Гэта кніга быццам з майго дзяцінства: імёны, лад жыцця, адносіны паміж героямі, ілюстрацыі і сама мова! Я пачала чытаць яе сыну, здзівілася такой атмасферы, а пасля зазірнула на апошнія старонкі. І знайшла тлумачэнне: гады напісання – 1995-2021. Мяркую, кніга была напісаная ў сярэдзіне 90-х, а пасля доўга ляжала ў шуфлядзе.
📘 Мне было цікава, як будзе ўспрымаць тэкст сын, ці адчуе ён тую несучаснасць, якая для мяне мае прысмак дзяцінства. А Захар, як гэта часта бывае, спакойна прыняў тое, што мабільных тэлефонаў у тыя часы яшчэ не было (гэта пазначана на самай першай старонцы) і ўсё астатняе. Яму проста было цікава.
👨🏼👩🏻 Галоўныя героі – 10-гадовыя Светка і Віцька. Светка дужа самастойная дзяўчынка, захапляецца дэльтапланамі і большую частку свайго вольнага часу бавіць на дэльтапланавым полі. Віцька – ейны сябрук з двара. Аднойчы ў пакоі Светкі рассоўваецца сцяна і з’яўляецца маленькі хлопчык з кацінымі вусамі. Ён выглядае, як трохгадовы, але ў ягоным сусвеце яму ўжо каля 50 гадоў. З’яўляецца ён не проста так, а каб адшукаць чарадзейны крышталь, які ён сам і згубіў у нашым свеце. Было гэта ажно 25 год таму. Завуць нечаканага госця Мараш, ён вядун (найважнейшы чалавек) у сваёй краіне, якая завецца Нінавія. І яна ў бядзе: без чарадзейнага крышталя яе вось-вось захопяць атрутныя і ваяўнічыя расліны ганары.
💎 Светка пачынае дапамагаць Марашу знайсці крышталь, а пасля да іх далучаецца Віцька. Разам яны даюць рады, а потым трапляюць у Нінавію, дзе працягваюць свае прыгоды. Урэшце нас чакае хэпі-энд, але за герояў давядзецца крыху пахвалявацца.
👌🏼 Я ўвесь час адчувала дыхтоўную несучаснасць тэксту, і менавіта праз яе кніга падалася мне дужа сімпатычнай. Не ведаю, ці гэта мая ўласная настальгія па дзяцінству, ці адчуванне тэкста, які “адляжаўся”. А можа гэта проста шчыра і з любоўю напісаная гісторыя. Альбо – усё адразу 🙂
❤️ Захар час ад часу пачынаў размовы пра герояў кнігі, знаходзіў нейкія паралелі, прасіў пачытаць. Мы нават малявалі Нінавію. А гэта ўсё прыкметы таго, што кніга хлопцу спадабалася.
Не магу сказаць, што цалкам выпаў з літаратурнага працэсу, але во так атрымалася: кніга выйшла, была намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў фінал гэтай прэміі. А я толькі праз год даведваюся пра гэта, як і пра тое, што і мая кніга была ў тым фінале. Ды што я – тут сама аўтар, Вольга Шчукіна, даведалася аб намінаванні яе кнігі і поспеху яе толькі праз год.
Прыкра.
Канешне, пры першай магчымасці кнігу прачытаў.
Аповесць-казка для дзетак.
Цікавы, месцамі проста захапляльны тэкст. Арыгінальная прыдумка, і гэта пры тым, што вынайсці нешта сваё ў наш час вельмі няпроста. З традыцыйнага – карта прыдуманай краіны, яна тут дарэчы і дапамагае арыентавацца ў другой частцы кнігі.
Што драпанула трохі. Першае – імёны герояў. Верагодна, імя для дзяўчынкі – Светка – было выбрана аўтаркай невыпадкова, мабыць жа, тут нейкія асабістыя матывы. Але з гэтым устаўным -к мала якія імёны гучаць у літаратуры. Класічнае Ганька, хіба яшчэ Жэнька. Светка – падаецца не надта добра. Зрэшты, можа, працуе наша звычка?
Другое: прывязка да часу. І тым больш, прывязка праз “калгас”. Не і не, гэтага трэба пазбаўляцца пры першай магчымасці, тым больш калі гэтыя “калгасныя героі” ідуць мімаходзь, другасныя. Хай будзе проста “кіраўнік гаспадаркі”, калі не абысціся ніяк.
Ёсць яшчэ пара-тройка месцаў у тэксце, дзе б, на мой погляд, варта было больш увагі надаць тэксту пры рэдагаванні. А яшчэ б прыбраць у колькіх месцах дыдактыку, абагульненне.
Што спадабалася.
Імёны насельнікаў іншасвету. Яны нібыта і замежныя, але – не чужыя нашаму вуху, гучаць арганічна, быццам і нашыя, ды даўно забытыя. Ведаю, як гэта бывае няпроста з такімі прыдумкамі.
Ружжо на сцяне ў першым акце вельмі ўдала стрэліла ў фінале – гэта я пра захапленне дзяўчынкай дэльтапланамі.
Некаму падасца неверагодным няведанне жыхароў адной з краін, якія жылі ля мора, пра магчымасць плавання. Маўляў, так не бывае, нават у казках.
Згадаў вельмі даўняе. У юнацтве чытаў шыкоўную фантастыку, іранічную, з цыклу “Казкі для дарослых”, дык там на адной планеце жыхары яе не ведалі аб прыступках. Паўсюль былі роўныя пакатыя дарожкі – пандусы і рампы. Герой уратаваў планету ад пачвар, зрабіўшы паўсюль прыступкі і лесвіцы. Таму: мае права аўтар на такую прыдумку). Хоць тут і можна б было даць якое тлумачэнне, але і без яго мне “зайшло”.
Няблага прыдумана пра хіжыя расліны, як пагрозу для жыхароў, цудоўна – пра адзіны корань. Спадабалася пра пераўтварэнне дабра ў зло, прымусам, канешне. Ну, і наадварот. Вельмі метафарычна.
Што яшчэ адзначу… Пэўная нечаканасць: герой з іншага свету вінаваты ў згубе і той пагрозе, якая навісла над ягонай краінай. Але – землякі яго не бэсцяць і не кідаюць у турму. Іхнія землі пажыраюцца паступова ворагам, ды яны не зрабілі з героя “казла адпушчэння”. І калі ён здабывае крышталь назад – ён герой у вачах супляменнікаў. Ёсць над чым падумаць даросламу…
Цалкам – вельмі прыемная і светлая казка. Добра, што такія нараджаюцца і выдаюцца. Згадваю, як мы з сынам шукалі хоць нешта цікавае беларускае ў бібліятэцы менавіта во такое: ад беларускіх аўтараў. І крамя імён Міхася Лыньква ды Янкі Маўра што было яшчэ? Добрая (во ўсіх сэнсах) і разнастайная дзіцячая літаратура на беларускай мове – гэта тое, што нам так патрэбна, асабліва цяпер, у час стварэння пустапарожняга, дыдактычнага, прымітыўнага, але ж – “правільнага”.
Сумна трошкі ад гадоў напісання казкі – яны тут пазначаны ад 1995 да 2021. У рэальнасці, наколькі мне вядома, казка і напісался ў тым першым годзе, але ж во гэтулькі гадоў ляжала… Чаму? Мабыць, прычыны былі, мо і часткова з-за страху аўтара. Тады дарэмна баяўся, бо кніга ж атрымлася. І яна цікавая.
В.Г.