Віктар, прыём!
Тэкст прысвечаны паэзіі Віктара Сямашкі я мусіў напісаць яшчэ ў 2019 годзе па прачытанні зборніка вершаў “Ромб”. Чаму не атрымалася – пытанне складанае. Нават зараз, калі я сяджу над старонкамі чарговай кніжкі Віктара, мне цяжка сфармуляваць адносіны, якія ўнутры адчуваюцца вельмі нават цэльна і акрэслена. Таму прашу прабачэння ў паважанага спадарства, калі тэкст атрымаецца крыху сумбурным.
Пачаць прыйдзецца здалёк.
Віктар Сямашка вядомы ў беларускай культурнай прасторы праз сваю журналісцкую (асабліва вылучу фенаменальны энцыклапедычны падкаст “Кракатук”) і музычную дзейнасць (імправізацыйныя праекты і “Фантастычныя плыўцы” ў прыватнасці). Слова вядомы так і карціць узяць у двухкоссе і ў каторы раз скрушна ўздыхнуць па нашым “гета”. Але ў дадзеным выпадку можна крочыць яшчэ далей, бо дзейнасць Віктара лакалізуецца ў асобнай нонканфармісцкай рэзервацыі ўнутры самой рэзервацыі. Магчыма таму імя творцы ня так часта згадваецца ў кантэксце сучаснай беларускай паэзіі.
Вершы Віктара Сямашкі неаднойчы гучалі ў музеі Максіма Багдановіча ў суправаджэнні музыкаў, але, як я зараз разумею, гэта толькі перашкаджала мне адэкватна ўспрымаць тэксты самі па сабе. І па сапраўднаму пабачыць паэта Сямашку ў мяне атрымалася толькі па прачытанні кнігі “Ромб”, з якой катэгарычна раю пазнаёміцца ўсіх аматараў паэзіі. У ёй мне адкрыўся смелы творца – са сваім бачаннем паэзіі і разуменнем прыгожага. Успрымалася, яна якасным зрухам у развіцці паэта, таму з’яўленню чарговай кнігі “Аўтар мае рацыю заўжды” шчыра абрадаваўся. Унутраная эвалюцыя пісьменнікаў вельмі мяне займае. То лёгка патлумачыць інтарэс, спробу разабрацца – чаму я не бачыў у папярэдніх кніжках Віктара, таго, што зараз лічу цікавым і адметным. Гэта палепшыўся мой “зрок”? Альбо, вырас аўтар?
Як выявілася, новая кніжка не такая ўжо і новая. Каб праілюстраваць гэтую тэзу, я прадстаўлю бібліяграфію паэта з пазнакай гадоў напісання і з’яўлення напісанага ў друкаваным выглядзе.
Марыя S. (жнівень 2005 г. – жнівень 2006 г.) – 2006 г.
Габітацыя (кастрычнік 2006 г. – травень 2008 г.) – 2013 г.
ReRa ( другая палова 2008 г.) – 2011 г.
Аўтар мае рацыю заўжы (2009 -2011) – 2023 г.
Ромб (2012 – 2014) – 2018 г.
Такім чынам, сваім зборнікам аўтар запаўняе лакуну ў прэзентацыі ўласнай паэзіі. На гэты момант важна звярнуць увагу для лепшага разумення асобы Віктара Сямашкі, цэльнасці яго як творцы, а таксама ацэнкі цела яго паэзіі, якое мае сваю гісторыю развіцця і станаўлення.
Як і ў папярэдніх зборніках Віктар Сямашка скампанаваў творы па вершаваных цыклах. Гэтым разам: «Уяў», «Біг-біт», «Як стаць сьвятым» «Чэрап і чэлес», «Малапананапалам» «Аўтар мае рацыю заўжды» + «Паэма М».
Хаця мне гэтыя падзелы падаюцца досыць умоўнымі, бо па-першае вершы ў цыклах часта перасякаюцца па тэмах і фармальных прыкметах, а па другое калі і маюць значэнне, то неабходныя больш самому аўтару, каб абазначыць своеасаблівае “дыханне”, парцыйнасць з’яўлення серыі твораў на свет.
Адной з прычын, якія не далі мне ў свой час адгукнуцца на паэзію Віктара Сямашкі, была разгубленасць і немажлівасць падступіцца да апісання яго паэтыкі.
Інструментарый творцы сапраўды багаты. Асабліва можна вылучыць аўтарскі рытм пры пабудове радка, а таксама актыўнае выкарыстанне гукапісу, унутраных рыфмаў, смелых метафар, элементаў графічнай паэзіі.
