцца ў прастору мастацтва, дзе ўсё — сімвал, артэфакт.
Самотны кляновы ліст на лаўцы. «Маладзік, як вялікі белы матыль, што ляціць да Бога». Першы снег, па якім ідзе чорны кот, «як па сцэне малады артыст». Неўзабаве — «залатая арда дзьмухаўцоў паціху захоплівае горад»… Як добра, што даводзіцца хоцькі-няхоцькі выходзіць з аўчаркай Міёнай на шпацыр па Мухлі ўранку і ўвечары, а змена сезонаў года робіцца той ніццю, на якую нанізваюцца назіранні, даючы жыццё паэтычным вобразам.
Дзённікавы раман, як і цяперашнія анлайн-дзённікі, ствараецца для таго, каб яго чыталі. У такіх варунках складана пазбегнуць наўмыснасці, захаваць непадробленасць інтанацыі. Віктару Шніпу гэта ўдаецца — магчыма, яшчэ і таму, што яго герой-аўтар цалкам пазбаўлены пазёрства, ніякім чынам не імкнецца прыхарошваць асабістае, адбіраць толькі прывабныя дэталі.
Раман поўніцца ўспамінамі пра беларускіх пісьменнікаў, якія адышлі ў лепшы свет, — аўтару даводзілася сустракацца з Янкам Брылём, Рыгорам Барадуліным, Яўгеніяй Янішчыц, Алесем Пісьмянковым, Алесем Разанавым, Анатолем Сысам, іншымі творцамі. Культурацэнтрычны чытач ацэніць такое, прыкладам, апісанне зімовага пейзажу: «Некаторыя краявіды, як карціны Валерыя Шкарубы, рэпрадукцыямі якіх аздабляецца кніга паэзіі Міхася Стральцова…»
Шчыра, як старому сябру, паэт распавядае пра справы сямейныя: вяселле дачкі, службу сына ў памежных войсках у Пінску. Апісвае літаратурныя імпрэзы, у якіх удзельнічае разам з жонкай, пісьменніцай Людмілай Рублеўскай. Не засталіся ўбаку і мітрэнгі рэдактарскай працы («Заблукаў у рукапісах, як у лесе»), і вучоба ў Літінстытуце (у раман увайшлі старонкі дзённіка 1985 — 86 гадоў).
Нібы рэчка пад снегам, за фактамі рэальнасці бруяе плынь сноў. Што толькі ні сніцца паэту, нават Парыж, дзе лавіў рыбу, а побач сядзеў сам Віктор Гюго. Але найчасцей сняцца родныя Пугачы. У снах паэт зноўку прачынаецца ў бацькоўскай хаце, дзе мама пячэ бліны, і вось-вось, здаецца, пакліча сына снедаць. Дзе на заснежанай лаўцы ля хаты сядзіць кот Мурзік, якога «гадоў сорак як няма». Дзе ўлетку можна было хадзіць па расе басанож, бо «раса была жывая і бацькі былі жывыя», а цяпер раса ледзяная і ад яе халодна нават у абутку. Бацькоўская хата цяпер стаіць пустая, і гадзіннік там «пасля запуску тры разы спыняўся і толькі на чацвёрты ажыў». Зразумелы кожнаму беларусу — выхадцу з вёскі вобраз-сімвал…
«Ператвараючы кожны пражыты дзень у літаратуру, ты сам робішся літаратурным героем…» І міжволі міфалагізуеш свой сусвет, свой асабісты — і агульны беларускі — космас.
Кожны раз, калі гартаю кнігу В.Шніпа ў мяне застаецца пасля яе прачытання, светлы сум. Ёсць у гэтых немудрагелістых нататак сэрца (сэрца паэта). Вядома, што тут няма ніякага эксперыменту, ці якога-небудзь пакручастага сюжэту. Гэта наша жыццё, гэта жыццё творчай асобы, гэта жыццё Беларусі… Хацеў бы параўнаць гэтую кнігу з люстэркам, у якое можна паглядзецца і ўбачыць, як свае хібы, так і свае вартасці (залежыць ад таго, з якім настроем і з якога ракурсу Вы будзеце ў гэтае люстэрка глядзецца).
Кніга чыталася на адным дыханні. Дзённікавы фармат прываблівае сваёй таемнасцю, шчырасцю. Хочацца даведацца пра што думае аўтар, што яго хвалюе… І пісьменнік шчодра дзеліцца сваімі думкамі, уражаннямі. Віктар Шніп не пакідае без увагі ніякай дробязі. Кожнае падарожжа, нават дарога на працу, ці проста назіранне з акна за мінакамі, ператвараецца для яго ў крыніцу натхнення. Толькі паэт можа так бачыць Свет.