«Чорная песня здрады»
Гістарычны крымінал «Гульні Цырцэі» — беларускі нуар. У ім няма высакародных герояў у белых плашчах. Затое ёсць таемныя бардэлі, польскія шпіёны, сялянскія паўстанні і чэкісты, якія не маюць літасці ні да каго. А яшчэ ёсць дзіцячая імперыя, якая жыве сваім жыццём узбоч дарослага свету.
Беларускай літаратуры і беларускім чытачам пашанцавала, што ў нас быў Уладзімір Караткевіч. Ён не толькі «пайшоў – і адзін нарадзіў Беларусь, // І для першага разу някепска ўдалося» (паводле вызначэння Антона Рудака). Ён яшчэ і стаў заснавальнікам жанра гістарычнага дэтэктыву ў нашай літаратуры.
Беларускім пісьменнікам — не пашанцавала, што ў нас быў Уладзімір Караткевіч. Не толькі таму, што ўсю гістарычную прозу (а пагатоў з дэтэктыўным сюжэтам) сталі мераць па гэтай высокай мерцы. Не пашанцавала яшчэ таму, што Караткевіч стварыў шаблон беларускага гістарычнага дэтэктыву ў нягнуткай, закасцянелай рамцы ўласна дэтэктыву. І пайшлі гуляць па старонках твораў рамантычныя высакародныя героі без страху і дакору, якім супрацьстаяць зламысныя падступныя амаральныя персанажы без гонару і сумлення.
Імя ім — легіён.
Рэтра-крымінал «Гульні Цырцэі» Змітра Дзядзенкі (падзеі твора адбываюцца ў 1920 годзе) спрабуе выйсці па-за межы гэтага зачараванага кола. І, здаецца, робіць гэта аж з празмернай рашучасцю. У рамане не знойдзеш аніводнага высакароднага бледнага юнака, які гатовы аддаць жыццё ані за гонар і годнасць паненкі, ані за шчасце народнае.
Ды што там высакародныя юнакі! Няма ў творы ўвогуле ніводнага персанажа, якога можна было б без ваганняў назваць станоўчым. У каго ні тыкні пальцам — ці садыст, ці прайдзісвет, ці шантажыст. Адзін таемна здымае на фота гарадское начальства ў бардэлі, каб шантажаваць яго. Другі гатовы кінуць заданне камандавання, якое паслала яго з разведвальнай місіяй, і заняцца пошукамі забойцы свайго дзядзькі. Трэці гатовы кулакамі выбіваць «царыцу доказаў» — прызнанне абвінавачанага… І гэта толькі тыя персанажы, якія не трапілі ў абазначаную аўтарам «банду Віславуха», якую таксама складаюць далёка не анёлы.
А галоўны герой — малады чэкіст Раман Васільчук яшчэ і здраджвае цягам усяго рамана. Здраджвае сваёй каханцы (а потым раўнуе за тое, што яна яго кідае). Здраджвае свайму настаўніку Паўлу Дадэрку, калі таго арыштоўваюць.
Зрэшты, здрайцам у рамане выступае не ён адзін. Бадай ці не ўсе асноўныя персанажы «Гульняў Цырцэі» замазаныя гэтай чорнай фарбай. Адзін здраджвае сваім продкам і Бацькаўшчыне, другі — сябрам, трэці пераступае праз нормы маралі і закону.
На выхадзе атрымліваецца гэткі «беларускі нуар» — раман з дэтэктыўнай завязкай без выразных пазітыўных герояў. Звычайна ў нуары дзейнічаюць прадажныя копы і бязлітасныя злымыснікі, у ім — куплены секс і алкаголь ракой, у ім — кулак важыць болей, чым закон.
У «Гульнях Цырцэі», як належыць жанру нуар, ёсць месца і сексу, і жорсткасці. Прычым яны не толькі служаць для характарыстыкі персанажаў, але і рухаюць наперад дзеянне.
Увогуле, цынізм і жорсткасць напаўняюць старонкі рамана, нібы тая атрута, якой сляпы Хорхе ў «Імені ружы» насыціў старонкі забароненага твору Арыстотэля. І гэта пакідае даволі спецыфічны посмак ад чытання: разумееш, чаму чалавек з рэвальверам і «корачкай» чэкіста пачуваецца ўсеўладным і беспакараным.
