Святая ноч. Эдуард Акулін

Эдуард АкулінУ Дзень паэзіі – пра паэта і паэзію. Гэта кніга выйшла раней за акрэслены ўмоўны перыяд, з якога бяром на сайт кнігі, але даслалі крытычны водгук на яе. І не адзін. Значыць, варта і парушыць свае правілы.


Такіх кніг сёння як раз і не хапае. Даўно ўжо не выдаюць да юбілеяў пісьменнікаў зборы твораў няхай сабе і ў адным томе. Відавочна гэтая практыка назаўсёды адышла ў мінулае. А менавіта па такіх кнігах, якія ўтрымліваюць вялікі аб’ём тэкстаў, і што вельмі істотна – з розных этапаў творчасці, можна скласці цэльнае ўяўленне пра творцу.

Вось і Эдуард Акулін у кнізе “Святая ноч” – як на далоні. З усімі ягонымі якасцямі, прыхільнасцямі і эстэтычнымі арыенцірамі. Па гэтай кнізе можна прасачыць усе вехі паэтычнага сталення паэта.

Эдуард Акулін належыць да пакалення “Тутэйшых”, якое сёння выйшла на першы план у беларускай літаратуры. Прыйшоў час гэтаму пакаленню пераймаць у старэйшых калегаў адказнасць за лёс роднага прыгожага пісьменства.

Прыналежнасць да “Тутэйшых” моцна адчуваецца ў вершах Акуліна, напісаных прыканцы 80-х – пачатку 90-х. Яны з выразнай дамінантай патрыятычнага гучання. Шмат вершаў прысвечана слаўным старонкам беларускай мінуўшчыны і славутым дзеячам айчыннай гісторыі. У некаторых тагачасных вершах задужа патрыятычнага пафасу, і сёння гэта выразна заўважна. Паралельна паэт піша і чыста лірычныя вершы, якія складаюць “залаты фонд” Акуліна. Менавіта на лірычныя вершы таго часу напісаныя лепшыя песні Акуліным-бардам.

І зусім іншага Акуліна мы бачым у ХХІ стагоддзі. Ён робіцца больш шчырым, менш трафарэтным і пафасным. Ягоныя паэтычныя знаходкі часам надзвычай уражваюць, ягоныя метафары – свежыя і нечаканыя, ягоныя вобразы – праўдзівыя і празрыстыя, ягоныя пачуцці – разняволенныя.

І яшчэ варта адзначыць Акуліна-паэта як наватара беларускага вершаскладання. Ён асіліў практычна ўсе асноўныя паэтычныя формы. І нават напісаў акрапаэму “Шлях да Радзімы” паводле верша Максіма Багдановіча “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…” Паэма атрымалася змястоўнай і філасофскай.

Увогуле філасафічны роздум над каханнем, жыццём і смерцю робіцца ў пазнейшых вершах Акуліна скразной тэмай. І паэзія праяўляе сваю асноўную таямніцу – калі адчуваеш, што ёсць яшчэ нешта паміж радкамі, але не ведаеш як гэта назваць.

Проста нешта ў Сусвеце ёсць
Не названае нават словам.

Torvald5


Творчасць папулярнага сучаснага беларускага паэта Эдуарда Акуліна, які вядомы таксама як бард і перакладчык, уяўляе сабой разнастайную карціну свету са шматслойным кантэкстам. Безумоўна, сучасная паэзія мае даволі вялікую колькасць паэтаў, чыёй творчасці ўласцівыя інтэртэкстуальныя сувязі. Яны дапамагаюць творцам-сучаснікам актыўна выпрацоўваць сваю індывідуальную манеру пісьма, свой непаўторны голас у шматлікім паэтычным ансамблі. Сярод іх імёны Андрэя Хадановіча, Леаніда Дранько-Майсюка, Віктара Вабішчэвіча, Алеся Разанава, Аляксандра Скарынкіна, Віктара Шніпа і многіх іншых.

Наш зварот да творчасці Эдуарда Акуліна абумоўлены яшчэ і тым, што мастацкае слова паэта не толькі з пункту гледжання інтэртэкстуальнасці, але ўвогуле цягам доўгага часу застаецца амаль па-за ўвагай даследчыкаў. Сустракаюцца спарадычныя артыкулы, прысвечаныя пэўным аспектам яго творчасці.

