
Гэта складаная кніга аб простым. Мо нават, выкшталцоная пра банальнае.
Ёсць з’явы цалкам звычайныя, калі асярэдніць па чалавецтву, і разбуральна новыя, першасныя і зыркія для кожнага паасобку. Напрыклад, першы пацалунак альбо першы допыт па справе кахання да айчыны. Па маім асабістым, надта суб’ектыўным ўражанні, скрозь мяса, якое прыгатаваў Зміцер, ззяе першы досвед уласнай смяротнасці.
Тэарэтычна, усе ведаюць, што калісьці памруць. Мо, і бачылі нябожчыкаў на развітання і пахаваннях, і закрытыя прасцінай каталкі ў шпіталі. Але сапраўднае адчуванне ўласнай смяротнасці звычайна грукае ў пасталелую галаву. Цяжкая хвароба, аперацыйны стол, сябры і родныя, якія сыходзяць адзін за адным. Выгнанне.
Тады жывога абступаюць мёртвыя. Тады гаворыш з мінулым. Насамрэч, гаворыш з пустэчай, але розум насяляе яе прывідамі, мерцвякамі, якім памяць дае імёны і адценне жыцця. Бо з адчуваннем смяротнасці праходзіць і сумнеў ва ўласнай жывасці. Я яшчэ тут? Ці не? А здараецца, што навокал бачыш болей мёртвага ад жывога.
Мне кніга Вішнёва падалася спробай заклеіць дзірку ў сусвеце, адкуль патыхае трупярнай сцюжай. Таму тоўсты слой звычайна вішнёўскага: абсурд, гратэск, загадкі, эпатаж (даволі пасталелы, дарэчы), алкаголь як сродак пераключыць рэчаіснасць. Але гэта бачыцца вадкім студнем, празрыстай плоццю на халодных сталёвых костках. І яны тырчаць вонкі.
Часамі падаецца, што аўтара стамляе гульня, і бачыш простае: «Мне здавалася, што слова смерць з кожным уздыхам рабілася для мяне больш зразумелым». «Чым больш я думаю пра сэнс жыцця, тым больш разумею сваю бездапаможнасць». «Магчыма, у мяне не нарадзілася б кніга, калі б я не з’ехаў».
Ну, свабода, якая танчыць аголенай, раней ці пазней замярзае.
«Мяса» – шчырая кніга пра тое, як аўтар зазірнуў за мяжу жыцця і перадаў уражанні ў стылі камедыі дэль артэ. Хаатычным, крыху зласлівым. Адметным.
Раю.
Зміцер Магілеўцаў.
Калі крыху даўжэй і паспрабаваць патлумачыць — ніжэй некалькі разваг.
Аўтар адразу ў назве заяўляе пра множнасць сваёй прысутнасці. Вішнёў з’яўляецца ў тэксце і як персанаж, і як мноства ўласных альтэр-эга. Мяне да канца не пакідала адчуванне, што гэтыя клоны і альтэр-эга — больш Вішнёвы, чым галоўны герой, які амаль з усім пагаджаецца і выступае хутчэй назіральнікам ці робіць выгляд, што проста выпадкова прысутнічае.
Астатнія персанажы, здаецца, усе мёртвыя — нехта быў асабіста знаёмы з аўтарам, а хтосьці прысутнічаў у яго жыцці толькі як міф, але ўсе яны становяцца часткай яго памяці. Вішнёў разглядае яе пільней: дзе сапраўдны ўспамін, а дзе вымысел? І ці ёсць наогул розніца? Алесь Родзін і Джэймс Джойс, Ярыла Пшанічны і Эдвард Мунк — усе яны суіснуюць у гэтым свеце. Ёсць і яркае з’яўленне Янкі Брыля, пра якога ў «Бум-Бам-Ліце» 90-х было напісана мноства эпіграм.
У кнізе шмат смешнага і нямала змрочнага. Гротэск, як прынцып пабудовы, арганічна спалучае абсурдысцкія жарты з паэтычнай метафарай і экзістэнцыяльнымі развагамі. Ён таксама дазваляе пакідаць вобразы з размытымі межамі — як, напрыклад, кадык і шыя, што раптам становяцца самастойным тварам. У такія моманты мы ўглядаемся ў размыццё ў сваёй свядомасці і бачым, як на стыку вядомага і няпэўнага вымалёўваецца вобраз.
Напрыканцы — канцэпцыя лабірынта. Цікава, што героя ў лабірынце (сюжэтным, прасторавым, часавым) не цікавіць пошук нітак, здольных вывесці яго вонкі. Наадварот, яго хожанне па лабірынце грунтуецца на абрыве сувязяў. Кожная сустрэча, кожная размова — гэта знак парванай сувязі. І, магчыма, уся кніга ёсць фіксацыя гэтых разрываў — асабістых і тых, што непасрэдна звязаныя з беларускай трагедыяй: з рэпрэсіямі, страхам і вымушанай эміграцыяй.
Калі падсумаваць:
арыгінальна, завіхрэнна, смешна і душашчымліва.
Дзёрзкае і паэтычнае гучанне стварае змрочны свет, у якім усе рэчы маюць падвойнае дно. Каб перастрахавацца, ён (Зміцер Вішнёў) высмейвае ўсё, нават уласныя страхі.
(Tagesspiegel)
Гэта бязлітасная кніга пра страту і гвалт, і ў той жа час пяшчотная кніга пра каханне і сяброўства, пра радасць жыцця і мастацтва. Гэты раман — уцёкі і шлях да сябе.
(33 кнігі для іншай Беларусі)
Раман-лабірынт, які нагадвае адначасова падарожжа Дантэ ў пекла, плаванне Адысея дадому і камп’ютарную гульню-блукалку, у якой трэба адшукаць выйсце і выжыць. Сустрэчы з памерлымі сябрамі і вядомымі асобамі: Улдысам Бэрзіньшам і Алесем Родзіным, Андрэем Бітавым і Эдвардам Мункам, Янкам Брылём і Джэймсам Джойсам — шлях героя ў загадкавай капсуле часу будзе пакручастым, яму давядзецца сутыкнуцца з уласнымі страхамі і спазнаць самога сябе.
(з анатацый)

