У кнізе выбраных дзіцячых вершаў Алега Мінкіна паэтычна ўвасабляюцца нацыянальныя міфалагічныя істоты, ажывае раслінны і жывёльны свет, а таксама апяваецца беларускі каляндар.
Так пра гэтую дзіцячую кніжку кажа анатацыя, і наўрад ці тут можна што дадаць: пра паэзію Алега Мінкіна сказана многа і добра. Асабіста ў мяне “Зарапад” выклікаў немалое ўзрушэнне.
З другога боку, наўрад ці памылюся, што нехта з маладых бацькоў, абіраючы кнігу для свайго дзіцяці, можа прабегчы вачамі колькі старонак, вярнуць кнігу на паліцу і паціснуць плячыма: несучасна. Больш за тое, тут што ні вершык, дык абавязкова сустрэнецца слова, якое не ўсе бацькі і ведаць будуць. Вось, прыкладам, верш пра Дамавіка:
Вандруе па клеці сівы Дамавік,
Стукоча маркотна яго чаравік,
Чапляюцца вусы за ногі, a нос
Да сківіцы моркаўкай шызай прырос.Са скурчаных пальцаў тырчаць кіпцюры —
У жаху глядзяць на іх мышы з нары.
Вось ён, уздыхнуўшы, на бочку прысеў,
Расол горкі смокча і храпку грызе.I дзетак чакае, што ў цёмную клець
Прыходзяць пад ноч на яго паглядзець…
Ніхто не прыходзіць — і крыўдна да слёз:
Сапе ён і чэша марковіну-нос.
Клець, расол, храпка… А яшчэ ж і сам Дамавік, і гурба пытанняў: чаго ён у той клеці, хто ён такі, чаму дзетак чакае?
Не менш зразумелай будзе гісторыя пра Вадзяніка – а гэта ужо і насамрэч цэлая гісторыя, глыбокая і філасафічная:
I дзеўкі-русалкі ад бруднай вады
Даўно паўцякалі, сплылі хто куды.
Грукоча наверсе па рэйках цягнік…
Куды ж табе дзецца, стары Вадзянік?
Цудоўныя, вобразныя вершы пра месцы года (які ўвасабляюцца ва ўласныя вобразы) маюць тую ж асаблівасць: ці не ў кожным з іх знойдзецца слоўца – яскравае, прыгожае, адметнае і беларускае, ды можа застацца незразумелым нейкаму чытачу.
Не так і даўно вучылі з унучкай “Люблю мой край, старонку гэту…” Канстанцыі Буйло. Самі разумееце: нямала слоў і дзей трэба было тлумачыць гарадской дзяўчынцы, іначай верш раскідваўся на асобныя кавалкі, ніяк не звязаныя, а часам і пазбаўленыя зместу.
Бяда, іначай тут не сказаць. Дакладней, хвароба.
І калі так, дык “Зарапад” Алега Мінкіна – самыя што ні на ёсць сапраўдныя лекі ад бяспамяцтва. Бо тут кожны верш – цэлая вобразная гісторыя, тут мілагучнасць і эпітэты, якіх сёння ў новых “модных” кніжках ніяк не адшукаеш, тут прыгажосць беларускага слова. Гэта кніга для чытання дзецьмі менавіта разам з дарослымі – каб дарослым згадваць самім (калі трэба – дык вышукваць) і тлумачыць юным чытачам пра кажух з лісця, пра глыбокую строму, пра выццё ў коміне ды і пра валёнкі…
У пэўным сэнсе кніга быццам ляжыць на паверхні этнаграфічнага і сацыяльнага пласту нашай спадчыны, і кожны верш – уваход у глыбіню гэтага пласту і разам – брама ў сад беларускай вобразнасці, трапнасці і паэтычнасці.
Гэта – сапраўднае. Тое, без чаго мы – не мы.
В. Г.


Замовіць кнігу Алега Мінкіна “Зарапад” можна тут: https://knihi.by/minkin-aleh-zarapad