«Мінск у мастацтве. Вобразы горада розных эпох» – гэта 14 эсэ пра мастакоў, якія паслядоўна выяўлялі і выяўляюць Мінск на сваіх палотнах. Канцэпцыя кнігі вырасла з тэкстаў, якія Харэўскі пісаў калісьці для часопіса «Мастацтва».
У выданні шмат ілюстрацый ад мастакоў, якія малявалі горад у розных эпохах.
«Некалькі гадоў таму я напісаў нізку эсэ пра мастакоў Мінска для часопіса «Мастацтва», — згадвае аўтар Сяргей Харэўскі. — У ім параўноўваліся колішнія вобразы з сучаснымі фатаграфіямі горада. Тыя дванаццаць эсэ сталі для мяне падставай укласці гэтую кнігу, напісаўшы яшчэ некалькі тэкстаў.
Мяне непакоіла, што мастацкія вобразы Віцебска і Вільні добра вядомыя і шматкроць тыражаваныя, а пра Мінск такой працы ніхто не рабіў. Я пераймаўся, раўнаваў да іншых гарадоў і пакрысе збіраў, назапашваў матэрыял. Урэшце, я добра знаёмы з многімі творцамі, якія стваралі вобраз нашае сталіцы — светлае памяці Арленам Кашкурэвічам, Васілём Сумаравым ды многімі іншымі. Да таго ж некаторыя мастакі — Дзяніс Раманюк, Адам Глобус, Павел Татарнікаў, Уладзімір Сцяпан — мае даўнія сябры…
Давялося грунтоўна ўсё дарабіць і дадаць апарат спасылак, каб прывесці ў адпаведнасць з навуковымі патрабаваннямі. На гэта пайшло яшчэ пару гадоў. Мае навуковыя рэцэнзенты ў Беларусі і Літве высока ацанілі гэты корпус тэкстаў. Значыць, высілкі былі не марныя. І вось… маем!»
З прэсы.