…сонмам над Сьвіслаччу кірлі
сынам сьвішчуць арэлі…
ці,
…галава вала – валун…
ці,
…грамадзянкі грымяць
грудзей кіляграмамі…
ці,
Сонца зьлізаў
каровін язык
навальніцы
альбо,
УЧОРАКА (СІРОЧАЯ)
тутака татка
тамака матка
дзеці ёсьцека
татка ня тутака
матка ня тамака
дзеці дзесьцека
нямашака
цяперака
нікагошкі
Аўтар дазваляе сабе быць свабодным у лексіцы і асацыяцыях, нават не магу ўзгадаць іншага паэта зборнікі каторага так паслядоўна перасыпаліся б словамі похва, чэлес, клітар, дупа, цыцкі… Але ўжываюцца яны не дзеля эпатажу, альбо штучнага паніжэння “шціля”, а таму што яны ёсць… і па праву свайго існавання могуць і часам прысутнічаюць у целе тэкста як натуральная частка рэчаіснасці.
Віктар Сямашка шукае, але не заўсёды знаходзіць. Таму многія вершы так і застаюцца фармальнымі цацачкамі больш ці менш удалымі ў вачах чытача – “Міла, але міма” (В.С.).
Аўтар імкнецца да свабоды, спрабуе быць нечаканым для самога сябе і свету. Займаецца пошукам Бога ў парадаксальных спляценнях словаў. Бывае гэтая свабода спараджае не самыя эстэтычныя вобразы:
…стаўшы бывалым, пачуваесься быдлам
і з носу сыплецца счарсьцьвелы хлеб…
Часам фармулюе афарыстычныя выказванні:
яблыні
адбіваюць
пладамі
час
…і
…ты проста стаіш,
а ён гоіць…
(пра касцёл)
…і
– ці буду я пасьля сьмерці?
– будзеш, але ня ты
Уласна для мяне самымі каштоўнымі з’яўляюцца знаходкі на мяжы гэтых самых фармальных аўтарскіх пошукаў і ўнутранай крызы, калі творца адкрываецца не толькі каб прадэманстраваць праявы лексічнай свабоды, а ўласны боль, трывогу, разгубленасць – тое схаванае сваё, якое чапляе чытача, падштурхоўвае да эмпатыі і суперажывання. Праўда, здараецца гэта ў зборніку рэдка і яскравей праявілася ўжо ў кнізе “Ромб”, а пакуль перад намі разгортваюцца медытатыўныя роздумы, назіранні за сабой і навакольным светам, прадстаўленыя ў выглядзе вольных асацыяцый, замовах мовы, акцэнтацыі на “дробязях” і смелых абагульненнях.
едзем дзе?
будзем дзе?
выпадзем?
зойдзем за?
які дзень будзе?
хто пабудзіць?
якая дата?
хто вінаваты?..
ці ёсьць нейкая розьніца? –
XXI-ае хутка скончыцца,
так і не па…ІМЁНЫ
разьбіраю старыя паперкі,
што згроб з падваконьня –
нейкія нумары ды імёны:
натальлі й тацьцяны
андрэі й ляксеі
пяты пад’езд і пяты паверх
дом 27, кватэра 72
кабінэты, пакоі ды дамафоны
гадзіны й хвіліны сустрэчаў…
між тым, на вулцы штоноч
гукаюць кагось***
у вёсках Крывічы ды Парабкі –
адна агульная вуліца –
Савецкая
(зрэшты, на тую вуліцу
ўсе нашыя вёскі, мястэчкі ды месты
нанізаныя)АГРЭСТ
надзіва крытычны этап –
унутры вясна,
навокал вайна
трываю за ўдарам удар
нясу страты
дазволіў не пагадзіцца –
атрымаў у пысу
яшчэ й яшчэ
з усіх бакоў
агрэст прэМАЗАІКА
дзевяты месяц
спарадзіў плады й караняплоды
набіваем імі
мяшкі ды багажнікі
перабіраем у тазох і ваннах
аддзяляем гнільлё ад добрага
замест роўнасьці
абіраю рознасьць
замест агульнага –
асобнае
між адзінотай і згуртаваньнем –
першае
між разумнасьцю й прастатой –
апошняе
машына імкнецца да хаосу,
сэрца – да парадку
навародкі верасьня
складаюць
яблычна-бульбяную мазаіку
Непадрыхтаванаму чытачу кніга можа падацца цяжкай і гэта сапраўды так. Паэтыка тэкстаў Віктара Сямашкі густая і звернута ўнутр яе стваральніка, што вельмі ўскладняе знаёмства. Прабачце, што ўхіліўся ад разгляду і прыкладаў асабліва “складаных” твораў. Наўрад ці ў вас атрымаецца спажыць кнігу подбегам, але разам з тым яна розная і кожны абавязкова адшукае ў ёй свой верш, альбо грыгерыю, мудроную паэму, альбо мілую “драбніцу”, аголенасць плоці, альбо калыханку, альбо наўпрост моўную плынь, альбо тэкстуру з адметным узорам. Калі вы да гэтага часу, яшчэ не чыталі кніжак Віктара Сямашкі – раю звярнуцца да зборніка “Аўтар мае рацыю заўжды”, бо ў ёй гэты самы аўтар раскрываецца напоўніцу з усімі сваімі фармальнымі пошукамі, самааналізам і асаблівасцямі самапрэзентацыі.
*
дай, прабач, зрабі –
дзеясловы загаднага ладу,
ці пасуюць яны да малітвы?
можа, лепей:
люблю, веру, прымаю…