Як паказвае першае набліжэнне да паэзіі Э. Акуліна, яе тэкставая “манада” вельмі яскрава дэманструе самыя розныя праявы катэгорыі інтэртэкстуальнасці, пачынаючы з разумення характару культурнага дыялогу, рэакцыі на папярэднія тэксты да асаблівасцей выкарыстання паэтам “чужога слова”, спосабаў яго перакадзіравання. Характар інтэртэкстуальных сувязей, што ўзнікаюць у творах Э. Акуліна, даволі рознабаковы. Сярод акулінаўскіх інтэртэкстэм вылучаюцца: цытаты (яўныя – маркіраваныя і прыхаваныя – немаркіраваныя); алюзіі; эпіграфы; рэмінісцэнцыі; кампазіцыйныя сувязі тэкстаў.

…У паэзіі Э. Акуліна знаходзім розныя паэтычныя формы – рандо, актава, трыялет, тэрцыны, віланэль, рытурнэль, канцона, газэля, туюг. Калі параўнаць са спадчынай М. Багдановіча, які ўводзіў розныя новыя жанры і “прышчапляў” іх да беларускай глебы, дэманструючы тым самым, што беларуская паэзія таксама прыдатная да ўсялякага шэрагу новаўвядзенняў, няма тых формаў, якія б не былі ўласцівыя нашай нацыянальнай літаратуры, то Э. Акулін, хутчэй, аддае даніну памяці М. Багдановічу, выкарыстоўваючы іх у сваёй творчасці. Большасць трыялетаў Э. Акуліна маюць інтымныя матывы, што збліжае яго з класічным трыялетам. Напрыклад, “Трыялет”:

Каб толькі бачыць Вашы вочы,
Каб толькі Вас адну любіць.
Гатоў ахвяраю я быць,
Каб толькі бачыць Вашы вочы.
Каб толькі іх бяздонне піць,
Я прачынаюся штоночы.
Каб толькі бачыць Вашы вочы,
Каб толькі Вас адну любіць…

…Выкарыстоўвае ў сваёй творчасці Э. Акулін і няяўныя рэмінісцэнцыі. Самым яркім прыкладам выступае акрапаэма “Шлях да Радзімы”, якая, складаючыся з 15 частак, нагадвае па форме вянок санетаў: апошні радок папярэдняй часткі з’яўляецца пачатковым для наступнай. Да таго ж, апошняя частка складаецца з першых радкоў папярэдніх (такое правіла вытрымліваецца ў апошнім санеце з вянка санетаў).

Праўда, Э. Акулін не вытрымлівае да канца такое архітэктанічнае кальцо: ён двойчы адступае ад канону вянка санетаў.

…Тэкст Э. Акуліна фарміруецца на аснове папярэдняй тэкставай прасторы: ён убірае ў сябе ўвесь назапашаны культурны багаж і аздабляецца новымі, прыўнесенымі ў пэўнай хранатопнай сістэме каардынат, сэнсамі. Прысутнасць “чужога слова” ў творах Э. Акуліна выглядае вельмі натуральна, не заўважаецца наўмыснасці і “абцяжаранасці” паэтычнай думкі. Наадварот, інтэртэкстуальныя элементы, што прысутнічаюць у тэкставай тканіне акулінаўскага паэтычнага слова, выконваюць генератыўную функцыю і цалкам апраўданы творчай задумай паэта. Характар інтэртэкстуальных сувязей, што ўзнікаюць у творах Э. Акуліна, разнастайны. Сярод акулінаўскіх інтэртэкстэм вылучаюцца: цытаты, алюзіі, эпіграфы, рэмінісцэнцы, кампазіцыйныя сувязі тэкстаў. Інтэртэкстуальныя элементы актуалізуюць пэўныя грані сэнсу тэксту-папярэдніка, мадыфікуюць і ўзбагачаюць новымі сэнсамі творы паэта.

Інтэртэкстуальны аналіз дыскурснай прасторы Э. Акуліна патрабуе ад рэцыпіента дасведчанасці і высокай эрудыцыі. Каб раскадзіраваць сэнсы, якімі шчыльна напоўнены акулінаўскі тэкст, трэба ведаць тэксты папярэдняй культуры і культуры акаляючай.

Т.А. АЛЯШКЕВІЧ,  канд. філал. навук (з артыкула інтэртэкстуальныя элементы ў творчасці Э. Акуліна).

 

Пакінуць адказ