Загадкі Белавежы
Выйшаў новы гістарычны раман Анатоля Брытуна
Майстра слова называюць «белавежскім летапісцам», бо яго ўвага звернута на гісторыю Белавежскай пушчы, якая непасрэдна звязана з лёсам яго роду. А. Брытун прыгадваў, што яго продкі жылі ў цэнтры пушчы. Дзед са сваім бацькам падчас Першай сусветнай вайны стралялі кайзераўцаў, якія пілавалі дубы і забівалі зуброў. У 1915 годзе сям’ю выселілі з іх сталага месца жыхарства. Анатоль Арцёмавіч адзначаў, што ў беларускай літаратуры раней не было мастацкіх твораў пра пушу, што дало магчымасць яму заняць гэту нішу. Ён прыняў на сябе ролю летапісца Белавежы – аднаго з найбуйнейшых масіваў першабытнага лесу.
1.
Гісторыя сям’і пісьменніка і мастацкая фантазія дапамаглі напісаць першы значны раман «Пах мускусу», які ў свой час вельмі ўразіў пакручастасцю падзей, мастацкімі апісаннямі чароўнага пушчанскага лесу і зваротам да гістарычнага мінулага пушчы. Новы твор пісьменніка «Стражнік пушчы» працягвае знаёміць з гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся на прасторах Белавежскай пушчы. У сваіх папярэдніх раманах «Пах мускусу», «Сяліба», аповесці «Шчарбіны яцвяжскай сякеры» і легендзе «Вечны стражнік, або Яцвяжскі ваяр пад Грунвальдам» аўтар апісваў розныя гістарычныя перыяды з мінулага Белавежскай пушчы. Тут – як падзеі Першай сусветнай вайны, так і часы яцвягаў і літвінаў, якія мужна змагаліся за сваю незалежнасць у барацьбе з вікінгамі, мангола-татарамі і крыжакамі.
Гістарычная проза А. Брытуна аб’яднана адным героем – Вечным стражнікам Белавежскай пушчы, з яцвяжскім паданнем пра якога аўтар знаёміць у новым рамане. Пісьменнік стварае яскравае апісанне знешнасці Вечнага стражніка, які ўжо шэсць стагоддзяў ахоўвае спакой пушчанскага лесу: «Надта старыя боты ягоныя былі вышэй кален, з грубай скуры. Адзенне – ад нагавіц да доўгага плашча – усё скураное, але вельмі аблезлае і пацёртае, быццам ён прайшоў праз стагоддзі. На поясе ў яго віселі з аднаго боку вялізны і цяжкі меч, а з другога – сякера, якая дакладна бачыла бітвы, бо была са шчарбінай. За спінай – просты, але вялікі лук і стрэлы ў калчане. Кудлатыя валасы ў яго ляжалі ажно на плячах. Твар парослы шчацінай, маршчыністы і ў шнарах. Ну, а вочы…». Згодна легендзе падчас Вялікай бітвы з крыжакамі (Грунвальдскай бітве) ён перамог магістра крыжакоў, і князь Вітаўт прызначыў яго стражнікам Белавежскай пушчы.
Праз усе гістарычныя творы пісьменніка праходзіць створаны ім вобраз легендарнага яцвяжскага князя Ердзівіла (іншыя імёны – Комат, Скірмунт і Эдзівід).
2.
У рамане «Стражнік пушчы» аўтар распавядае пра магілу князя, што схавана ў нетрах пушчанскага лесу пад магутным дубам, які называюць яшчэ Вартаўніком. Дуб расце ў глыбіні пушчы, ён ахоўвае магілу і саму Белавежу. Гэта святое месца, куды прыходзяць галоўны герой малады стражнік Глеб і іншыя жыхары, каб атрымаць дапамогу ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Вось што апавядае пісьменнік пра дуб: «Яцвягі сваіх ваяроў (са смерці князя Ердзівіла) заўсёды хавалі з дубовым жалудом, заціснутым у далоні. Жолуд хутка прарастаў і ператвараўся ў дуб – помнік палеглым. У яцвягаў лічылася, чым вышэй узнімаўся дуб, тым больш знакамітым быў воін, што спаў пад ім».
У новым рамане ў дэтэктыўна-прыгодніцкім стылі прадстаўлены гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў Брэсце і Белавежскай пушчы ў канцы XVIII – першай палове XIX стагоддзяў. У творы назіраецца паглыбленне гістарычнай праблематыкі, аўтар звяртаецца да некалькіх храналагічных перыядаў гісторыі. З дапамогай рэтраспекцыі праз успаміны аднаго з герояў рускага памешчыка Аляксандра Башафава, які атрымаў маёнтак высланага шляхціча Татаровіча каля Белавежскай пушчы, мы пераносімся ў 1792 год, калі ішла вайна Расійскай імперыі і Рэчы Паспалітай. Ваенныя эпізоды і важныя для краіны падзеі, якія згадвае Башафаў, уяўляюцца як асобная гістарычная эпоха, адлюстраванне якой важна для складвання сюжэта твора. Гэта цэласнае апісанне, у якім мастак слова звяртаецца да вобразаў рэальных гістарычных асоб: генерала Івана Раўтэнфельда, караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, расійскага генерал-маёра князя Паўла Цыцыянава, графа Якава Сіверса і іншых. Апісваючы гістарычныя падзеі, аўтар затрымлівае сваю ўвагу на апісанні сойма, які быў арганізаваны ў гарадзенскім замку, дзе рашаўся лёс Рэчы Паспалітай, адбываўся яе ІІ падзел (1793).
Для ўзнаўлення гістарычнага асяроддзя канца XVIII стагоддзя А. Брытун уключае апісанне народных свят і абрадаў. Аўтар распавядае пра свята дажынкі, што праходзіла на двары пана, які шчыра частаваў прыгонных сялян за збор ураджаю. У ролі «добрага пана» ў рамане – рускі памешчык Башафаў, які так тлумачыў сваё спрыяльнае стаўленне да мясцовых сялян: «Мы для іх чужынцы… Трэба прымаць іх звычкі і святы, іхнія абрады і іхні ўклад жыцця…».
3.
Сучасныя гістарычныя раманы не абыходзяцца без прыгодніцкіх элементаў, напрыклад, пошукаў скарбаў. У рамане «Стражнік пушчы» героі шукаюць скарб яцвяжскага князя Ердзівіла. Гэта быў залаты абоз хана Батыя, які захапіў князь падчас бітвы з татара-манголамі на Шэйбак-полі, а цяпер ён быў схаваны каля яго магілы. На пошукі золата накіроўваецца Аляксандр Башафаў, яго сын Павел, прускі афіцэр Крыгер і яго пляменнік Карл. Спыняе рабаванне старажытнага склепа стражнік пушчы Глеб. Важную ролю ў творы адыгрывае старажытная карта Белавежскай пушчы часоў Вялікага Княства Літоўскага, пры дапамозе якой можна знайсці магілу легендарнага Ердзівіла, а таксама гістарычныя нататкі шляхціча Татаровіча пра станаўленне Літвы, яе сталіцу Наваградак, каранаванне караля Міндоўга і іншыя гістарычныя факты мінулых часоў. З гэтымі артэфактамі знаёміцца Аляксандр Башафаў, калі шукае старажытны скарб.
У цэнтры ўвагі пісьменніка таксама рамантычная лінія – каханне Глеба да прыгоннай дзяўчыны Марфы і спробы яе выкупіць. Гэтая гісторыя прываблівае чытача меладраматычнымі элементамі, якія накіраваны на стварэнне інтэнсіўнага карыстальніцкага водгуку, уключаюць эмацыйнасць, вострыя інтрыгі, проціпастаўленне дабра і зла, што прымушае сачыць за разгортваннем падзей. У твор ўплецены і элементы дэтэктыва: малады стражнік, бацькі якога былі забіты, калі ён быў зусім малым, спрабуе знайсці забойцу родных. Пазнаць яго можна па залатым медальёне ў выглядзе старажытнай манеты. Пакручастыя лёсы галоўных герояў стражніка Глеба і Аляксандра Башафава цесна пераплецены, аўтар трымае інтрыгу да канца твора, вельмі нечаканай становіцца яе развязка.
Таццяна Лаўрык.
ЛіМ, 25.09.26.