На фоне гэтай лютасці эпізоды сентыментальнасці звяртаюць на сябе ўвагу. «Пры ўсёй жорсткасці байцоў ЧК, як маладых, так і старэйшых, нечакана бачым іх чалавечае стаўленне да гібелі аднаго хлопчыка і знікнення другога. У нейкі момант нават не верыцца», — піша Валер Гапееў. А потым сам тлумачыць, што гэта, маўляў, праяўляецца нявыкараненая яшчэ чалавечнасць.
А можа, усё не так? Можа, гэта тая самая крымінальніцкая сентыментальнасць і пяшчота да «матулі», якую зручна выказваць у песнях, бо яна нічога не каштуе? А вось рэальную маці можна і пабіць, калі грошы не аддае. Так і тут — лёгка шкадаваць ужо забітага…
Дарэчы, пра дзяцей. Асобнай сюжэтнай лініяй у «Гульнях Цырцэі» праходзіць гісторыя «дзіцячай імперыі». Там ёсць сваё войска і свае грошы, свае скарбы і нават свае калоніі.
Але калі хтосьці чакае ад гэтай часткі гісторыі лёгкасці, адпачынку і дзіцячай непасрэднасці, дык ён жорстка абламаецца. Бо дзіцячы свет не менш бязлітасны, чым свет дарослых, а часам — нават і больш. Тут ёсць свае здрады, падступнасць, злосць і лютасць. І ўзнікаюць яны не ад сутыкнення са светам дарослых, а прарастаюць, як пустазелле, з саміх дзіцячых душаў.
Аўтар піша не «Валадара мух», вядома ж, але і не глядзіць на дзіцячы свет наіўна-шчырым позіркам. Нуар, паненкі і панове! Нікуды ад яго не падзецца.
Парушае аўтар «Гульняў Цырцэі» і яшчэ адну кананічную рысу беларускага гістарычнага дэтэктыву.
Ад часоў Караткевіча ў творах гэтага жанру Беларуссю і яе гісторыяй прынята ганарыцца. У рэтра-крымінале Дзядзенкі дзейнічае прадстаўнік беларускага нацыянальнага руху, якога так і хочацца назваць Настаўнік-Недарэка. З’яўляецца ён у рамане ў некалькіх эпізодах і вялікай сімпатыі не выклікае. Бачна, што і сам аўтар ставіцца да яго з вялікім скепсісам, бо гэты персанаж па сваім духоўным развіцці мала адрозніваецца ад шэрай масы гараджан, падзяляючы большасць іхных аблудаў і забабонаў. А ягоная беларушчына выглядае хутчэй на дзівацтва і наіўнае летуценне, што нагадвае хіба што аналагічных персанажаў-студэнтаў з «Дзвюх душаў» Максіма Гарэцкага.
Зрэшты, гэтакі змрочны і бязлітасны («нуарны») погляд на беларушчыну выглядае з боку аўтара невялікім какецтвам. Іначай навошта было б пісаць свой раман па-беларуску?
Багдана Касцеша.
Зайздрошчу тым аўтарам, якія свядома абіраюць для сябе нейкае месца для, скажам так, глабальнай яго распрацоўкі. Нехта піша пра Полацк, нехта пра Ліду, ну а Зміцер Дзядзенка – пра Оршу – гэта не першая кніга аўтара, дзе месцам дзеяння абраны гэты горад. Як хадзілі ў нас чуткі – самы бандыцкі горад за савецкім часам, дзе вечарам было рэальна небяспечна выходзіць па хлеб.
Не сказаў бы, што добра сканструяваны анонс, у якім акцэнт робіцца на дзіцячую дзяржаву, бо ад той дзяржавы колькі старонак у кнізе. А вось пра будні ЧК і фарміраванне будучага яе адданага байца – так будзе правільней.
Гэта кніга – добры адпачынак ад літаратуры філасофскай, дакументальнай і ўсякай іншай “сур’ёзнай”. Рэтра-крымінал? Мажліва. Але не забаўляльная. Як рухаючы канфлікт у цэнтры – медзяная жабка, для чытача загадка яе даволі празрыстая. Што праўда, прыкрасці ад тупасці герояў, якія ніяк не могуць здагадацца, што пачым, не ўзнікае, бо ўсё ў свой час…
Як бы сказалі раней, перад намі – палатно грамадскага жыцця адразу пасля рэвалюцыі. Аўтар імкнецца ахапіць ці не ўсе сферы, таму герояў у кнізе дастаткова многа. Але вось аб’ём – замалы для такой задачы. Таму “няма дзе разгарнуцца” – і не ўсе героі атрымаліся дастаткова выразнымі і запамінальнымі. Хоць кароткімі штрыхамі, дыялогамі Дзядзенка раскрывае іх мысленне ў пэўнай меры. Падазраю, што для многіх цяперашніх чытачоў маладзейшага пакалення што-нішто падасца адкрыццём.
