Дзявяты “Добры Слімак” – Кацярыне Барысенка

Дзявяты “Добры Слімак” – Кацярыне Барысенка

Так, мы ізноў сабраліся на сядзібе, дзе працуе незвычайная майстэрня “Добрае дрэва”, дзе ёсць шыкоўная зала для сяброўскай бяседы, дзе так утульна, таму што ўсё нязмушана. Тут прабачаць усякую памылку, тут і пасмяюцца добразычліва, і зарагочуць шчыра з удалага жарту.  Дзе гаспадары Уладзімір Буракоў і ягоная жонка Алена робяць усё, каб акрамя іншага, яшчэ і не засталіся госці галоднымі і не сасмяглі ўрэшце.

Як намі створаная прэмія, ты мы і вырашаем без асаблівых спрэчак: каму і за што. Пэўных крытэрыяў мы і самі не вызначалі. Нам каб па-майстэрску. Каб цікава. Каб незвычайна.

Кніга Кацярыны Барысенка – менавіта з такіх. Па-першае, зроблена яна хвацка. Выкананне менавіта майстэрскае. А змест – самы незвычайны. Пра кнігу напісана вось тут, паўтарацца няма сэнсу.

 

 

…Мы гаварылі пра літаратуру і культуру, пра, скажам так, ролю асобы і там, і там. Пра тое расказвала Кацярына Барысенка, што гэта першая кніга магла б стаць першай ластаўкай, за якой выйдуць ужо ладныя тамы менавіта вось такой кухні. Каб там была любімая страва (вядома ж, няхай і не імі прыгатаваная) Багдановіча і Купалы,  Быкава і… І, вядома ж, цяперашніх. Усіх і розных. Шырока вядомых і надта сціплых. Як заўважыла Кацярына, людзі любяць такія кнігі – пра добрыя стравы, ды яшчэ правераныя. Глядзіш, пачытае якая гаспадыня пра гатаванне курынай пячонкі з яблыкамі ад Евы Вежнавец – можа, і зацікавіцца аўтарам, яе творамі.

Падумалася: калі шлях да сэрца мужчыны можа пралягаць праз страўнік, то чаму б і не быць шляху да беларускай літаратуры праз кухню? Жарт, але ж у кожным жарце ёсць стрэмка.

Алесь Камоцкі

 

Спяваў Алесь Камоцкі. І вось жа скажы, адшукалася ў ягоным рэпертуары песня-рэцэпт: як гатаваць верашчаку. І была яна праспяваная першай, а за ёй і яшчэ былі, скажам так, блізкія да тэмы стала і кухні.

 

 

Алеся Сівохіна

Алеся Сівохіна, падазраю, скарыла не аднаго мяне сваім моцным і чароўным голасам і віртуознай ігрой на гітары. Тут, на сядзібе, я чуў ейныя спевы другім разам. І зноў яна мяне не проста здзівіла, але ўразіла неймаверна: яна напісала музыку да верша Коласа “Пасля навальніцы”, праспявала песню  – і гэты суровы дзядзька загучаў раптам так тонка-лірычна, так пачуццёва і з такім глыбокім падтэкстам…

Вось столькі прыемнасцяў выпала на адзін дзень…

В. Г.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме