Я абяцала, што пра кожны том тэтралогіі Крысціны Сабаляўскайце буду пісаць асобна, таму што яны таго вартыя. Таму – працягваю 🤗
✨ Тое, што Крысціна Сабаляўскайце дакладна ўмее – гэта трымаць увагу і круціць чытачом і так, і сяк, робячы яго то шчаслівым, то няшчасным 😅 Першы том скончыўся на вельмі цікавым і шматабяцальным моманце, і другі том я брала ў рукі, амаль цалкам перакананая, што даведаюся, як там далей былі справы ў Біронта з Уршуляй.
🤷🏻♀️ Але не! Аўтарка пачынае расказваць пра нейкіх іншых людзей з такімі ж прозвішчамі. І ты думаеш: хто гэтыя людзі?! Вярніце мне Ўршулю! Але праз пару старонак пра гэтых новых людзей таксама становіцца цікава чытаць, і ты ўжо не так злуеш на спадарыню Крысціну.
📔 Патроху становіцца зразумела, у якіх стасунках гэтыя новыя героі з папярэднімі. А вось гісторыю Біронта і Ўршулі Сабаляўскайце раскажа ледзь не ў самым канцы другой часткі. Але ўсё ж раскажа, белыя плямы перастануць быць белымі.
👌🏻 Гэтым прыёмам – расказваць не храналагічна, а тады, калі гэта найярчэй і найглыбей раскрые характар і матывацыі герояў, – аўтарка карыстаецца не раз і не два. І вось акурат тут я адчуваю, як мной круцяць і так, і сяк, але не маю нічога супраць. Бо робіцца гэта напраўду па-майстэрску.
👁️ Яшчэ адно, што выдатна робіць аўтарка, – гэта глядзіць на адны і тыя ж падзеі вачыма розных герояў. Тут мы будзем глядзець і праз вочы габрэйскага таленавітага лекара, і праз вочы шведскага афіцэра, і праз вочы расейскага палкоўніка.
❄️ У гэтай частцы “Silva Rerum” большасць падзей адбываецца ў Мільконтах, што месцяцца ў жамойцкай глыбінцы. Там жонка чарговага Нарвойша, Ганна Кацярына, па рашэнні мужа мусіла перачакаць чарговую вайну. Але менавіта туды прыходзіць з тузін шведаў, што адбіліся ад войска і шукаюць зімоўку. Пра няпростыя стасункі Ганны Кацярыны і ўсяго мільконцкага двара са шведамі – ладная частка кнігі. А напрыканцы на арэну выйдзе такі тая самая незабыўная Ўршуля з Нарвойшаў Біронтава, якую фізічна разбурае хвароба, але дух якой зламаць немагчыма.
❤️ Вельмі раю. І чытаю далей.

