Не паверыце: гугліў, ці ведае хто дакладны адказ: навошта Снежная каралева скрала і зняволіла Кая? Аказваецца, не я адзін такі дурны – многія шукаюць, і версій шмат. У асноўным, у хрысціянска-маральным стылі. Адам Глобус мае свой адказ: хацела Каралева, каб Кай вырас у караля, а пасля яны разам будуць катацца на каньках па возеры, якое завецца Люстэркам розуму…
Гэтым мне і імпануюць казкі Глобуса – яны заўсёды нечаканыя. Нечаканы пачатак, нечаканае развіццё сюжэту. І нечаканы фінал. Замест словы “нечаканы” можна ўжыць арыгінальны. Ці непрадказальны. Ці парадаксальны.
У казках Адама Глобуса (а гэта не першая кніга з падобнымі тэкстамі) ёсць не адна асаблівасць. Першая: вось такое, ажно скажам, нахабнае сумяшчэнне бытавога, нават часам і асацыяльнага ўзроўню з чараўніцтвам, фантастыкай, містыкай, міфалогіяй і Уолт Дыснеем. “А што, так можна было?” – задаешся пытаннем, бо ж гэтае спалучэнне ўрэшце атрымалася неверагодна суцэльным, кампактным і… звычайным. Бо яно – арганічнае. Бо так атрымалася, а правільней, так зроблена.
Другая асаблівасць казак, не толькі гэтых, у кнізе, у тым, што яны – частка міфатворчасці. Хто сочыць за допісамі Глобуса ў ФБ ці ВК, і чытае пастаянна, той упэўніўся, напрыклад, што універсам “Цэнтральны” – надта загадкавае месца. Трэба адзначыць, што наўрад ці хто яшчэ з нашых пісьменнікаў так настойліва, гэтулькі часу міфалагізуе Мінск. Пры тым, што горад ад пачатку не меў хоць колькі цікавых легенд, а ўжо Цэнтральны – ну такое вядомае і такое, нават, прыземленае месца.
Трэцяя асаблівасць казак – яны цалкам і наўпрост пазбаўлены маралізатарства, маралі ці нейкіх іншых сэнсаў, кшталту “дабро перамагае”. Так было – і ўсё. Проста было. Не шукайце прычын, не імкніцеся зразумець учынкі казачных герояў і тым больш, іхнія думкі. Мне, напрыклад, таксама шкада дзяцей, якіх патаптала Гарохавая баба, хоць яны і выканалі яе загад. Нельга зразумець логіку нетутэйшых істот. Вось гэтай “чужаніцай” прасякнуты многія казкі – і ты мусіш мірыцца з тым, што не ўсё паддаецца чалавечай логіцы і твайму разуменню.
Глобус стварае свой казачны свет сваімі ж мастакоўскімі прыёмамі: ён змешвае, на першы погляд, несумяшчальнае, ён кладзе словы-фарбы кароткімі дакладнымі (нехта западозрыць – трошкі неахайнымі) мазкамі, і на выхадзе маецца цэльнае і завершанае. Ці то палатно, ці яскравы малюнак. Глобуса не атрымаецца папікнуць у адсутнасці майстэрства. У яго – свой сусвет.
Іншая справа, што далёка не кожнаму такі сусвет даспадобы. Зрэшты, не бачу тут нават і ценю трагедыі. У любым разе, для мяне разуменне ўсімі любімымі аўтара існаваць не можа. Можа быць агульнапрызнаны. Тут зноў вярнуся да ранейшага свайго допісу: творчасць пэўнага майстра не павінна задавальняць абсалютна ўсе густы. Кожнаму аўтару – свае прыхільнікі. І ад гэтага талент пісьменніка не змяншаецца ніколькі.
Бо казак напісана, разам з гэтай кнігай, мо ўжо сотні. І не можа не ўразіць такая багатая фантазія аўтара. Калі лічыце, што прыдумляць вось такія, кароткія і быццам простыя гісторыі, лёгка – паспрабуйце. Канешне, без цяжкасцяў можна паўтарыць. Хоць тую казку, дзе вядзьмарка бабу з дзедам, каб выправіць іх бяду, пасылае ў… “Карону” да прадавачкі. Мы ўсе (ці большасць) “так умеем”, калі бачым нешта ну такое быццам простае – ці то намаляванае, ці то напісанае. Але вось жа нешта мала стваральнікаў сапраўды арыгінальнага…
…Іншыя казкі западаюць у свядомасць, нейкі час нават муляюць, шкадуеш, што аўтар зрабіў такі нечакана-трагедыйны фінал – хоць бы ў гісторыі пра Ікара і Аблачынку. Заплакала, называецца, ад шчасця. Недзе задумаешся: а якую б ты частку цела аддаў галоднай Смерці, калі б раптам завітала да цябе?
Казкі-пераказкі – няроўныя, можна і так сказаць пра іх: большыя, меншыя, кароткія, з героямі міфаў, з фальклорнымі героямі, з казачнымі і цяперашнімі-мульцяшнымі. І з людзьмі. Разам усё гэтаксама дадае да агульнага палатна думку аб бязмежнасці і усёмагчымасці, і адначасова аб чалавечай немагчымасці вось так сходу ўсё зразумець-патлумачыць, усё раскласці па паліцах. Не атрымаецца…
В. Г.
Як прыклад, яшчэ водгук на ранейшыя казкі Адама Глобуса
Казкі – якасная рэч у стылі дзіцячых страшылак: атмасфера апускання, дынамічныя сюжэты з належнай доляй абсурду і, жарты жартам, нечаканыя фіналы.
Праўда, чытала ў зборніку ‘Convolutus’ з кучай іншых твораў, таму заадно сфармавалася вызначанае меркаванне аб аўтару… І, па-праўдзе кажучы, некаторых рэчаў мне было б лепш не ведаць. Цяпер аддзяліць мух ад катлет я ўжо не змагу 🙁
Hi, I do think this is an excellent web site. I stumbledupon it 😉 I am going to return yet again since I bookmarked it.