Большая частка гісторый зборніка “Чорная рэчка” — пра 1990-я. Нефармалы, кароткі перыяд беларускага Адраджэння. Канфлікты з гопнікамі (у тым ліку з-за беларускай мовы). Вандроўкі ў Санкт-Пецярбург — горад любімых рок-гуртоў аўтара. І сама Чорная Рэчка, дзе калісьці адбылася дуэль паміж Пушкіным і Дантэсам. Тыя, чыё сталенне прыйшлося на гэты час, павінны памятаць пачуццё неўладкаванасці, агульную маргінальнасць, уцёкі ў алкаголь, “упіскі”, пад’езды, суворы кодэкс спальных раёнаў. Адчуць агульную атмасферу часу дапамогуць цытаты з песень “Крамы”, “Мроі” і польскага панка. Можна настальгічна ўзгадаць, якое месца тады займаў гурт “Нірвана” і наколькі сур’ёзнай падзеяй была смерць ягонага фронтмэна Курта Кабэйна: у перадапошнім апавяданні яго імя будзе ў памінальнай малітве разам з іншымі нябожчыкамі.
Настальжы як настальжы. Але Павел Каспяровіч — аўтар нечаканы: святар Пакроўскага сабора ў Гародні айцец Аляксандр. Нарадзіўся ў невялікім мястэчку Сміла ў Чаркаскай вобласці ва Украіне. Як паэт і пісьменнік друкаваўся ў рэгіянальных выданнях. Каардынатар Гарадзенскай епархіі па працы з людзьмі з алкагольнай і нарказалежнасцю.
Як сцвярджае сам аўтар, усе гісторыі заснаваны на рэальных падзеях. Улічваючы няпросты — а ў каго ён, хочацца спытаць, у 90-я гады быў простым — жыццёвы досвед святара, можна лёгка ўявіць вытокі ягоных тэкстаў.
Па структуры апавяданні падобныя да прытчаў: біяграфічны ўступ, драматычнае развіццё, прысутнасць провіду як абавязковага пятага элемента — і надзея ў канцы. Ад аповедаў застаецца дваістае ўражанне. З аднаго боку, яны раздражняюць сваім празмерным лірызмам і занадта відавочнай мараллю. З іншага, падчас чытанкі адчуваеш: такое прыдумаць нельга.
Ёсць, аднак, жаданне дастаць рэдактарскія нажніцы і прыбраць усё лішняе, пакінуць толькі кароткія фразы, як у творах амерыканскага бруднага рэалізму. У выніку кніга стала б у некалькі разоў танчэйшай, а ў тэксце без страты сэнсу адчулася б схаваная жыццёвая сіла. Але праваслаўны святар звяртаецца не да яе, а да веры.
У тэкстах Каспяровіча акрамя рэалістычнасці ёсць асабістая смеласць і давер да нас — чытачоў. Але смеласць не гераічная, а іншага складу, як у аповедзе “Дуня”. Гэта гісторыя пра страту ненароджанага дзіцяці. Усё, што звязана з жаночым арганізмам: хваробы, цяжарнасць, роды, аборт, — шмат часу заставалася табуяванай тэмай. Самі жанчыны пра гэта практычна не пішуць, тым больш не чакаеш падобнай спагады ад мужчыны.
Гісторыя Мішы Пінчука з апавядання “Дэжа вю”, калі яго падкараціць, выглядае як дакументальнае кіно: дзяцінства, малалецтва, юнацтва — ад гульні ў чу да перадазіроўкі ў наркаманскім прытоне. Менавіта ў момант перадазіроўкі перад вачыма героя апавядання праносіцца ўсё яго жыццё. Выпадкова вымаўленыя словы малітвы “Ойча наш” зноў робяць цуд, толькі калі ў дзяцінстве гэта быў выйгрыш у гульню, то зараз — міліцэйскі рэйд, “хуткая” і рэанімацыя.
Айцец Аляксандр піша пра Бога, про тое, што ён увесь час недзе побач, а чытаеш у выніку пра жыццё: жорсткае, жахлівае, дзіўнае, але ўсё роўна з надзеяй.