Казкі дзядзюхны Мянеска. Глеб Ганчароў

Казкі дзядзюхны Мянеска. Глеб Ганчароў

Ліст да пана Глеба Ганчарова,

які піша “казкі”, ад шляхціца Завальні, які піша “байкі”

Вітаю шаноўнага пана! З вялікай асалодай чытаю вашы “Казкі дзядзюхны Мянеска” і вельмі ўдзячны вам за цудоўны падарунак!

Рарней чытаў асобныя вашы аповяды. А вось цяпер, упершыню чытаю першую кнігу…

Перада мною восем аповядаў, але перад імі паэтычная прадмова аўтара. І мяне зачапіла! Як жа аўтар любіць свой горад, яго гісторыю, падзеі і асоб, якія знітаваныя сваімі лёсамі з Менскам!

Адразу ж узнікла адна з невытлумачаных аналогій (хаця ў аўтара свой, адметны, непаўторны стыль) з першымі нашымі (напісанымі на новай, беларускай літаратурнай мове) паэмамі – “Тарас на Патнасе” і “Энэіда навыварат”. Вы можаце запярэчыць: тут жа зусім іншы змест, рэальныя асобы, падзеі, не фальклор нейкі ці міфы! А адкажу: і так і не. Так, змест, здаецца, іншы, падзеі іншыя… Але роля апавядальніка, якая з’яўляецца традыцыйнай для нашай КЛАСІЧНАЙ літаратуры. Далей: заангажаванасць аўтара ў падзеі, які нібы знутры апавядае, з’яўляецца часткай, удзельнікам падзей – прынамсі – іх сведкам. Такое адчуванне…. Яшчэ…

Пошук старога Менска! Якога нібыта няма, а мо ён ёсць, не знік? Як задаецца пытаннем аўтар… Не знік са знікненннем з гэтага свету яго герояў. Бо горад – гэта, найперш, людзі! Рэальныя, адметныя, моцныя, розрныя і цікавыя асобы. Такія, як Янка Лучына, Раман Скірмунт, Эдзі Рознер,  “таварыш Нунахер”, Кірыл Мазураў і Пётр Машэраў, Ларнгбард і Александроўская,  і іншыя, нават “Чорт”… Але не буду адкрываць змест, каб іншым, хто яшчэ не пачытаў, было цікава гэта зрабіць…

І самае цікавае для мяне тое, што я, як гісторык, ведаю гэтых гістарычных асоб (пісьменнікаў, кіраўнікоў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі…), але яны шмат у чым для майго ўспрыймання сталі САПРАЎДНЫМ АДКРЫЦЦЁМ! Так! Бо ў аўтара атрымалася паказаць іх не проста людзьмі, а цікава, захапляльна, з нечаканага боку і з такімі праявамі асобы і характару, да якіх не прызвычаіліся чытачы проста біяграфій.

“Сапраўдная асалода для біёграфа – апісваць жыццё чалавека, якое ад нараджэння да магілы запоўненае падзеямі…” – піша пан Глеб! Сапраўды, “а што рабіць, калі ў лёсе чалавека не было ні капальняў цара Саламоона, ні піратаў з вострава скарбаў…”? Калі гэтая асоба не была вялікім палкаводцам і пераможцам вялікіх бітваў? Як распавесці так, каб чытачу было цікава, ЯК ЗНАЙСЦІ І ДЗЕ ГЭТЫЯ ЦІКАВІНКІ?

І паважаны пан Глеб выдатна спраўляецца з гэтай задачай. І дзе ж ён знаходзіць натхненне і як раскрывае характар герояў?

Першае, як я ўжо казаў, аўтар вельмі любіць сваіх герояў, гісторыю свайго горада. Ён добра ведае яго традыцыі, нават “плёткі” (няма дыму без агню, праўда?). Пан Глеб ведае, што горад – гэта людзі – асобы, як галінкі аднаго дрэва, якое таксама трымаецца і бярэ энэргію і сокі з мінулага сваім карэннем (як, напрыклад, у аповядзе пра Янку Лучыну). Здавалася б, хто такі Янка Лучына? Ну, беларускі, сялянскі паэт, папярэднік Купалы і Коласа!  А пра што яны пісалі? Пра “цяжкую долю мужыка-беларуса”(цяперашнім маладым беларусам нудота пра гэта чытаць). Але, калі пазнаёмішся з каранямі пісьменніка, гісторыяй яго роду, то зусім па-іншаму пачынаеш адчуваць гэтага чалавека, і робяцца зразумелымі яго ўчынкі.

Другое, дасціпнасць, лёгкая і прыгожая мова аўтара! Проста прыемна чытаць!

Трэцяе, стыль аўтара, які замешаны таксама на тонкім гумары і сатыры, нават у нечым недаказанымі намёкамі (разумны зразумее), бо пры царызме і саветах, далёка не заўсёды трэба было казаць прама і прамую праўду, па зразумелых матывах. А калі ты яшчэ адстойваеш сваю справу, справядлівасць, свой гонар, то – галоўнае вынік. І нашы героі паказалі, што не толькі ў Адэсе можна дабіцца свайго, бо твой супернік – недалёкі чалавек, а ты – дасціпней і хітрэй. І Менск гэтаму не сасnупаў, перш за ўсё, сваімі людзьмі. Як? Няхай чытач пачытае і сам пераканаецца. Ды так, што і Пётр Машэраў ішоў насустрач героям аповядаў…

Яшчэ, каб не забыць… Праз гісторыі людзей чытачу адкрываецца жыццё горада, краіны: у святы і будні, у часы пад’ёму і цяжкасцей… Будзёнасць і незвычайнасць, пераплеценыя разам. У гэтым усім прыцягальнасць і вялікая энергетыка.

Скажу яшчэ. Неяк я без вялікага энтузіязму ставіўся да неспрыяльных для нашай краіны часоў расейскага і савецкага панавання. Цяпер, хоць ацэнка эпох не памянялася, але адносіны сталі некалькі іншымі. А гісторыя больш прывабная. І гэта дзякуючы вам, пан Глеб!

…І гэта толькі папярэднія думкі ў ўражанні. Працяг размовы наперадзе! Вялікі дзякуй за кнігу, даражэнькі пан Глеб! Даруй, што не адразу напісаў. З нецярпеннем чакаю працяг гісторый! Бо адкрыў для сябе (пан Глеб, прабач, але гэта праўда) сапраўднага класіка! Павер, сябра! Я шмат перачытаў айчыннай і сусветнай літаратуры! Ведаю што кажу! Думаю, што такое ж адкрыццё зробяць для сябе і ўсе іншыя чытачы.

Схіляю галаву перад талентам! – твой сябра…

Шляхціц Завальня


Наўрад ці ў мяне сёння атрымаецца проста водгук на кнігу. Ды і ці пра кнігу. Хутчэй, думкі з нагоды самога факту выдання кнігі.

Выдаць сёння ў Беларусі кнігу аўтару – пытанне ў суме з некалькімі нулямі. Да ўсяго, кожнаму ж, зразумела, хацелася б пасля прэзентацый і водгукаў (а пашанцуе, дык і ў прэсе). Ды каб і ганарар яшчэ быў… У выніку – сумная тэндэнцыя: ужо каторая кніга ў маёй бібліятэчцы, дзе тыраж – 99 асобнікаў. Для сябе, для сяброў і родных. Якія ганарары, якія бібліятэкі, які продаж…

Падумалася пра космас: некалі літаратура наша была што наша Галактыка, дзе ўсё круцілася вакол цэнтра, у асобных рукавах зорныя яслі нараджалі новыя зоркі, здараліся успышкі звышновых, ўзнікалі планетарныя сістэмы… Вучоныя кажуць, што цягам часу Цёмная энергія разарве галактыкі на асобныя зоркі, каб пасля разарваць і іх на асобныя атамы. Здаецца, зараз мы нашмат апярэдзілі лёс Млечнага шляху і ўжо бы тыя асобныя зоркі, без сувязяў і надзей на згуртаванне, разлятаемся ў чорнай бездані.

Глеба Ганчарова ведаў як паэта, у нечым ён падаваўся мне эпатажным, недзе ўпартым. Ягоныя тропы іншым разам выклікалі неўразуменне, здзіўлялі, прымушалі корпацца ў слоўніках. Узбагачаная рэдкімі і састарэлымі словамі лексіка не заўсёды спрыяла чытанню. Але адмовіць у таленце з-за гэтага не выпадала. Як і ў павазе да ягонай жарснай любові да тых самых слоў)

І вось – зборнік прозы. Той жа Глеб Ганчароў – усміхнуўся сам сабе. Хіба ў назве кнігі не бачна той самай эпатажнасці, ці больш – гэткай наіўнай інтэлігентнай задзірлівасці?

Адхілюся. Гадоў з 15-20 таму ў сеціве яшчэ тадышныя (няма такога слова? але назаву так) форумы апанаваў стыль, якім стваралі свайго Астапа Бэндара Ільф і Пятроў. Былі майстры, далёка перасягнуўшыя бацькоў-стваральнікаў. У хуткім часе стыль атрымаў неафіцыйную назву – сцёбны.  Мне ён, па шчырасці, хутка надакучыў. Бо гумар, іронія, сарказм добра там, дзе добра. І гэта як спецыі да мяса. Калі трошкі для смаку – адно, а калі ўсяго ды многа – дык ясі і думаеш: а што ты ясі, дзе тое мяса, бо смакавыя рэцэптары перадаюць у мозг інфу адно аб наяўнасці гарчыцы, перцу, каляндры, соусу і яшчэ невядома чаго, а мяса быццам і няма…

Тэкст кнігі Глеба Ганчарова – амаль той самы сцёбны стыль. Кажу менавіта пра стыль як самастойную характарыстыку, а больш як пра візітоўку аўтара.

