Круглая Square. Вал Клемент

Круглая Square

Гэтая кніга з сёлетняга лонг-ліста прэміі Гедройця ☝🏻

⭐ Незвычайная кніга для беларускага літаратурнага ландшафта – не толькі зместам, але і аўтарам. Вал Клемэнт – гэта псеўданім Васіля Еўдакімава, беларуса, які 1990 годзе з’ехаў у Лондан. З тых часоў жыве там, доўгі час працаваў юрыстам у вялікай юрыдычнай кампаніі.

👦🏼 “Круглая Square” – гэта яго ўспаміны пра Беларусь. Савецкую Беларусь яго дзяцінства і маладосці. Фармальна ў кнізе іншы герой, яго завуць Яўген Руд, які і апавядае пра сваё тагачаснае жыццё. Але ж мы ўсё разумеем 😏

📕 Тэкст вельмі іранічны, і спачатку я шчыра атрымлівала ад яго асалоду. Хутка чытаць кнігу, праўда, не выходзіла: словаў шмат, думак шмат, апісанні доўгія, увесь тэкст пранізаны рэфлексіямі і сучаснымі ўжо разважаннямі. Іранічнымі, а то і зласлівымі. І дзесьці бліжэй да сярэдзіны я пачала стамляцца.

📝 Геня (ад Яўгена) – малодшае дзіця ў сям’і ўніверсітэтцкіх выкладчыкаў. Пасля нараджэння Гені яны атрымаюць кватэру ў сталінскім доме на Круглай плошчы – цяперашняй плошчы Перамогі. У Гені ёсць старэйшая на 6 гадоў сястра, якая і ўскладняе, і робіць жыццё хлопца цікавейшым. Пасля будуць дваровыя сябры і сябры школьныя, вучоба ў знакамітым менскім “палцінніку” – 50-й школе, сур’ёзныя заняткі плаваннем, паступленне на юрфак, універсітэцкія сябры, не самы шчаслівы шлюб…

🧳 У 33 гады Геня ледзь не выпадкова едзе ў Лондан, а пасля дзякуючы сяброўцы атрымлівае запрашэнне на працу. І пераязджае. Гэта 1990 год – шмат невызначаннасці, шмат чаканняў.

🏙️ Пра Лондан мне было надзвычай цікава чытаць. Адкрылася другое чытацкае дыханне 😁 Бо адна справа нам цяперашнім прыехаць у Лондан, іншая – ўзгадаваму ў Савецкім саюзе маладому чалавеку.

✨ У назве аўтар спалучыў дзве важныя для яго плошчы – Круглую і Трафальгарскую. І вызначае сваё экзістанцыйнае самаадчуванне як недзе паміж двума гэтымі лакацыямі. Пра што распавядзе напрыканцы кнігі.

👌🏼 Магу параіць кнігу тым, хто любіць успаміны і канкрэтна ўспаміны пра Менск. І тым, хто шукае аб’ёмную кнігу для павольнага чытання.

kniznyja_razmovy


Гэты раман — нязьменна дасьціпны, вельмі асацыятыўны, з элемэнтамі антыўтопіі, вясёлы і гаркаваты, саркастычны і часам цынічны, прасякнуты гумарам, іроніяй і, што самае галоўнае, самаіроніяй, якая ёсьць найлепшым сродкам самаабароны, — не дазволіць вам засумаваць. А як вядома, няхай жыве любы жанр, апрача сумнага!

Цытата з рэцэнзіі У. Арлова.

 

Сапраўды новае

Не надта хочацца паўтараць папярэдніка, ды давядзецца. Сапраўды, гэты раман – з дасціпным, іншым разам вельмі тонкім гумарам. Шмат іроніі, ненавязлівай. Але, праўда, бывае і трошкі зашмат, але гэта з нашага пунтку гледзішча – адсюль, калі глядзець на самога сябе.

Кажу, што такі раман першы, бо ён сапраўды ў некалькіх момантах першы.

