«Чарнобыльскія саракавіны». Вершы паэтаў Міншчыны.  Рагнед Малахоўскі (укладанне)

«Чарнобыльскія саракавіны». Вершы паэтаў Міншчыны.  Рагнед Малахоўскі (укладанне)Часам здараецца бяда, якая прымушае цябе пасталець. Так, ты можаш паспрабаваць збегчы, схавацца, як маленькі дзіцёнак за далонямі. Але жыццё не заўсёды бывае лагоднай мамкай і не даруе інфантыльнасці і ўцёкаў – з усяе моцы шкуматае за каўнер і прымушае прымаць рэальнасць.

Сорак гадоў таму, 26 красавіка 1986 года , такая бяда прыйшла на нашу зямлю – нябачная і таму яшчэ больш небяспечная. Бо як змагацца з ворагам, калі ён невідочны? Як паверыць у яго прысутнасць, калі ён не мае ні паху, ні колеру, ні матэрыяльнага аблічча?

Дзіцячыя ўспаміны высверкамі вяртаюць знакі, якімі напоўнілася тады прастора на самых розных узроўнях.

Лексіка: радыяцыя, ізатопы, уран, стронцый, мікрарэнтгены, зона адчужэння (колькі вусцішы акумулявана ў гэтым выразе – твая зямля раптам стала чужой, непадуладнай тваёй волі).

Пахі: нават напісанае слова “ёд” навязліва раздражняе слізістыя.

Гукі: згадка пра постапакаліптычны трэск дазіметра да гэтага часу выклікае пачуццё трывожнасці і небяспекі.

Знакі ў прамым сэнсе гэтага слова – калі ў лесе, у якім твае продкі стагоддзямі збіралі грыбы і ягады, раптам з’яўляецца “кіслотнаколернае” папярэджанне, што рабіць гэтага больш нельга. Плямістыя мапы – дзе твая вёска “па шчасці” зафарбавана жоўтым, а не цёмна карычневым колерам.

Кніга “Чарнобыльскія саракавіны” бібліятэчкі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі актуалізуе пытанні, звязаныя з вялікай экалагічнай трагедыяй, якая здарылася сорак гадоў таму. І ўжо толькі за гэта, варта было б падзякаваць яе стваральнікам. Вершы зборніка, у асноўным, маюць публіцыстычны характар, але ўзнятая ў іх праблематыка жывая і напоўнена асабістымі гісторыямі і ўражаннямі. Тэма разглядаецца з самых розных ракурсаў: гэта і вымушанае расстанне з роднымі мясцінамі, хатнія гадаванцы, якіх нельга забраць з сабою, гераізм ліквідатараў, апісанне таго самага дня, нявер’еў у небяспеку, хваробы, якія забіваюць тваіх блізкіх, шматлікія знакі, згаданыя вышэй і многія іншыя, адказнасць перад суайчыннікамі і светам.

Часам аўтары выходзілі на філасафічныя абагульненні, бо без іх сапраўды цяжка абысціся, калі пачынаеш разважаць пра крохкасць чалавечага жыцця, перад магутай касмічных сілаў.

Марына Помаз-Лайкова.

ЧАРНОБЛЬ

Зорку чалавек
паланіў,
Яе ў вязніцы
зачыніў.
Думаў, што над ёй
гаспадар –
Вось і здарылася
бяда.
Зорка ж вольная,
і яна
Не жадае быць
у кайданах …
Грымнуў выбух,
бачны здаля –
Не ўмясціла Зорку
Зямля.

Як і ў любым калектыўным зборніку, вершы ў кнізе розныя і па стылістыцы, і па якасці выканання. Часам яны выглядаюць занадта пафаснымі, рытарычнымі, часам простымі з паэтычнага гледзішча, але ў іншых творах, гэта кампенсуецца непадробным болем, альбо праўдзівай гісторыяй. Ператвараючыся ў амаль дакументальнае сведчанне і помнік часу.

Прайшло сорак гадоў, знакавая, як акцэнтуе ўвагу ў прадмове Леанід Крыванос, лічба. Узрост сталасці для равеснікаў катастрофы, якая прымусіла пасталець увесь свет. Падзеі, якая раздзяліла гісторыю на да і пасля. Ці будзем мы больш абачлівыя ў сваіх дзеяннях? Ці будзе вывучаны гэты жорсткі ўрок?

Міхал Бараноўскі.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме