Да гэтай кнігі я вярталася некалькі разоў, і вось нарэшце спакойна і ўдумліва яе прачытала. Спачатку яна з’явілася ў аўдыё фармаце, і яе паслухаў сын. Я слухала адным вухам, але сюжэт тады застаўся для мяне туманным. Потым я купіла кнігу, але Захар сказаў, што ўжо слухаў яе і добра памятае сюжэт, то хоча штосьці іншае.
🏆 І вось, пабачыўшы кнігу ў поўным спісе прэміі Гедройця, я вырашыла нарэшце яе прачытаць. Летась, дарэчы, яна перамагла ў конкурсе рукапісаў “Шуфлядка” і выйшла ў выдавецтве “Гутэнберг” у эфектным афармленні.
✏️ Сюжэт тут такі: бацька і двое дзяцей часта ладзяць росшукі ў старым кар’еры ля вёскі, у якой яны жывуць. Бацьку і старэйшую дачку цікавяць камяні, малодшага сына – тое, што можа ўявіць дэталямі касмічных караблёў, рэшткамі касмічных жывёлаў і г.д. Аднойчы бацька знаходзіць ружовы крышталь і прыдумляе для дзяцей легенду аб забраным сэрцы. Пра дыназаўраў, які называюць сябе гузамі і хмерамі.
🦖 Сама легенда шмат у чым вам нагадае нашае цяперашняе жыццё. На падзеі свету дыназаўраў можна абаперціся, каб пагаварыць з дзецьмі пра дыктатуру, прыгнёт, справядлівасць, самаахвярнасць і/ці жаданне захаваць сябе, пакліканне.
✨ Кнігу можна прачытаць як невялічкую прыгодніцкую аповесць. А можна зірнуць глыбей. Адно што самастойна дзецям гэта можа быць складана. Бо тыя фрагменты, дзе аўтар вуснамі галоўных герояў задае важныя пытанні, дзеці могуць проста прапусціць, як занадта абстрактныя. А менавіта ў іх, як мне падаецца, – самы цымес.
Ото мала нам было Камілы Цень…
Знаёмцеся – яшчэ інкогніта ў беларускай літаратуры: Эліяш Барт. У выніку дваццаці хвілін журналісцкага капання, магу сказаць, што аўтар любіць капацца ў зямлі, шукаць акамянеласці. У яго двое дзетак. Дзяўчынка і хлопчык. Мужчына нармалёвага целаскладу, на фотках прымалёўвае сабе галаву і хвост дыназаўра.
Працоўная версія: гэта муж Камілы Цень. Ці брат. А можа, гэта адно і тое ж.
У любым выпадку, гэта першая прыкрасць пры чытанні кнігі пра дыназаўра Джа.
Прыкрасць другая. Мне вельмі цяжка было вызначыцца, да якой катэгорыі аднесці кнігу. Фэнтазі? Дзіцячая? Аднёс да кніг для падлеткаў. Бо легенда – не фантастыка. І гэта не дзіцячы твор…
Прыкрасць трэцяя. Тэхнічна-выдавецкая. Нямала ў кнізе зносак, і яны патрэбныя. Але, сустракаючы зорачку, лезу ў канец старонкі, чакаю там тлумачэння. А яно, аказваецца, у канцы асобным слоўнікам. І пранумаравана. Але ж зноскі ў такім выпадку гэтаксама трэба нумараваць. І нашмат зручней было б паставіць той слоўнічак спераду. А сама правільна – тлумачыць усё ж словы ў канцы старонкі.
Гэта ўсе мае прыкрасці.
Кніга атрымалася цудоўная. І малюнкі, выкананыя чорна-белым, вельмі ж пасуюць да тэксту.
Кніга перамагла ў конкурсе Шуфлядка. І я адчуваю ўдзячнасць да сяброў журы Шуфлядкі – гэта насамрэч вельмі моцны тэкст, і як добра, што яго расчыталі. Чытаў урывак, суадносіў з іншымі, але цалкам уражанне склалася вось толькі цяпер, пры поўным прачытанні.
Яшчэ падумалася. Дыназаўры мільёны гадоў жылі на планеце. Ну хіба ж эвалюцыя застыла на месцы? Канешне ж, нешта там рухалася. Ці дайшло жа сапраўднага розуму? А чаму не? Мы не можам адмаўляць наяўнасць розуму ў сабак, дэльфінаў, варон… А таму сабаку гадоў, дарэчы, куды менш, чым апошняму дыназаўру.
Гэта я пра тое, што для мяне разумныя страшныя яшчары не падаліся нечым немагчымым. Тым больш, што іх цывілізацыя падаецца не тэхналагічнай, а зусім іншай.
Пра што легенда – усе чыталі анатацыю.
У гэтай гісторыі поўна алюзій. І тут столькі знаёмых рысаў, столькі паралеляў, так востра пастаўлены некаторыя пытанні, што міжволі сціскаешся. Гэта не проста легенда, гэта прытча, алегорыя.
Пытанні спадчыннасці і гістарычнай памяці, самаахвярнасці і асэнсаваннем галоўнага ў жыцці – тут, у гэтых дзясятках старонак.
Пра фінал трэба сказаць асобна, не буду спойлерыць, але, мяркую, не аднаго мяне паласне тугой і па так ужо аголеных нервах літаральна адзіны сказ.
Можна напісаць многа тоўстых кніг, пра тое што было, што ёсць. А можна вынесці з сэрца ўсім на вочы адну легенду. І яна раскажа нават больш.
Некаторыя рэчы нашым дзецям і падлеткам складана патлумачыць праз наяўныя рэчы. А вось з дапамогай гэтай гісторыі нешта можа і стаць куды больш зразумелым. І блізкім.
…Яшчэ раз вярнуся да дыназаўраў сапраўдных і іх магчымага розуму. Уявім, што чалавецтва на зямлі праіснуе яшчэ мільён гадоў. Уяўляеце, якімі дыназаўрамі будзем выглядаць мы перад тымі людзьмі? Хто ведае, можа як мы сёння (ці наш таямнічы аўтар) шукаем акамянеласці і зуб якога яшчара захоўваем як самы дарагі артэфакт, так наш далёкі прашчур будзе захоўваць пад шклом з выкананнем усіх належных кліматычных умоў цудам знойдзеную цудам ацалелую кнігу на беларускай мове…
Замовіць кнігу можна тут: https://knihi.by/bart-elijas-dza-lehienda-ab-zabranym-sercy