“ПАВЕР, МОЙ БРАТ, ПАВЕР, ПАВЕР”
Барбара!.. Ня толькі новага паэта знайшоў Алесь Пашкевіч, але і яшчэ адно апаэтызаванае жаночае імя.
Як не ставала гэтых радкоў:
Барбара! Ласкаю багата,
Мае ты думкі акрыляла
І песьні ранкам замаўляла…
Божая Ласка – выявіць сьвету паэта. Гэта не Алесева шанцаваньне – гэта менавіта Божая Ласка. Да творцы, які мяркуе, што ня мае сэнсу нічога выдумляць, — аддаць хоць бы даніну павагі тым, хто ў нас быў, хто ёсьць (хоць мы і ня ведаем яшчэ).
Амаль дзьвесьце гадоў праляжаць у жахлівым Сыбіру і выжыць. Вершы здольныя. Асабліва вершы, непадзельныя ад каханьня і любові.
Перадай дзяўчыне любай,
Што хлапца яе на згубу
Вялі лесам, вялі полем,
Каб ня бачыў болей волі…
Адам Сьвятарэцкі (менавіта гэта беларускі варыянт прозьвішча, Сьвянтаржэцкі – польскі!), які нарадзіўся ў 1812-м, у гімназічныя гады меў мянушку Гулівер. 196 см – ці не найвялікшы беларускі паэт?
У гімназіі Адам фармаваў два войскі: Апалона (ліцьвінскае) і Марса (расейскае). Войска Апалона на чале з Адамам амаль заўжды перамагала. Хараство, якое перамагае, — мара. Але безь яе ніяк. Ні тады, ні цяпер.
Край наш – абярэг адзіны.
Мара мар на ўсе часіны.
Мы – падпора для Айчыны!
За ўдзел ў паўстаньні 1830 года – сьмяротанае пакараньне (замененае на пажыцьцёвае высыланьне ў Сыбір).
У паўстаньні 1863-га – сьмерць ад кулі ў скронь.
І няхай захавалася крыху болей радкоў за гады, адведзеныя паэту лёсам, але ж
Павер, мой дарагі якут,
Штоноч мне сьніцца родны кут.
Касьцёл над рэчкай, нібы птаха,
Матулі кволай апранаха…Хаджу ягонымі палямі –
Вясной бацькоўскай вечна п’яны…
За такавішчам ручая
Жыве у снах душа мая.
Беларус зь цёмна-сінімі вачыма Адам Сьвятарэцкі нарадзіўся ў першы дзень вясны і бачыў ейныя сны. Сны, якія завітваюць да беларусаў усіх часоў.
Засталіся выпісаныя Адамам біблейныя цытаты, адна з іх “І я сказаў табе “Жыві!”. Аўтар укладае гэтыя словы ў вусны свайго героя перад сьмерцю. “Каму сказаў – брату? Радзіме?” Яшчэ і кнізе, якая безумоўна вартая жыцьця і жыцьцяў-перавыданьняў.
“Касьцёл над рэчкай, нібы птаха”, у Багушэвічах Бярэзінскага раёна на беразе ракі Уса, збудаваны ў палове 1840-х як фамільная капліца-пахавальня ўладальнікаў сядзібы Сьвятарэцкіх, — адна з найпрыгажэйшых бажніцаў Беларусі, у якой можна зьвярнуцца з Малітвай…
І згадаць ня толькі Адама, але і тыя імёны, якім лёсіла быць побач у кнізе Алеся Пашкевіча:
Міхаліна,
Брыгіда,
Часлаў,
Баляслаў,
Рафал,
Ганна,
Гелена,
Кароль,
Мацей,
Казімер,
Стэфа,
Анупрэй,
Эдвард,
Клемент,
Віктарын,
Тамаш,
Тадэвуш,
Багуміла,
Апалінар…
Барбара.
На жаль, фотаздымак Адама Сьвятарэцкага не захаваўся. І таму я не зьмяшчала б на вокладцы партрэт Баляслава Святарэцкага, а да выявы касьцёла Божага Цела дадала б абраз сьвятой Барбары.
Новае імя ў беларускай літаратуры – Адам Свентаржэцкі
Выйшаў нарыс “І я сказаў табе “Жыві” пра невядомага раней паэта Адама Свентаржэцкага (1812 — 1863). Аўтар нарыса пісьменнік і літаратуразнаўца Алесь Пашкевіч, знаёмы чытачам па дакументальна-мастацкіх выданнях пра У. Дубоўку, К. Каганца, А. Гаруна і іншых знакамітых творцаў.👍👍👍
У невялічкім выданні – сапраўдная сенсацыя – адкрыта новае імя ў літаратуры пп.19 ст., дзе беларускіх паэтаў можна пералічыць пайменна.🔥🔥🔥
Не ўсё з напісанага Адамам Свентаржэцкім, дайшло да нас. Вершы, якім лёсіла захавацца, заставаліся ў архіўных рукапісах; аніводнай публікацыі яго тэкстаў — ні ў газетах, ні ў асобных зборніках — раней не з’яўлялася. Як дасюль не было згадак пра паэта і паўстанца ў якіх-кольвек энцыклапедыях ці літаратуразнаўчых публікацыях.
Гэты нарыс — першая праца пра яркую і да нашых дзён невядомую асобу Адама Тамашавіча Свентаржэцкага.
(з анатыцыі)
Замовіць кнігу можна тут: https://knihi.by/paskievic-ales-i-ja-skazau-tabie-zyvi