Час пустазелля. Ганна Янкута

Я доўга думала, як мне расказаць пра “Час пустазелля” і тое, чым для мяне сталася чытанне. Напісала, перачытала і – дзве траціны выдаліла. Паспрабую тэзісна.

📕 “Час пустазелля” стаў для мяне размовай з удумлівым сябрам, які шмат назірае, занатоўвае, рэфлексуе. Мне ў цяперашнім жыцці гэтага моцна бракуе. Я запавольвалася, дыхала глыбей і чытала дадуманыя і гожа сфармуляваныя абрыўкі маіх уласных думак.

📕 “Час пустазелля” стаў для мяне тэрапіяй. Не радыкальным вяртаннем у падзеі 2-3-гадовай даўніны, але мяккім перапражываннем ключавых з іх з сяброўскай рукой на плячы. Часам ужо падаецца, што спадчына тых падзей (трывожнасць, стомленасць, нюансы здароўя, адсутнасць побач блізкіх і сяброў) – заўсёды была са мной. Але ж не. Гэта адносна нядаўні набытак, які моцна змяніў усіх нас – і ўнутрана, і знешне. Дзякуючы кнізе, я дазволіла сабе (і знайшла час) прыгадаць сябе ранейшую.

📕 “Час пустазелля” стаў для мяне прыкладам цвярозай шчырасці. Ганна спакойна кажа пра свае страхі, сумневы, боль і тым самым дазваляе іх і чытачу. Нармалізуе. Не быць героем – нармальна, баяцца – нармальна, быць разгубленым, спустошаным і доўга збіраць сябе па кавалачках – нармальна.

📕 “Час пустазелля” – рэдкая ў беларускай літаратуры з’ява: гэта і аўтафікшн, і нонфікшн, і крышачку фікшн. Ёсць пэўная храналагічначць, але нататкі пра часовае жыццё ў Варшаве пераплятаюцца з успамінамі пра Беларусь (ад дзіцячых да нядаўніх) і з біялагічна-геалагічнымі замалёўкамі. Увесь час адчуваецца гэты кантраст – вось мільёны і мільёны гадоў, якія планета існавала без нас, і вось мы ў канкрэтнай кропцы. Мы – імгненне, але мы і частка, працяг. Для мяне гэта было кшталту медытацыі.

📕 “Час пустазелля” – галоўная кніга года для мяне. І нават не праз змест, а праз уздзеянне: чытаючы, я выключалася са сваёй мітуслівай рэальнасці, зазірала у сябе. Мне станавілася лягчэй псіхалагічна і нават фізічна. Хто ведае, можа і ў вас здарыцца з гэтай кнігай такі вось match.

kniznyja_razmovy

Пакінуць адказ