З-за малога аб’ёму кнігі (аўтар – гультай, так я вырашыў для сябе) трансфармацыя галоўнага героя, досыць шчырага на першым часе юнака, у “сапраўднага чэкіста” не заўсёды псіхалагічна абумоўлена як след. Мне, прынамсі, не хапіла нейкіх штрыхоў, глыбіні пераўвасаблення. Але фінал спадабаўся, калі можна так сказаць пра расстрэл дэманстрацыі і мэтаскіраванае забойства падчас яго палюбоўніка сваёй былой дзяўчыны. Тут ужо маем “загартаванага байца”…
Увогуле ж, папярэджу, чытанне не абяцае весялосці, хоць што-нішто і выклікае ўсмешку. Кніга настоеная на болю, якога тут поўна. Тут жорсткасць і яе бязмежжа. І бязмежжа ўлады “чалавека з ружжом”. Правільней, з рэвальверам і пасведчаннем чэкіста.
Разам з тым, кніга не прэтэндуе на нейкае адкрыццё – гэта тая літаратура, якая ствараецца аўтарам менавіта для чытання, для адпачынку з кнігай колькі вольных вечароў. (Але ж пішам мы таму, што пішацца, без ніякай пэўнай мэты…). Адпаведна, кожны знойдзе ў ёй сваё. Нехта сюжэт і прыгоды, нехта – цікавосткі з мінулага, нехта ж мо зірне глыбей і пабачыць той міцэлій, з якога пасля прараслі грыбочкі…
Ёсць у кнізе досыць сімвалічны, як для мяне, момант. Пры ўсёй жорсткасці байцоў ЧК, як маладых, так і старэйшых, нечакана бачым іх чалавечае стаўленне да гібелі аднаго хлопчыка і знікнення другога. У нейкі момант нават не верыцца. Але прыходзіць разуменне: з аднаго боку, тут прадыктаваная праграма дзеяння, з другога – гэта апошнія праяўленні гуманізму учарашніх “простых” гараджан, сённяшніх чэкістаў, у якіх не дарэшты сумленне і розум замяніліся на дырэктывы і загады. Але тое яшчэ наперадзе…
Па сённяшнім часе роля беларускай літаратуры заўважна пачала акрэслівацца з двух бакоў. З аднаго, там дзе літаратуру бачаць як агітатара і палітінфарматара, – больш выпукла, бо гавораць уголас. А з другога – ускосна, але не менш настойліва, дзе раяць пісаць на “запатрабаваныя часам” тэмы і іх вітаюць. Ды ж каму як не беларускай літаратуры ведаць, што ўсякае кіраванне ёй прыводзіць да яе ж дэградацыі, прымітывізму, аднабокасці, як і ўсякая кан’юнктура. Не адзін раз выказваў думку, што сапраўдная літаратура павінна быць дзікім лесам, дзе кожнаму дрэўцу – месца, і хай сам цягнецца да сонца. А не вырабленым паркам ці дагледжанымі прысадамі. Таму – больш кніг, розных і ўсякіх. Галоўнае, каб цікавых. І яшчэ каб граматных. Згадаю пра сто разоў пісанае: кожнай кнізе рэдактар патрэбны заўсёды. “Гульні Цырцэі” – не выключэнне, на жаль, бо дзе-нідзе рука цягнецца па аловак.
…Якасць кнігі для мяне вызначаецца “паслясмакам”. Прачытаў тры дні таму, а героі помняцца, помніцца атмасфера, нейкія думкі палошчацца ў свядомасці – кніга атрымалася. Не дарэмна прачытаў.
Яшчэ б хацелася адзначыць адзін момант, які мяне напачатку трохі збянтэжыў, а пасля крануў. Пралог і эпілог. Якія быццам ніяк і не звязаныя з агульным тэкстам. (Ды сувязь ёсць.) Пададзеныя гэтак жыва і натуральна, што запамінаецца і Жорык, і Светка. І іхнія жыццёвыя трагедыі. Што праўда, у кожнага – свая, і свая мерка трагедыйнасці. Зрэшты, як ва ўсіх нас…
В. Г.
І замест пастскрыптума. Цырцэя нікуды не падзелася. І гульні яе працягваюцца па сёння.