Я чытала і чакала, калі ж Ганна сарвецца і пачне расказваць пра літаратараў 20-30-х гадоў. Гэта адбылося! Праўда, на 175 старонцы і нядоўга. Бо кніга не пра тое. Гэта своеасаблівы дзённік настаўніцы, у якім яна расказвае, што адбываецца ў іх школе, якія сустракаюцца калегі і вучні. Важна, што імя настаўніцы ў кнізе супадае з імем аўтаркі — Ганна Канстанцінаўна, і выкладае яна таксама рускую мову і літаратуру.
Твор пачынаецца дысклеймерам, што ўсе падзеі выдуманыя, а супадзенні з рэальнасцю выпадковыя. Праўда, у інтэрв’ю Радыё Свабода Ганна пацвердзіла, што ў герояў былі прататыпы. Так склалася, што вобразы ў новай кнізе аказаліся даволі ўніверсальнымі. Мяркую, вопыт настаўніцкай працы ў Смалявіцкай гімназіі не быў лішнім для напісання гэтай кнігі. Вобраз горада і школы таксама зборны. Так магла б выглядаць сярэдняя школа ў любым невялікім правінцыйным мястэчку, дзе ўсе ўсіх ведаюць, бацькі могуць наўпрост звяртацца да настаўнікаў, а настаўнікі выдатна ведаюць сямейныя абставіны вучняў.
У творы процьма трапных заўваг наконт адукацыйных рэалій, знаёмых кожнаму, хто вучыўся ў школе. Прычым, няважна, ці гэта была савецкая школа, ці сучасная беларуская. Напрыклад, многія чулі роспачны лямант настаўніцы, калі бярэш з яе стала ручку, а ў адказ чуеш: «Не чапай, гэта журнальная!». А, журнальная, пакладу лепш на месца, гэта ж святое. Магчыма, у вас нават быў аднакласнік, якога добра ведалі не настаўнікі, а ўчастковы. А настаўнікі горача абмяркоўвалі, як правільна ставіць у журнал адзнакі за чытанне вершаў: у слупок ці ў розныя клетачкі.
Кніга паказвае недасканаласць нашай сістэмы адукацыі, калі настаўнікі замест індывідуальнага падыходу да вучняў думаюць выключна пра тое, як правільна запоўніць усе паперкі. А яшчэ гуляюцца ў “Бітву экстрасэнсаў”, калі ў пачатку навучальнага года пачынаюць думаць, хто ж з іх вучняў стане самым паспяховым і атрымае 100 балаў на ЦТ. Чаму яны мусяць пра гэта ведаць загадзя? Спытайце ў Міністэрстве адукацыі. Яны лічаць, што настаўнікі валодаюць звышздольнасцямі. Засталося толькі пачаць зараджаць ваду.
Гэта вельмі смешная, жыццёвая і цёплая кніга, прасякнутая любоўю аўтаркі да сваёй працы. А калі вы працуеце ў школе, то гэта проста мастрыд.
P.S. Ёсць, вядома ж, і мінусы — памылкі-памылачкі, куды без іх. Ніжэй парачка прыкладаў. Кнігу горш не робяць, але лепш бы іх не было.
Ёсць на свеце тры падобныя між сабой містычныя рэчы: Бермудскі трохкутнік, лятучы галандзец і чарэпіцкі кабінет хіміі.
А вось аўтарка, нягледзячы на дурацкія загады мінадукацыі, непаслухмяных вучняў і сапсаваныя нервы, школу вельмі любіць і з прыемнасцю апавядае пра калегаў, вучняў, бацькоў, выпускнікоў і начальства. І так апавядае, што ўбачыш яшчэ і сваіх настаўнікаў, аднакласнікаў і камісію з райана на адкрытым уроку. Я дык спаткала нават дырэктара сваёй школы, якога даўно няма сярод жывых.
Адным словам, перад вамі выдатная школьная аповесць, не, нават школьны раман, бо аўтарка не хавае свайго пачуцця. Прыемна чытаць тым, хто любіць успамінаць школьныя гады і карысна тым, хто даўно ўздыхнуў з палёгкай, атрымаўшы атэстат. Нават цяперашнія школьнікі знойдуць у кнізе штосьці для сябе.
Paniardolynk
Пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец выдала новую кнігу, у якой перад намі паўстаюць не Алесь Дудар ці Уладзімір Дубоўка, якіх мы прывыклі бачыць у іншых творах Ганны, а вучні і супрацоўнікі школы ў выдуманым беларускім мястэчку Чарэпіты. Той, хто прачытае твор, будзе адчуваць, што і сам скончыў гэтую сярэднюю школу. Настолькі знаёмымі падаюцца яе насельнікі.