Чайны збор. Макс Шчур

Чайны збор. Макс ШчурМне даўно не хапала ў беларускай літаратуры такой кнігі вершаў. Менавіта з такімі верлібрамі.

У маладосці я захапіўся гэтай паэтычнай формай, якой у другой палове ХХ стагоддзя пісала ўжо амаль уся Еўропа. Я шукаў у кнігарнях перакладныя паэтычныя зборнікі і праз нейкі час ужо больш-менш арыентаваўся ў тагачасных паэтах з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхаславакіі, Польшчы. Зборнік вершаў Матса Траата «Осенние фуги», які выйшаў у 1981 годзе, я вазіў з сабой і дагэтуль з ім не разлучаюся.

Беларускія паэты ў той час таксама пісалі вольным вершам, напрыклад Максім Танк або Янка Сіпакоў, але гэта быў крыху іншы верлібр. У Сіпакова — хутчэй паэтычная проза, а ў Танка — лаканічная рэфлексія на навакольныя падзеі і ўласныя думкі, якія гэтыя падзеі або назіранні выклікаюць. Шчыра кажучы, сёння гэта мне вельмі блізка, і, у прынцыпе, цяпер я сам менавіта так пішу.

Але, але… Любоў да такога верлібру, як піша Макс Шчур, не прайшла. Такога метафарычнага. Такога медытатыўнага. Часам верш Макса — гэта проста набор метафар.

Пах чорнай гумовай шайбы
колы ікарусу ці бэтонамяшалкі
электрычнае й сонечнае сьвятло
на белай сьцяне мяшаюць жоўтую фарбу надвячорка

Вось і ўсё. Проста электрычнае і сонечнае святло на сцяне.

Або:

Самалёты сьлізгаюць па небе
з элегантнасьцю кёрлінгавых камянёў
паўлін крычыць як арбітар
мэдытуе ў садзе

Проста звычайныя праявы жыцця, на якія паэт адгукаецца метафарамі, часам аб’ядноўваючы ў агульны вобраз тое, што, здавалася б, не зусім і аб’ядноўваецца.

Здаецца, так можна пісаць бясконца: толькі паспявай круціць галавой і фіксаваць усё навокал. Але паспрабуй. Круціць можна, нават фіксаваць. А вось каб атрымаўся добры верш — гэта значна складаней.

Праўда, у кнізе ёсць і чыста апавядальныя верлібры, і паэтычныя развагі ды высновы на падзеі — а-ля Максім Танк. І шмат чаго яшчэ. Усё разам — гэта такі расповед пра жыццё паэтычнага героя. Раман у вершах.

І абсалютна заслужана кніга сёлета атрымала ўзнагароду — літаратурную прэмію «Гліняны Вялес». З чым аўтара і віншую.

АА

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме