Аповесць Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Код геніяльнасці», якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь» (перавыданне), — гэта сучасная кніга для падлеткаў і моладзі, што спалучае рэалістычныя гісторыі пра жыццё юных герояў з элементамі містыкі і легендамі. На старонках твора чытач сустракае сваіх аднагодкаў — хлопцаў і дзяўчат, якія перажываюць вострыя жыццёвыя сітуацыі: першае каханне і здраду, сяброўства і суперніцтва, дабрыню і жорсткасць. Аўтар па-майстэрску паказвае, як складана праходзіць шлях сталення, калі кожнае рашэнне можа стаць вырашальным, а эмоцыі — вострымі і непаўторнымі.
Асаблівасць аповесці ў тым, што яна не абмяжоўваецца толькі сучаснымі падзеямі. У другой частцы кнігі чытач трапляе ў мінулыя стагоддзі, дзе праз легенды і паданні адкрываецца свет нашых продкаў. Гэтая частка напісана ў стылі фэнтэзі і надае аповеду асаблівую інтрыгу, пераплятаючы сучаснасць з гісторыяй і культурнай спадчынай Беларусі.
«Код геніяльнасці» можна назваць своеасаблівым дыялогам з моладдзю пра тое, што значыць быць сабой, шукаць сваё месца ў жыцці і адкрываць уласны «код» таленту, сяброўства і чалавечнасці. Кніга здольная стаць люстэркам для юнага чытача, які шукае адказы на складаныя пытанні дарослага жыцця, і адначасова падказкай, што сапраўдная геніяльнасць заключаецца ў здольнасці бачыць свет шырэй, разумець іншых і быць гатовым да новых адкрыццяў.
“КОД ГЕНІЯЛЬНАСЦІ” К. ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЙ ЯК ЖАНРАВЫ ПРЫКЛАД АПОВЕСЦІ ДЛЯ ПАДЛЕТКАЎ
Кацярына Хадасевіч-Лісавая – сучасная беларуская пісьменніца, творчасць якой накіравана пераважна на дзіцячую аўдыторыю. У сваіх казках, апавяданнях і аповесцях яна знаёміць чытачоў з дзівосным навакольным светам, прадстаўляе незвычайныя прыгоды. Галоўныя героі Хадасевіч-Лісавай паўстаюць сапраўднымі барацьбітамі за дабро, сумленнымі, шчырымі, маральнымі людзьмі. Сустракаюцца таксама ў пісьменніцы і творы для падлеткаў, сярод іх можна вылучыць цікавую аповесць “Код геніяльнасці”.
Мэта артыкула: раскрыць ідэйна-мастацкія адметнасці аповесці “Код геніяльнасці” Кацярыны Хадасевіч-Лісавай.
Матэрыял і метады. Матэрыялам даследавання з’яўляецца аповесць Хадасевіч-Лісавай “Код геніяльнасці”. У працэсе даследавання былі выкарыстаны элементы апісальна-гістарычнага, дэскрыптыўнага метадаў.
Вынікі і іх абмеркаванне. Паводле ацэнак даследчыцы Ю. Ваўчок, творы Хадасевіч-Лісавай незвычайныя, і іх варта чытаць перад сном. Тады дзівосныя прыгоды, апісаныя ў іх, увасобяцца ў новай фантастычнай прасторы [1]. Адзначанае поўнасцю стасуецца і з аповесцю “Код геніяльнасці”, якая з’яўляецца традыцыйным узорам літаратуры для падлеткаў.
У адпаведнасці з жанравай тэндэнцыяй тут шмат рознанакіраваных падзей, аб’яднаных адзіным агульным матывам пошукавасці: пошукамі героямі сябе, свайго месца ў свеце, уласных невядомых магчымасцей, новых сяброў, кахання і інш.
Сюжэт твора пачынаецца з прывабнай для падлеткаў сітуацыі, калі галоўная гераіня адзінаццацікласніца Ірына марыць пазнаёміцца з новым вучнем Аляксандрам. Пры апісанні хлопца Хадасевіч-Лісава ўжыла прыём адцягненай характарыстыкі, і партрэт Аляксандра ствараецца словамі закаханай Ірыны. Відавочна, што ў такім выпадку апісанне хлопца магло мець толькі абсалютна ідэалістычную, рамантызаваную скіраванасць: “Высокі, шыракаплечы юнак з яркімі сінімі вачыма прыцягнуў увагу” [2, с. 32]. Хочацца адзначыць, што вобраз галоўнага героя толькі часткова раскрыты ў аповесці, бо ўвесь час увага засяроджваецца на думках і пачуццях галоўнай гераіні, а псіхалагічныя адчуванні Аляксандра амаль не прасочваюцца.
Пісьменніца дастаткова ўдала будуе любоўную інтрыгу з загадкавай незнаёмкай Аксаміткай і марнымі спробамі герояў адкрыцца ў пачуццях. Сітуацыя даходзіць да максімуму, кульмінацыі, і чакаецца спатканне. Але, захоўваючы напружанасць вядучай сюжэтнай лініі, пісьменніца ўключае фантастычныя перыпетыі: калі Іра, спяшаючыся ў школу, вымушана схавалася пад дрэвам, сюды стукнула маланка. Дзяўчына страціла прытомнасць.
У такой памежнай сітуацыі паміж рэальнасцю і ірэальнасцю ў твор уключаюцца новыя фантастычныя героі. У падсвядомасці перад Ірынай паўстае постаць маладой жанчыны, якая вельмі падобна на яе. Гэтая незнаёмка – прывід Ярыны, стрыечнай пра-пра-прабабулі гераіні. У Ярыны адбылася падобная сітуацыя са смяротным вынікам, таму яе дух і прыйшоў на дапамогу да дзяўчыны.
Потым Іра ўбачыла яшчэ аднаго фантастычнага персанажа – Ларысу, даследчыцу кода геніяльнасці. Яна растлумачыла дзяўчыне, што ўсё з ёю адбылося невыпадкова. Па яе словах, Іра і яе сяброўка Наста маюць своеасаблівыя аднолькавыя коды геніяльнасці (“х-204”), і ўсё ў будучым залежыць ад выбару Аляксандра. Калі супадуць коды хлопца і Ірыны, то на свет з’явіцца нашчадак – добры геній, калі Аляксандра і Насты (сяброўкі) – злы геній.
Далейшыя падзеі ў творы будуюцца па пашыранай у сусветнай літаратуры прыгодніцкай схеме прадухілення непазбежнага негатыўнага фаталізму. І гераіня мусіць змагацца не толькі за сваё каханне, але і за бяспеку ў свеце.
Сюжэтныя калізіі ў аповесці завяршаюцца нечакана: усё незвычайнае тлумачыцца знаходжаннем Ірыны ў коме. Уяўна спрагназаванае ў творы на самай справе рэалізуецца наадварот: Наста не здрадзіла сваёй сяброўцы, а дапамагла аб’яднацца закаханым. Аповесць закончылася хэпі-эндам.
Пры ўсёй цікавасці твора тут сустракаюцца некаторыя клішыраваныя элементы:
1.Наяўнасць любоўных трохкутнікаў: Ірына–Аляксандр–Наста і Ярына–Алесь–сяброўка Ярыны.
2. Каханне з першага погляду, за якое варта змагацца.
3. Уключэнне ідэальнага ва ўсім галоўнага героя.
4. Асабісты выбар галоўнай гераіні прадвызначае лёс усяго чалавецтва.
5.Увядзенне герояў-памочнікаў, якія з’яўляюцца ў самыя драматычныя моманты (Наста, Ярына і Ларыса).
Даследчыца Н. Грышчук адзначала, што дадзены твор нібы распадаецца на дзве часткі, дзе пераплятаецца рэальнае і містычна-фантастычнае [3, с. 6]. І гэта дае падставы задумацца над роллю фантастычнага і містычнага ў аповесці. Названыя сюжэтна-стылявыя кампаненты, думаецца, на прамую звязаны з самой ідэяй пошукаў Ірынай лёсавызначальнага кахання. А з улікам значнасці такога мастацкага пасылу і былі неабходны адпаведныя структурныя кампаненты (сітуацыя сну гераіні, чароўныя ператварэнні, містычныя памочнікі, магчымыя незвычайныя здольнасці самой Ірыны).
Заключэнне. Такім чынам, аповесць Кацярыны Хадасевіч-Лісавай “Код геніяльнасці” з’яўляецца сучасным беларускім творам для падлеткаў, у сюжэце якога прасочваюцца элементы фантастыкі, містыкі, маюць месца мастацкія клішэ і арыентацыя на агульнасветавую прыгодніцкую літаратуру
- Ваўчок, Ю. Перад сном : аб творчасці Кацярыны Хадасевіч-Лісавай / Ю. Ваўчок // Маладосць. – 2016. – № 6 . – С. 112–114.
- Хадасевіч-Лісавая, К.С. Код геніяльнасці / К.С. Хадасевіч-Лісавая. –Мінск: Маст. літ., 2014. – 192 с.
- Грышчук, Н. Хэпі-энд па-нашаму / Н. Грышчук // Літаратура і мастацтва. – 2014. – №40. – С. 6.

