10 пытанняў пра звяроў. Вольга Рацэвіч, Кацярына Сінічэнка

10 пытанняў пра звяроўУвосень я рабіла сторыз, дзе параўновала выданні серыі “100 пытанняў пра Беларусь” ад @mastlitaratura1972 і кнігу “Краіна з блакітнымі вачыма”. Параўноўвала і здзіўлялася, што кніга 2001 года лепш структуравана і аздоблена адпаведна мэтам, чым сучасныя. У апошніх выпусках серыі тэкст і ілюстрацыі жывуць сваімі асобнымі жыццямі. Бракуе інфаграфікі, мапаў і дакладных (а не абстрактных, няхай і прыгожых) ілюстрацый.

✨ Але! У бібліятэцы я нарэшце ўзяла ранейшы выпуск (нумар 2) – “10 пытанняў пра звяроў”, які выходзіў у 2023 годзе. І была здзіўленая тым, як ён класна зроблены. Кароткія тэкставыя блокі, вялікія і рэалістычныя ілюстрацыі (я перакананая, што ў нон-фікшн выданнях яны мусяць быць менавіта такімі), кароткія слоўнічкі, мапа размяшчэння нацыянальных паркаў, запаведнікаў і заказнікаў. Ідэальна!

📚 Здіўленая я была роўна да таго моманту, пакуль не пабачыла, што дызайнерка гэтага выпуска – Наста Капульцэвіч. Усе выданні, да якіх раней спрычынялася Наста, у мяне заўжды выклікалі эстэтычнае задавальненне (цяпер, дарэчы, чакаю кнігу “Піпі, або ружовае малпянятка” Карла Калодзі, якая выйшла напрыканцы года ў @technalohija.publisher і аформлілі якую Маша Мароз і Наста Капульцэвіч).

📙 У гэтым выпуску акрамя вялікай колькасці класных ілюстрацый (жывёлаў малявала Кацярына Сінічэнка), класныя і самі пытанні і адказы на іх. Ёсць базавыя (адкуль жывёлы ўзяліся на нашых землях і чаму зубр – сімвал Беларусі), але ёсць і незвычайныя: ці праўда, што мышы – выдатныя плыўцы, ці ёсць “вампіры” ў Беларусі?

👌🏻 Адказы канкрэтныя і – што каштоўна – лаканічныя. Дзякуй за гэта аўтарцы тэксту Вользе Рацэвіч. Такі атлас можна і з 4-5-летнімі дзецьмі чытаць і разглядаць, у адрозненні ад апошніх выпускаў пра горад ці птушак. Адчуваецца, што аўтаркі напраўду думалі пра маленькіх чытачоў.

🎧 Па qr-кодах можна паслухаць, як усе жывёлы, якія ёсць на старонках выдання, “гавораць”.

📖 “10 пытанняў пра звяроў”, серыя “100 пытанняў пра Беларусь”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2023. Аўтарка тэксту Вольга Рацэвіч. Дызайнерка Наста Капульцэвіч, ілюстрацыі – Кацярына Сінічэнка.

kniznyja_razmovy

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме