“Глобус я цябе люблю” – напісаў Анатоль Сыс на падараваным Адаму Глобусу зборніку, “то ўзаемна” быццам адказвае Адам Глобус сваёй кніжкай пра Анатоля Сыса.
Праўда… Ёсць падазрэнне, што гэта любові розныя – адно пачуццё блазнаватае, другое – досыць шчырае (sic!). Глобус пабачыў цуд… і сведчыць пра яго з паслядоўнасцю вартай ухвалы.
Тое, што гэта робіць хрэстаматыйны бэд-гай беларускай літаратуры досыць цікава. Цяжка знайсці творцаў менш падобных адзін на аднаго па тыпажу чым яны. Але ж во глядзіце… З усімі агаворкамі, фірмовай “сучаснікавай” рыторыкай у раскрыцці героя кнігі, не самы закамплексаваны аўтар у нашай прасторы, уласнаруч выбудоўвае іерархію. Аддаючы належнае таму, што немагчыма патлумачыць. (Насамрэч пачуццё больш складанае, але гэта тэма асобнай гутаркі)
Пісьменнік пастулюе геніяльнасць Сыса і ганарыцца, што яго пакаленне дало Беларусі генія. Сапраўднага паэта. Ці наадварот – геній даў беларусам Беларусь, а сам распусціўся з яе з’яўленнем. І гэта яшчэ больш заварожвае…
А як іначай… калі пасрэдны аўтар (пачытайце “вучнёўскую” кнігу “Берагі майго юнацтва”) ператвараецца раптам у голас “тутэйшых” (пачытайце кнігі “Пан лес” і “Агмень”) і пасля перакуляецца ў бажавоўка… Метамарфозы вартыя не адной кнігі. Магнетычная постаць…
“У вершах Сыса цячэ алкаголь. Дакладна. Але ў голасе Толіка той алкаголь утрая мацнейшы. Сыс чытае вершы дзіўным, шаманскім, лацінаамерыканскім голасам”.
Аддаю належнае, ды… Сыс не мой герой, не мой паэт, але мне цікава думаць пра яго і яго талент, зорную хваробу (яна была?)… самаразбурэнне (ад бяссэнсіцы?)… блазнаванне (ад ледзянога суму і самоты?)… вяртацца да паасобных кніг і твораў.
“Ён п’е з усімі, але застаецца самотным…” – вось і я пра гэта.
Пацір
Знайшлі пацір слязамі поўны,
ніхто не ведае чыймі.
Сярэбранае ў срэбным —
поўню
пакутнік нейкі расчыніў.
Ад зла, спакус, грахоў замову
гугнявіў голас за сцяной…
Знайшлі на дне паціра слова,
з малітвы выпала яно:
Кахаю —
вочы прачыталі,
Кахаю —
вусны прашапталі,
Кахаю —
душы прастагналі,
Кахаю —
людзі закрычалі.
Каго?
Паэт сказаў: Айчыну!
Жаўнер: дзяўчыну!
Хтось: сябе!
I сталі дружна, шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе.
А ён канчаўся у знямозе —
ніхто яго не пакахаў,
з паціра выплюхнулі слёзы,
і налілі праз край віна,
і сталі дружна, шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе,
паэт сказаў: п’ем за Айчыну!
I кожны выпіў: за сябе…
Кніжыца “Наш паэт Анатоль Сыс” сабрала пад адной вокладкай ранейшыя публікацыі і новыя замалёўкі. Факцікі, назіранні, разгорнутыя думкі, дзённік. Яны розныя па настрою і змесце. Ад літаратуразнаўчых разваг да жоўтага снегу – бойка з жонкай Адама Глобуса, твар пагрызены сабакам, вядро віна, пісталет, бісэксуальнасць, блазнота і п’янкі. Але ж…
Вельмі цікава, як зборнік мініяцюр-успамінаў будзе чытацца прадстаўнікамі розных пакаленняў. Бо для адных гэта быў паплечнік, суўдзельнік літаратурнага працэсу, субутыльнік на п’янках, а для другіх – міфалагічны персанаж.
Я належу да апошніх, таму чытаю жыццяпіс паэта Анатоля, як літаратуру. Нехта скажа, было не так – то напішыце сваю кнігу. Хто замінае? З інтарэсам пачытаю.
З.Ы. Пастскрыптумам няхай будзе мініяцюра “Памяць”, якраз пра меморыі…
1993.
П’ю з паэтам Сысам. Напіваемся.
– Каб зараз прыйшоў сам Бог, дык заўтра мы не ўспомнім, што Ён прыходзіў! Кажа нехта з нас.
– Успомнім. Ён – запамінальны! – нехта некаму пярэчыць.
Праз некалькі дзён пытаюся ў Сыса:
– Памятаеш, мы пілі і нехта сказаў, што каб да нас завітаў Бог, дык мы б назаўтра пра Яго і не згадалі б?..
– Памятаю…
– Хто гэта сказаў?
– Не помню.
– І я не памятаю…

