
Шчаўкунок лічыцца зімова-каляднай гісторыяй, але я прачытала яе ў беларускім перакладзе ўвесну. То і напішу пра яе цяпер. Дарэчы, пачаўшы чытаць, усвядоміла, што ніколі менавіта казку не чытала. Але гэта той сюжэт, які ўсе ведаюць быццам бы з паветра (альбо, як я, думаюць, што ведаюць 😁)
📗 Я не чакала, што кніга мне спадабаецца, збіралася прачытаць як яшчэ адзін класічны тэкст. Бо, напрыклад, чытаць “Пінокіа” мне было даволі складана. Зашмат жорскіх момантаў, дзіўных, з сучаснага погляду, стасункаў паміж бацькамі і дзецьмі. “Шчаўкунок” у гэтым сэнсе падаўся значна больш сучасным, а бацькоўска-дзіцячыя стасункі больш здаровымі. Так, брат галоўнай гераіні часам так сабе паводзіцца, але ён прыкладна такі ж грубавата-жорсткі, як і хлопчыкі ў гісторыях Алены Васілевіч у кнізе “Вернісаж”, пра якую я надоечы пісала.
👌🏼 Чытаўся “Шчаўкунок” добра і даволі лёгка. Мне было цікава зазірнуць у тагачасныя калядныя традыцыі, у тое, як і ў што гулялі тыя дзеці, якія цацкі і лялькі для іх былі каштоўныя.
🐀 Саспенс таксама якасны, нават мяне, дарослую, трывожыла асоба хроснага і ўвесь гэты замес з мышамі. Фінал падаўся крышачку каламутным і было шкада дзяўчынку Мары, якой ніхто не верыў (і не проста не верылі, але пагарджалі і злаваліся). Але ж, Шчаўкунок вярнуў сабе чалавечае аблічча напрыканцы, а Мары займела прынамсі адну блізкую асобу, якая не будзе яе крытыкаваць за недарэчныя ўспаміны.
🎨 Ілюстрацыі да кнігі зрабіла Святлана Чакурава. Іх шмат, яны гэтакія казачныя-казачныя, крыху нагадалі мне некалькі кніг з дзяцінства. Але мне асабіста такі стыль цяпер ужо падаецца залішне казачным, асабліва напрыканцы, калі Шчаўкунок і Мары трапляюць у наскрозь ружовае Лялечнае каралеўства.
✨ Цешуся, што калекцыя класічных казак у серыі “Казкі-прыгоды” выдавецтва @otkrytaya_kniga_izd працягвае папаўняцца. Маю кнігу, дарэчы, ужо пазычалі сябры, якія пачыналі чытаць яе па-руску, але перакладаць адразу са старонкі было не вельмі проста, то яны вельмі ўзрадаваліся беларускаму перакладу.
📖 “Шчаўкунок і мышыны кароль”, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман. Выдавецтва @otkrytaya_kniga_izd, 2025. Пераклад на беларускую – Алесь Гібок-Гібкоўскі. Ілюстрацыі – Святлана Чакурава.
Калядны настрой у маю хату завітаў разам вось з гэтай цудоўнай кнігай. “Шчаўкунок і мышыны кароль” – сусветна вядомая казка Гофмана – выдадзена асобнай ілюстраванай кнігай! Якая цудоўная падзея! Шчаўкунка па-беларуску я чытала ў перакладзе Віктара Гардзея ў зборніку казак, слухала аўдыёверсію ў перакладзе Алеся Сачанкі. Аднак багата ілюстраванае яскравае выданне “Шчаўкунка…” бадай што ўпершыню адбылося, гэта цудоўная падзея! Дзякуй выдавецтву @otkrytaya_kniga_izd! Пераклаў казку паэт, перакладчык, эсэіст Алесь Гібок-Гібкоўскі. Пастараўся на славу. Як святочная ялінка, казка зіхаціць сакавітымі словамі, трапнымі выслоўямі. Хараство і захапленне!
А вы ведаеце, што Шчаўкунок не заўжды быў героем рамантычнай казачнай гісторыі? Спачатку гэта была драўляная лялька-арэхакол, ствараная як карыкатуру на прагнага барона – уладальніка руднікоў. Людзям вельмі палюбілася лялька, драўляных шчаўкункоў пачалі прадаваць на кірмашах, а з 1720 года наладзілі масавую вытворчасць цацкі.
Аднойчы Гофман убачыў на кірмашы шчаўкунка і напісаў чароўную казку, надзяліўшы Шчаўкунка новай рамантычнай гісторыяй. Згодна з ёй Шчаўкунок – зачараваны пляменнік хроснага…
Шмат гадоў Шчаўкунок лічыцца выдатным падарункам на свята Раства. Ён сведчыць пра тое, што за недарэчнай знешнасцю можа хавацца сапраўдны прынц, а закаханае сэрца і мужная душа здольныя супрацьстаяць злым чарам.
Пад маёй ялінкай ужо ёсць гэтае цудоўнае выданне. А хто мы такія, каб пазбаўляць сябе асалоды чытаць сусветна вядомы шэдэўр па-беларуску?