Аўтар расказвае і дамешвае ці не ў кожную сітуацыю хоць самую малую шчопцю смяшынкі ці іроніі. Спецыяльна сеў і прагартаў старонку Глеба Ганчарова у ФБ… Ведаеце, мабыць жа, ён і па жыцці такі…

Вядома ж, усе гэтыя параўнанні, гіпербалы, эпітэты ў празаічным тэксце – апавяданні, прыкладам – далёка не ўсім прыйдуцца даспадобы, што і пацвердзіў мой адзін пост у ФБ з цытатай з кнігі. Вельмі нават мажліва, што сёння не да смеху.

Прызнаюся, мне давялося пераадолець той самы унутраны супраціў перад стылем “сцёб”, адкрыўшы кнігу. Але пасля… Пасля недзе я нават і ўсміхаўся.

Прызнаюся яшчэ: не люблю гістарычныя эсэ пра вядомых асоб. У мяне ўвогуле стасункі з гістарычнай прозай не склаліся ад слова зусім, тут свой падмурак і свая гісторыя. Дык вось, пра Янку Лучыну пачынаў чытаць з насцярогай. Ды яшчэ улічыце стыль тэксту…

Але здарылася якраз найлепшае: менавіта ў такім стылі біяграфічнае эсэ пра Янку Лучыну чыталася з той цікавасцю, што, калі прысмаліла пакурыць, то пайшоў на балкон з кнігай у руках. І выкажу ўвогуле крамольную думку: вось у такім стылі, такой форме трэба даваць нашым дзецям і падлеткам тэксты пра нашых выбітных суайчыннікаў. І пры ўсім, тут вельмі глыбокае пранікненне ў фактаграфію і гісторыю. І верыцца аўтару, што ён не са столі спісваў.

Заканчваў чытанне першага эсэ і адчуў дзіўны прысмак. Прачытаў другое апавяданне. І калі чытаў “Залатую трубу Эдзі Рознера” то быў ужо не прысмак – з’явілася атмасфера.

То была туга – зусім не светлая. Туга па часе і па жыццях, па зніклых. І тыя яўрэйскія жарты без усмешкі нечакана адкрылі мне ісціну, калі перабор іроніі – той самы сцёб – мае права на месца не проста ў нашых размовах пад чарку, але і ва ўсім нашым светаўспрыманні.

Уявіце: кінатэатр ад раніцы ачапляецца міліцыяй, бо там будзе канцэрт Эдзі Рознера. Зразумела, гледачы – асаблівыя. Сярод іх сам таварыш Цанава. І вось стары яўрэй апавядае:

– Слухай, Адам, – перайшоў на мову сталінскай канстытуцыі дзядзька. – Бяда прыйшла ў наш дом, як банкруцтва да барона Ротшыльда. Пан Рознер забыў у нумары сваю бясцэнную трубу.

Мяне скаланула. Колькі мы пражылі ў савецкім Саюзе, але ўжо навучыліся разумець, што тут толькі партыя магла забываць пра свае абяцанні, а простым грамадзянам гэта ўпарта не рэкамендавалася па запаветах з’езда пераможцаў.

– Чаго ты збялеў? – узлаваўся дзядзька. – Марыць пра суд народаў будзеш потым. Ты бачыш перспектыву? Труба забытая, канцэрт правалены, у бальшавікоў псуецца настрой, як ад цуду на Вісле… Прабачце, таварыш Аршанскі за ваш чырванасцяжны ордэн, які ззяе на грудзях, што ружа ў жаніха, але з мата слоў не выкінеш.

Канешне ж, гэты стары яўрэй мог распавесці пра гэты момант і ўсю гісторыю часоў свайго юнацтва, скажам так, чысцюткай беларускай літаратурнай мовай. Але наўрад бы тады я цяперашні уявіў усю прорву той сітуацыі і зразумеў спробу юнака на злом галавы прынесці трубу.

Бываюць часы і сітуацыі, калі застаецца адно іранізаваць і сцябацца.

Тэкст кнігі ўвесь атмасферны, у ім не водар ліпавага цвету, не дурман акацый, але нешта гаркавае, як на полі дзікай свірэпы… Да незвычайнага для нашай беларускай літаратуры стылю прывыкаеш хутка. І ўжо не важна, ці насамрэч ля Купалаўскага адпачывала жонка Калчака. Важна тое, што яна захавала.

Маё сціплае меркаванне: кніга атрымалася.

Ну, і традыцыйна, лыжку дзёгцю? Не, гэта не лыжка, і не дзёгцю. Я буду казаць зноў жа пра агульную бяду нашых разарваных таямнічай Цёмнай энергіяй зорак-аўтараў. Як і шмат якім, выдадзеным самастойна, кнізе не хапае рэдактуры і карэктуры. За нейкія месцы і прыкра, і крыўдна, і злосць хапае.

І два словы асабіста аўтару: не трэба прыніжаць сябе і пісаць пра сваю кнігу як аналаг нейкага ўжо ранейшага замежнага выдання. У вас, шаноўны Глеб, атрымалася свая кніга. Першая такая ў белліце. І на гэтым стаім.

В. Г.

 

Пакінуць адказ