Часам здараецца бяда, якая прымушае цябе пасталець. Так, ты можаш паспрабаваць збегчы, схавацца, як маленькі дзіцёнак за далонямі. Але жыццё не заўсёды бывае лагоднай мамкай і не даруе інфантыльнасці і ўцёкаў – з усяе моцы шкуматае за каўнер і прымушае прымаць рэальнасць.
Сорак гадоў таму, 26 красавіка 1986 года , такая бяда прыйшла на нашу зямлю – нябачная і таму яшчэ больш небяспечная. Бо як змагацца з ворагам, калі ён невідочны? Як паверыць у яго прысутнасць, калі ён не мае ні паху, ні колеру, ні матэрыяльнага аблічча?
Дзіцячыя ўспаміны высверкамі вяртаюць знакі, якімі напоўнілася тады прастора на самых розных узроўнях.
Лексіка: радыяцыя, ізатопы, уран, стронцый, мікрарэнтгены, зона адчужэння (колькі вусцішы акумулявана ў гэтым выразе – твая зямля раптам стала чужой, непадуладнай тваёй волі).
Пахі: нават напісанае слова “ёд” навязліва раздражняе слізістыя.
Гукі: згадка пра постапакаліптычны трэск дазіметра да гэтага часу выклікае пачуццё трывожнасці і небяспекі.
Знакі ў прамым сэнсе гэтага слова – калі ў лесе, у якім твае продкі стагоддзямі збіралі грыбы і ягады, раптам з’яўляецца “кіслотнаколернае” папярэджанне, што рабіць гэтага больш нельга. Плямістыя мапы – дзе твая вёска “па шчасці” зафарбавана жоўтым, а не цёмна карычневым колерам.
Кніга “Чарнобыльскія саракавіны” бібліятэчкі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі актуалізуе пытанні, звязаныя з вялікай экалагічнай трагедыяй, якая здарылася сорак гадоў таму. І ўжо толькі за гэта, варта было б падзякаваць яе стваральнікам. Вершы зборніка, у асноўным, маюць публіцыстычны характар, але ўзнятая ў іх праблематыка жывая і напоўнена асабістымі гісторыямі і ўражаннямі. Тэма разглядаецца з самых розных ракурсаў: гэта і вымушанае расстанне з роднымі мясцінамі, хатнія гадаванцы, якіх нельга забраць з сабою, гераізм ліквідатараў, апісанне таго самага дня, нявер’еў у небяспеку, хваробы, якія забіваюць тваіх блізкіх, шматлікія знакі, згаданыя вышэй і многія іншыя, адказнасць перад суайчыннікамі і светам.
Часам аўтары выходзілі на філасафічныя абагульненні, бо без іх сапраўды цяжка абысціся, калі пачынаеш разважаць пра крохкасць чалавечага жыцця, перад магутай касмічных сілаў.
Марына Помаз-Лайкова.
ЧАРНОБЛЬ
Зорку чалавек
паланіў,
Яе ў вязніцы
зачыніў.
Думаў, што над ёй
гаспадар –
Вось і здарылася
бяда.
Зорка ж вольная,
і яна
Не жадае быць
у кайданах …
Грымнуў выбух,
бачны здаля –
Не ўмясціла Зорку
Зямля.
Як і ў любым калектыўным зборніку, вершы ў кнізе розныя і па стылістыцы, і па якасці выканання. Часам яны выглядаюць занадта пафаснымі, рытарычнымі, часам простымі з паэтычнага гледзішча, але ў іншых творах, гэта кампенсуецца непадробным болем, альбо праўдзівай гісторыяй. Ператвараючыся ў амаль дакументальнае сведчанне і помнік часу.
Прайшло сорак гадоў, знакавая, як акцэнтуе ўвагу ў прадмове Леанід Крыванос, лічба. Узрост сталасці для равеснікаў катастрофы, якая прымусіла пасталець увесь свет. Падзеі, якая раздзяліла гісторыю на да і пасля. Ці будзем мы больш абачлівыя ў сваіх дзеяннях? Ці будзе вывучаны гэты жорсткі ўрок?