Першае першае – менавіта ягоны дасціпны гумар. Не помніцца, калі апошні раз чытаў падобны тэкст у нашай літаратуры, каб усміхаўся і крышачку нават зайздросціў. Хіба “Сфагнумы” Дудко, але тут россып дасціпаў большы, бо і сам тэкст значна большы.  Зноў жа, была боязь, што аўтара напаткае дыхавіца яшчэ да паловы рамана, але ён утрымаў планку да фінішу. Прывяду колькі момантаў з кнігі, каб у вас склалася ўражанне.

каб пісаць добра, то бок прыгожа й цікава, трэба быць у адзіноце, трохі п’яным і бесклапотным

імкнуцца пісаць у Геневым стылі, ці то ў жанры — як ён яго называе — цынічнага рамантызму.

Геня рос ціхім, нязграбным і задумлівым дзіцём, за што атрымаў ад іхняе хатняе работніцы Любы пяшчотную мянушку Стары Конь.

Дыван трэба было час ад часу выносіць у двор, каб пачысьціць і даць молі магчымасьць падыхаць сьвежым паветрам.

Як слушна заўважыў аднойчы мясцовы дворнік Анатоль, хобі маюць толькі тыя, хто ня мае сяброў і грошай на выпіўку.

дзеля ўласных квадратных мэтраў людзі маглі пайсьці на ўсё, пачынаючы з забойства і канчаючы жаніцьбаю.

Яму падарылі паасобнік Маральнага кодэксу будаўнікоў камунізму і рашуча прапанавалі зрабіць выбар. Дзядзя Саша выбар зрабіў і абраў любоў. Да кар’еры. Давялося ажаніцца зь Люсяй.

— Бля-я-ядзь, Генька, я ж ня ведаю, як паводзіць сябе ў такім таварыстве, — шапнула на вуха марскому афіцэру сьвецкая дама ў вішнёвым. — Мне тэрмінова трэба напіцца!

Другое першае – зноў жа, не даводзілася чытаць раней пра жыццё “залатой моладзі”, пра сталенне дзяцей вышэйшых чыноўнікаў, іх жыццё ў савецкія часы. Таму некаторыя рэчы былі для мяне адкрыццём, а сам тэкст падаваўся цікавым і з гэтага гледзішча.

Трэцяе першае – своеасаблівы тэкст, калі разглядаць яго як аўтабіяграфічны. Іншым разам пэўныя апісанні падаюцца зацягнутымі, але ўлічым – гэта ўспаміны, а не дзённік. І калі мы запісваем за сваёй памяццю, міжволі будзем сягаць туды-сюды ў гадах і прасторы. Дзе-нідзе атрымліваецца плынь свядомасці, і гэта зацягвае.

Мабыць жа, можна было зрабіць тэкст куды больш дынамічным, льга было і больш выпукла абмаляваць героеў, каб яны запомніліся. Урэшце,  прыдаць тэксту болей сюжэтнасці, уставіць нейкі рухаючы канфлікт, больш выразны, чым ён тут ёсць. Але… тады б гэта быў другі тэкст. А вось што тычыцца герояў, іх невыразнасці, тут адказ на паверхні: яны прайшлі ля лёсу героя – і зніклі. І ў гэтым ёсць нешта глыбока філасафічнае. Як і ў тых падзеях, вялікіх і малых, што закранулі жыццё героя.

Справа ў тым, што недзе ад сярэдзіны рамана пачынаеш задаваць сабе пытанне: а чаму галоўны герой такі, які ёсць? Чаму іншыя – розныя? Чаму аднаго раптам зацікавілі расстраляныя нашы паэты, а другі тым часам складае асаблівы альбомчык прыгажунь прадпрыемства, якія з радасцю бягуць на вечарынкі да прафсаюзнага боса? Бо ж яны ўсе – з аднаго кодла! Яны быццам бы нарадзіліся і гадаваліся ў аднолькавых умовах, умовах жыцця вышэйшага чынавенства і пешчаных уладай значных для яе людзей. Школа, універсітэт, урэшце. Адна “картошка”, адны ваенныя зборы…

У тэксце нямала філасафічных разважанняў, многа пра рэлігію. Прывяду вам кавалачак. Тут і дасціпна, і досыць нечаканы погляд:

Праўда, гадоў за пяцьсот да яго прыкладна тое сама рабіў Сакрат у Афінах, але Сакрат прыкідваўся дурнем, у той час як Хрыстос прыкідваўся богам. Сакрат адмаўляў ранейшых багоў, задаваў няёмкія пытаньні і не даваў на іх адказаў. Хрыстос таксама адмаўляў ранейшых багоў, задаваў няёмкія пытаньні, але даваў на іх дакладныя адказы. І пацьвярджаў іх «правільнасьць» пры дапамозе цудаў ды іншай містыкі. Ён заклікаў верыць, у той час як Сакрат заклікаў думаць.

Нямала і іншага, як кажуць высокага. І мне было цікава, ці паспрабуе аўтар падчас філасофскіх размоў адказаць на пытанне: чаму ягоны герой стаў такім, якім стаў?

Мне падалося, гэта пытанне – галоўнае ў рамане. Не буду спойлерыць і навязваць сваю думку.

Кніга патрапіла ў спіс 100 лепшых кніг 2023 году, які склалі на сайце bellit.info.

Што ж, цалкам падтрымліваю – гэта сапраўды добрая кніга.

В. Г.


З інтэрв’ю

З нагоды выхаду кнігі “Круглая Square” Вала Клемэнта (вядомага нам як Васіль Еўдакімаў, – апякун Беларускага Дабрачыннага Фонду ў Брытаніі і былы старшыня Англа-беларускага таварыства) мы вырашылі задаць аўтару некалькі пытаньняў.

– Васіль, раскажыце калі ласка, як і калі узьнікла ідэя кнігі?

–  Гэтая ідэя вісела ў паветры даўно, бо ў вельмі цікавыя, пераломныя, часы жывем. Асабліва вострыя пачуцьці паўстаюць калі раптам трапляеш зь яшчэ жывога, хоць і ня надта, СССР у квітнеючы сваім “загніваньнем” Захад. Гэта нешта кшталту кантрастнага душа. Я ў свой час падзяліўся гэтымі ўражаньнямі і назіраньнямі ў шэрагу артыкулаў, апублікаваных у беларускіх незалежных выданьнях.

А потым падрасьлі мае дзеці, зацікавіліся гісторыяй і пачалі пытацца пра жыцьцё па той бок жалезнай заслоны. А тут яшчэ насустрач прыйшоў Ковід, які падараваў дастаткова вольнага часу каб стварыць нешта больш грунтоўнае за газэтны артыкул. Таму кніга гэтая пісалася ў асноўным для маіх дзяцей і іх равесьнікаў, то бок тых, хто нарадзіўся ў 1990-х і пазьней. А таксама і для нашых брытанскіх сяброў, шмат хто зь якіх ведае пра ГУЛАГ і КДБ, але не пра штодзённае жыцьцё ў сацыялістычным грамадзтве.

А вось другая, несавецкая, частка кнігі, я спадзяюся, можа аказацца цікавай перадусім для тых, каму не давялося прабавіць дастатковы час на Захадзе.


З водгукаў

Паважаны аўтар! Вялікі Вам дзякуй за выдатны раман “Круглая Square”. Мне здаецца, што Вы пісалі яго для мяне. Я з такім задавальненнем акунулася ў свет майго дзяцінства і юнацкасці. Тут была мая любімая 50 школа, дом пад шпілем, Дом Радыё, ды і Палац шлюбу быў таксама мой.

Мой тата служыў у штабе акругі, усё гэта побач і блізка, сюды мы прывезлі з радзільні майго сына, у парку імя Марата Казея любіў ён гуляць. Вы з такой любощю апісалі гэты мой любімы куток Мінска. Я ўжо даўно жыву ў іншым раёне, але Круглая ў мяне заўжды ў сэрцы. Я прачытала Ваш раман два разы. Першы раз атрымлівала асалоду ад апісаннем маіх любімых месцаў, а таксама сюжэтнай лініяй, але потым мне захацелася больш уважліва прачытаць вашыя разважанні аб жыцця, аб людзях. І я зразумела, што згодна са шматлікімі Вашымі поглядамі.

Яшчэ раз дзякуй за Ваш раман Поспехаў вам ва ўсіх вашых справах і пачынаннях. Пішыце яшчэ.

Пакінуць адказ