Часам панкі паміраюць. Сяргей Календа

Часам панкі паміраюць. Сяргей календа

” Магчыма, вы будзеце плакаць, і вашае жыццё ніколі ўжо не зробіцца ранейшым…” – абяцае анатацыя.

Ну не, я не плакала і не смяялася.

Я проста ўсведамляю, што ўсе апісанае ў кнізе – рэальнае жыццё: без прыўкрас, без пафасу і завуаліравання. Хіба не чуем лаянкі з кожнага вугла? Не бачым бамжоў і п’яніц, ды малалетак, якія шукаюць прыгод на сваю пятую кропку?

Я падтрымаю меркаванне тых, якія лічаць, што ў жыцці рознага бруду дастаткова, таму чытаць пра яго не вельмі хочацца. І мяне, прызнаюся, ў некаторых месцах чуць не ванітавала. Але… такія пачуцці ў мяне выклікала менавіта праслухоўванне кнігі. Гэта аніяк не звязана з агучкай – Бартосік усё зрабіў файна, толькі на слых пазл у мяне не складваўся . І тады я вырашыла… перачытаць яе яшчэ раз…. І ўсё атрымалася!

Будову кнігі сапраўды можна параўнаць з мазаікай: у ёй дзесяць ключоў, усе пранумараваны і маюць сваю назву:

0.alive,
1.бар,
2.вёска,
3.горад,
4.запалкі,
5. машына,
6. панкі,
7.раён,
8.раман,
9.сустрэчы.

Яе можна чытаць цалкам, каб злавіць ўсе сюжэтныя лініі. Ці абраць для сябе нумар часткі і сачыць толькі за ёй, склаўшы такім чынам для сябе стройнае апавяданне. (Што я і раю зрабіць)

Такім чынам, у мяне пазл склаўся наступным чынам:

✳️ Месца, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва, застаўляе ў душы найглыбейшы след. “Тут усё маё: мая памяць, мае магчымасьці, расчараваньні ды немагчымасьці, каханні і сьмерці родных”.

✳️ “У кожнага пісьменьніка мусіць быць свой бар, свая кавярня, сваё гарадзкое месца, дзе ён будзе ствараць помнік, пераўтварацца ў мясцовы помнік, пэрсону, да якой можна дакрануцца, зь якой можна выпіць і проста пагутарыць пра надвор’е…”

✳️ “Можна пераехаць куды заўгодна, але вёска ня знікне зь цябе.”

✳️ “Можна пераехаць куды заўгодна, але горад зь цябе не пераедзе проста так”.

✳️ З “крутога пацана” лёгка зрабіцца “ублюдкам”, але і на яго ў рэшце рэшт знойдзецца ўправа.

✳️ “Машына ня можа быць проста машынай у жыцьці мужчыны, таму машына — гэта таксама ягоная жанчына.”

✳️ “Часам панкі паміраюць…”

✳️ “Характар раёну – гэта людзі, а ўсе людзі – суседзі”.

✳️ “Геніяльны план помсты – зрабіць дзіцёнка”

✳️”Для мяне галоўнае – ператварэньне звычайнага сюжэту ў мастацтва”.

chytaju_zlupaj.


Гэтая кніга спадабаецца далёка не усім.
Жанр незразумелы, нават набліжэння няма ні да чаго з нам вядомых. Магчыма, гэта кніга-аповед, кніга-размова, кніга-успаміны. Гаворка пра “Часам панкі паміраюць” Сяргея Календы.

Тут усё памножанае на 100.

Калі нешта агіднае — то ў гэтай кнізе яно агіднае на 100%. Калі эратычная сцэна — то шакуе. Калі нешта нелагічнае — то складана прыдумаць нешта больш “паламанае ў логіцы”. Калі афарызм — то неверагодна дакладны, цэліць куды трэба.

Месцамі патрэбныя перапынкі ад страху рэальных ванітаў. І гэта не перабольшванне.

Тут цікавая іронія — пад густым вэлюмам. Ты сам вымушаны дамалёўваць дэталі і адценні колераў. Падаецца, што часам аўтар спрабуе кпіць з самога сябе, але раптам мяняе тон і дзеліцца чымсьці настолькі інтымным, душэўным, што табе становіцца сорамна. Быццам у душу заглянуў.

Прызнаюся, што я ўвесь час чакала, калі гэты чалавек, які хацеў наўмысна “зрабіць дзіця” замужняй каханцы, быў жорсткім з дзяўчынамі, ездзіў на машыне п’яны, — калі ж ён атрымае па галаве ад лёсу ці ад каго жывога. Ніякага спачування да лірычнага героя, 0% разумення шмат старонак.

…Фінал моцны, а такое вельмі люблю. Неяк цудам закруглілася кніга — атрымаўся дасканалы цвёрды шар, не калупнеш ні з якога боку.

volia_pisha

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме