За сіняй гарой. Мэір Шалеў (Павал Касцюкевіч)

З узростам лепей адчуваеш сапраўдную магію. Аднарогі, эльфы з рэптылоідамі ды Атлантыда паціху адпаўзаюць ў куток памяці, адданы пад крыху сорамнае, інфантыльнае і салодзенькае, на што ўзгадваеш, вінавата пасміхаючыся. Мо, былі ж часы, і рыцары, і зоркалёты, і старонкі гарталіся з вячэры аж да першай пары, і ты заснуў прама на лекцыі па тэрмадынаміцы ў вялікай лекцыйнай зале БДУ, і сніў на Фрода з Джалам, а суворы тагачасны дэкан, пазней дзяржаўны будаўнік і амбасадар у Польшчы, адабраў бал на экзамене, таму што не любіў гультаёў на лекцыях. Ужо тады магутная неадольная магія жыцця, якое нейкім непаразуменнем назвалі “звычайным”, цягала за каўнер бы шчанюка, але  ці ж заўважыш? Бо свет падзяляўся на эльфаў і хобітаў з аднаго боку і злых старых пустабрэхаў з іншага. Аніякай магіі ў ім не бачылася, а назіраліся адно нудота і брудныя шкарпэткі. Хацелася збегчы на выспы ці па-за экватар, каб туманы, хвалі, горы і я пад сонцам моцны,  шчаслівы і знакаміты, і з прафесарскімі грашыма ў кішэні.

Час высвятляе, як жа апраметна, ірацыянальна і валюнтарна калахуе навокал нас жыццё. І гэта ў пляскатай краіне, дзе мора без солі, але з парсюкамі. Што ж казаць пра краіну, якая нарадзілася наўпрост з міфа, прычым ваявала яшчэ да нараджэння, сама прыдумала сабе мову і зазірае ў тысячагадовую даўніну па дарозе са школы ў супермаркет?

Я чытаў “За сіняй гарой” Мэіра Шалева з месяц. Па раздзелу, па тузіну старонак. Смакаваў, нібыта сустрэчу з даўнімі сябрамі. Пазнаваў у чужынскай магіі сваё – быццам калі сустрэў на тэльавіўскай вуліцы шыльду з амаль што сваім прозвішчам. Бачыў твары са сваёй мінуўшчыны. Чуў тую гаворку. Мацаў тую зямлю. Сядзеў у ценю пад алівай. Ганяў нахабнага шакала.

Мо, таму, што я чытаў, хутчэй, атмасферу і жыццё, я не надта заўважыў тое, што звычайна лічыцца неабходным у кнізе падобнага кшталту – сюжэт. Ён ёсць, ён цікавы,  нетрывіяльны і моцны. Унук-асілак перамог зласлівасць су-вяскоўцаў і адпомсціў за вялікую дзедаву крыўду тым, што пабудаваў могілкі выключна для перасяленцаў другой хвалі, а пры тым чароўна ўзбагаціўся застаўшыся простым магутным ды шчырым. А мо ш не застаўся. А мо і не перамог. Хаця не, перамог, таму што не засталося нікога з тых зласліўцаў, а справа сплыла ў міфічную далячынь. На той зямлі рэчаіснасць надта лёгка сплывае ў міф.

Насамрэч, сюжэт не надта істотны. Бо ў Шалева людзі жывуць мацней і зырчэй ад усялякай раманнай логікі. І не толькі людзі, а нават аслюкі і каты. Дый годзе, там нават назва “Магілёў” гучыць як з гераічнага эпасу. А ўжо людзі …  перахапляе подых, калі згадаеш на той назаўжды ператвораны ў міф Ідышлянд. І немажліва паверыць, што апошнія пагалоскі яшчэ жылі падчас маёй маладосці. Праз два агароды ад нас жылі Цэйтліны, ля балота жылі Борахавы, а Рыўкін выкладаў мне сальфеджыа.  Уявіце сабе, ў самым Ерусаліме застаўся кавалак таго Шклова. Нават з шыльдай. Ну, дык раман у арыгінале мае назву “Рускі раман”, злёгку крыўдную і сумную. Бо ў сучасным Ізраіле  увесь той Ідышлянд насамрэч схаваўся за невыразнай выявай нечага “рускага”.

Так, Шалеў адгукаўся ўва мне ледзь не кожнай старонкай. Хаця прызнаюся: адгукалася не толькі мая замілаваная душа, але і стомленая эрудыцыя. Бо яўрэйскі эпас наяўна патыхае постмадэрнізмам. Такім, скажу я, даволі рызыкоўным. І тое, як уваходзіць запаветная тканка ў раман, і празрыстасць класічных алюзій , і надта інтымныя адносіны з зямлёю, дарэчы, відавочна паганскія – усё часамі выглядае тытанічных памераў здзекам, гістарычнай кпінай.

Хаця, ці гэтак званае “звычайнае” жыццё не менавіта такое?

Раман зацягвае і выбітнай сакавітай мовай. Смачнай і пругкай, і салёнай часамі, і сытнай бы аліўкі, якімі героі так любяць заядаць гарбату. Дзякуй перакладчыку Паўлу Касцюкевічу. Падаецца, ён сам зрабіўся героем раману і жыў у прасторы і часе надта блізкіх да сваёй ператворанай на беларускі лад “Сіняй гары”. А яе паўтысячы старонак напэўна ж запатрабавалі немалы кавалак душы і біяграфіі. Затое цяпер за Сінюю гару можна зазірнуць і тым, хто не  крочыў у іўрыце далей ад “аба ба”.

І застацца на месяц. Альбо на жыццё.

Dmitri Mogilevtsev

Пакінуць адказ