Што ў гэтым сьвеце я? Сяргей Патаранскі

Што ў гэтым сьвеце я? Сяргей ПатаранскіВедаю паэтаў, якія баяцца апублічваць сваё кволае, слабое, нібыта яны прэтэндуюць на званне класікаў-небажыхароў, у якіх кожнае слова – як нейкая неверагодная каштоўнасць. Напэўна, маюць трызненне, што калісьці гэтае кожнае слова, як якога-небудзь Пушкіна, будзе надрукаванае ў поўным зборы твораў, думак і запісаў. А калі, не дай бог, штосьці слабое апублічыцца, то і не будзе поўнага збору.)

Зусім іншы Сяргей Патаранскі. Ён пісаў кілаграмамі. Дасылаў свае вершы ў рэдакцыі важкімі бандэролямі. Літаральна праз месяц у рэдакцыю магла прыйсці новая бандэроля. Яшчэ больш важкая.

Не ведаю, магчыма гэта была такая стратэгія, прабіць «браму» колькасцю. Ці можа так ліўся паэтычны матэрыял, што не было часу яго неяк рассарціраваць і апрацаваць. Маўляў, у рэдакцыях лепш ведаюць, там спецыялісты, там дадуць рады.

І часам давалі рады, знаходзячы сярод гэтых пакладаў сапраўдныя дыяменты паэтычнага слова. І былі публікацыі, і былі кнігі. Дарэчы, да першай кнігі «Залаты вецер» напісаў прадмову сам Рыгор Барадулін.

І вось нарэшце выйшаў зборнік лепшага выбранага Сяргея Патаранскага «Што ў гэтым сьвеце я?». Тут сабраныя як раз тыя дыменты, якія рэдактар-укладальнік «вымыў» з вялікага корпусу паэтычнай пароды, як вымываюць золаташукальнікі свае зыркія залацінкі.

І што тут скажаш? Спрацавала стратэгія «буры і націску». Кніга атрымалася, можна сказаць, класічнай. Чытаць яе – адно задавальненне.

Ну вось хаця б гэты верш:

Апошні месяц веку — лістапад —
час першага і злоснага марозу,
закінутых, азмрочаных прысад,
аголеных, пакінутых бярозаў,
стаў ціха ў садзе. А ў нябёсах дым
і адзінокі Сын Гасподні бродзіць.
І ўвесь Сусьвет, як Ён цяпер, — адзін
перад усім, што ў вечнасьць адыходзіць.

Або вось гэты:

Мы пясочныя людзі.
Тут пануе пясок.
Мы ж у сонца набудзем
супакою глыток.

Мы мяшканцы плянэты,
дзе дажджы не ідуць.
Мімалётнае лета
дасьць крыху адпачнуць.

Мы пясочныя людзі.
безразважлівы час,
прабіваючы грудзі,
працякае праз нас.

Ці вось гэты:

Не дакрычацца да цябе
ў аглухлай цішыні.
І растаюць на дне ў вадзе
халодныя вагні.

«Дзе ты?!» — крычу ў пусты прастор,
а ён бяствар і шыз,
і дробяцца бурштыны зор,
і падаюць уніз.

І хто цяпер аспрэчыць, што ты, Сяргей, выдатны паэт…

А.А.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме