Крокі над дахамі. Сяржук Лясны

Крокі над дахамі. Сяржук Лясны

Сяржук Лясны: паэт надзеі

 Летась у выдавецтве Рамана Цымберава выйшла кніга, працятая сусветнымі промнямі і вершамі-зоркамі – “Крокі над дахамі” Сержука Ляснога. Прапаную вам разам са мной узляцець у паветра, каб пранесціся па-над дахамі творчасці Сержука і паглядзець, што ў ёй ёсць адметнага.

 Эмпатыя праз імпрэсію

Першае, што кідаецца ў вочы, калі паглыбляешся ў прастору кнігі, – гэта як шмат там святла. Не штучнага, а сапраўднага, сонечнага. Яно імкнецца адусюль, нібы хоча абняць сабою ўвесь сусвет. Таму і вобразнасць адпаведная: падуладны сонцу прыродны топас, самое сонца і неба-промні, ноч і неба-зоркі.

Адразу згадваюцца класічныя імпрэсіяністы і стагі сена: імкненне схапіць імгненне праз святло. Толькі ў адрозненні ад палоцен жывапісцаў, промні ў творах Сержука накіраваныя не на выяўленчы аб’ект. Ягоным промням прырода патрэбная, каб насыціцца ачышчальнай энергіяй, і затым рухацца далей, да чытача:

Нам хопіць сонечных промняў,
каб атруту змыць з белых крылаў.

Я дзеля іншых
Сабе пакідаю
Толькі крышачку
Вачэй глыбіні
Дзе палае
Шчасця прамень.

Але часам такое святло рэжа вочы. Доўга на сонца не паглядзіш. Вобразнасць бывае занадта шчыльнай, сэнс б’ецца ў сэнс, чытанне замаруджваецца. Хочацца знізіць яркасць, але ж гэта сонца, а не тэхніка. Таму проста прыкрываю вочы далонню, а Сержука прашу, калі ён мае магчымасць, дадаць нябеснаму святлу больш празрыстасці.

Лявоніха

  Другой цікавай адметнасцю вершаў мне падалася форма, пабудаваная на паўторах. Фразы, або словы, або сэнсаформы паўтараюцца на пачатку новай страфы, і тым самым ствараюць адчуванне нейкага танцавальнага па: народныя танцы, дзе музыка імкнецца паўторамі, а рухі танцораў замкнёныя ў колы.

Скрыжалі будучыні

 Адвечны жыццясвярджальны матыў – мінулае як фундамент будучыні, што тут і там праскоквае ў вершах Сержука, – робіць ягоную творчасць глыбейшай, надае зыбкаму імгненню апору. “Будучыня ёсць, яна светлая і шчаслівая, – так мне гаворыць Сяржук сваімі вершамі, але ж і дадае: ключы ад гэтай светлай будучыні ты можаш пазычыць толькі ў мінуўшчыны”.

Мой сусвет у крыніцах, што рэкі сілкуюць хорам
Кожнай узбуджанай хвалі
З мора
І да скрыжалі.

Кола года

У зборніку 91 верш. Здаецца, гэта самы вялікі па колькасці вершаў зборнік, які я чытаў. Ці апраўдана такая колькасць? Структурай – не. Падзела на главы няма. Вершы рухаюцца адзін за адным і не запрашаюць на прывал у выглядзе дачытанай главы. Ці стамляе гэтае? На мой пагляд, так, стамляе. Але калі вы яшчэ не чыталі кнігу і толькі збіраецеся, то вось мая парада: пад кожным вершам ёсць дата, і вершы йдуць адзін за адным амаль цалкам храналагічна, таму калі вам патрэбныя раздзелы, то рухайцеся разам з колам года кнігі. Тут дата – не проста пазнака, а сэнсаўтваральны чыннік, бо прырода ў той ці іншай ступені прасякае кожны верш Сержука.

Рызыкуем?

Рызыкі, нечаканай эмоцыі, цягі выйсці за ўласныя межы, – у зборніку няшмат сярод адпрацаванай вобразнасці і звычнай формы, але ж калі праскоквае… то як жа добра страляе! Прачытайце, напрыклад, гэты верш, дзе прырода робіцца эрасам:

Сёння надвор’е спрыяе блакітнасці.
Па-над сусветам ліюць дажджы.
Кроплі па шкле лупцуюць бязлітасна
Адвечным імкненнем да кропак джы.

 Ці як цікава праз форму выяўлены час у вершы “ліхтары”!

Таму, Сяржук, мая парада: рызыкуйце! У вас гэтае добра атрымоўваецца.

Сяржук Лясны – паэт, які дае надзею.

Ён глядзіць на сонца з шырока адкрытымі вачыма і бачыць там усіх нас. А калі глядзіць на нас, то бачыць там сонца. І кажа на гэта: “У кожным з нас сусвет”. І мы верым. І дыхаць ад таго становіцца крышачку вальней.

Алесь Стружко.


Промнямі сонца і ўсмешкамі людскімі крочыць вясна па палях, лясах, мястэчках і гарадах, а ў зборніку «Крокі над дахамі» з’явы прыроды і навакольнага свету ў розныя поры году шчыльна перапляліся з перажываннямі і пачуццямі паэта.

Сяржук Лясны імкнецца перадаць у вершах сваё светаадчуванне, паказаць прыгажосць у простым, дасяжную кожнаму і кожнай. Прырода і смаколікі, блізкія і каханыя людзі побач. Акрамя таго ёсць вершы вельмі эмпатычныя, для мяне гэта азначае, што аўтар прапускае чужую боль праз сябе, лекуецца прыродай, каханнем. Мяркую, і натхненне ён чэрпае ад прыроды і самога жыцця.

З аднаго боку вершы чытаюцца не проста і не хутка, з іншага боку, я крыху ведаю гісторыю стварэння некаторых, таму ў мяне ёсць ключык, бо Сяржук Лясны @serglasny сам расказаў, як ствараюцца вершы, за што яму вельмі ўдзячная. Шчырая прэзентацыя сваіх вершаў аўтарам – для чытача/чытачкі самае каштоўнае, лічу.

Не выпадкова на здымку побач з кнігай зефір (падчас здымкаў кніга не пацярпела, але агулам было з’едзена тры пакункі зефіру), бо «загойваю зефірам прыкрасць шэрай імжы».

taja_kacia.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме