Сарочае радыё. Кацярына Оаро

Сарочае радыё. Кацярыны ОарэСпакойны, просты, лёгкі аповед гучыць невыносна гучна, б’е па галаве, цісне і давіць.

Цікава, што шмат якія цытаты — незвычайны погляд, пра які хочацца думаць і думаць. Круціць, каб пазл нейкі склаўся. Зрабіла з іх карцінкі.

У аповесці многа Мінска. Свіслач, “ружачкі”, жанчына, што спявае пра Бога… Усё адразу пазнаецца, але быццам бы паказваецца праз нейкія чужыя акуляры. Цікавае адчуванне.

Канечне, рэзане тэма прорвы паміж двума пакаленнямі. Розныя мэты і каштоўнасці ў дзяцей і бацькоў. Розныя погляды. А бывае — яшчэ і мовы.

Шмат што тут можна было б напісаць, але сум у тым, што не напішаш. Сядзіць яно ўнутры, схавалася, скамячылася, сціснулася.

“Сарочае радыё” Кацярыны Оаро — аповесць пра наш складаны час, у якім, насамрэч, калі глянуць трохі глыбей, чым прызвычаіўся, усё проста.

volia_pisha.


Кніга выйшла больш за 10 год назад. І вось – яе чытаюць, пра яе згадваюць, пішуць. Мо б і не ставіў гэты водгук і гэтую кнігу на сайце, але ёсць нагода сказаць колькі слоў.

Некалі я пісаў пра кнігу. Ды і не мог не напісаць, бо аўтарка – мая зямлячка. Больш за тое, раней праходзіла практыку ў раёнцы, дзе я тады працаваў. І ў ейнай кнізе ёсць колькі землякоў яшчэ, якія пазналі сябе, шукалі пасля кнігу пачытаць.

Дасюль мне помніцца адчуванне ад кнігі – цёплае. Шчыры, нечым летуценны тэкс. Зрэшты, як я помню тады саму аўтарку – трошкі летуценную дзяўчыну з фенечкамі на запясцях.

Вельмі чакаў працягу – наступных твораў Кацярыны Оаро. Дачакаўся – і стала балюча. Бо раптам на рускай мове яна выдае кнігу пра тое, як напісаць і “раскруціць” сваю кнігу. Чытаць такое, зразумела, не стаў. Недзе бачыў, што выйшла і яшчэ нейкая кніга Кацярыны. І зноў на рускай мове.

Што ж, той выпадак, ад якога баліць, калі не спраўджваюцца надзеі. Канешне, безумоўнае права кожнага абіраць свой шлях і сваю мову. Ужо і час мінуў, і ёсць тысяча прычын для не проста апраўданняў, але для абгрунтаванняў, ды ўсё адно нечага баліць, як ад падману любімага (не кажу – каханага) чалавека.

Таму і стаўлю гэтую кнігу на сайце, стаўлю водгук і пішу свае словы. Кволіцца нейкая надзея. Раптам пачытае гэтыя радкі Кацярына Оаро і пра нешта падумае…

В. Г.

Пакінуць адказ